Пошук

29.03.2018 12:08   Catholic.by

«Узрадуецца пустыня і сухая зямля»

Супакой

На працягу гэтых рэкалекцый у нас была магчымасць паспрабаваць шэраг розных метадаў, каб адчуць супакой.

Прыслухоўваючыся да гукаў вакол сябе. Усведамляючы адчуванні свайго цела. Адчуваючы рытм свайго дыхання. Проста захоўваючы цішыню або ўспамінаючы месцы і хвіліны супакою. Распачынаючы малітву сёння, проста абяром адзін з гэтых метадаў.

Пабудзем некалькі хвілін у цішыні, каб праз абраны метад патрапіць у ціхае і спакойнае месца, дзе мы будзем адкрытымі для ўсяго, што хоча рабіць і казаць Бог.

Чытанне з кнігі прарока Ісаі 35,1–7

Узрадуецца пустыня і сухая зямля,
і стэп узвесяліцца і зацвіце, як шафран.
Будзе прыгожа цвісці і цешыцца,
і радавацца будзе, і спяваць.

Слава Лібану будзе дадзена яму,
гонар Кармэлю і Сарону.
Яны ўбачаць славу Пана,
веліч нашага Бога.

Умацуйце слабыя рукі,
узмацніце дрыжачыя калені.
Скажыце маладушным:
«Будзьце адважнымі! Не бойцеся!
Вось Бог ваш, помста прыйдзе;
адплата Божая.

Ён сам прыходзіць і збавіць вас».
Тады вочы сляпых будуць бачыць,
і вушы глухіх адкрыюцца.
Тады кульгавы, як алень, падскочыць,
і язык нямых усклікне радасна.

Бо пачне біць крыніца вады ў пустыні,
і патокі ў стэпах;
засохлая зямля ператворыцца ў возера;
бязводнае месца ў крыніцы вады;
логава, дзе ляжалі шакалы,
стане месцам трыснягу і папірусу.

Разважанне

Урыўкі са Святога Пісання, над якімі мы разважалі на працягу гэтых рэкалекцый, адкрылі нам, прынамсі, дзве рэчы пра пустыню. Па-першае, гэта тое месца, куды трэба ісці, калі хочаш сустрэцца з Богам. Езус і Майсей, Агар і Ізмаэль, Осія і Ісая, і ўвесь габрэйскі народ — усе яны сустрэліся з Богам у гэтых, здавалася б, пустынных месцах.

Паглыбляючы малітву, паспрабуй усвядоміць прысутнасць многіх іншых людзей, якія таксама цяпер праходзяць праз сваю пустыню, як і ты.

Яшчэ адна рэч, якую мы ўсвядомілі, — быць у пустыні цяжка. Габрэйскі народ бунтаваў, Агар губляла надзею, Езуса спакушаў д’ябал... Некаторы час паразважаем, якім чынам вобраз пустыні змяшчае ў сабе складаныя аспекты нашага жыцця.

У сённяшнім чытанні Бог абяцае, што выклікі і цяжкасці не стануць вырашальнымі, не застануцца назаўсёды. Бог запланаваў для нас будучыню, поўную надзеі. Пустыня заквітнее, і чалавечыя пакуты скончацца. Перад тым, як адказаць на Ягоныя словы, проста пераканаемся ў тым, што мы сапраўды пачулі абяцанні Бога.

Як гэтыя абяцанні ўплываюць на нашае жыццё? Што павінна здарыцца, каб мы маглі сказаць: «Бог даў мне ўсё, што абяцаў»?

Размова з Богам

Ці абяцанні з сённяшняга ўрыўка са Святога Пісання напаўняюць цябе радаснай надзеяй? А можа, здаюцца занадта прыгожымі, каб быць праўдай? Цяпер падумай, як ты можаш адказаць Пану, які гарантуе табе, што ты сваімі вачыма ўбачыш Яго славу.

Тут і цяпер, у прысутнасці Бога, назаві пустыннае месца ўласнага жыцця — няўдалыя адносіны, няспраўджаныя надзеі, шматлікія няўдачы. Папрасі Яго загаіць гэтыя месцы так, як Ён напаўняе жыццём пустыню ў прарочых словах Ісаі.

Гэты ўрывак выяўляе план Бога і заклікае тых, хто яго чуе, несці добрую навіну ўсім, хто мае ў ёй патрэбу. Ты хочаш папрасіць Бога паслаць цябе несці надзею іншым? Каму з тваіх знаёмых больш за ўсё неабходна пачуць Божыя абяцанні?

У заключнай малітве падзякуй Богу за ўсё, што ты атрымаў за малітоўны час гэтых велікапосных рэкалекцый.

***

Велікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваныя айцом езуітам Полам Нікалсанам SI і адаптаваныя для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы». Праслухаць рэкалекцыі можна таксама на «Радыё Марыя» ў суботу і нядзелю ў 20.30.

Абноўлена 29.03.2018 16:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.