Пошук

23.03.2018 11:59   Catholic.by

«І вырас ён, і пачаў жыць у пустыні»

Супакой

Памяць можа забяспечыць яшчэ адзін шлях да цішыні, якую мы шукаем на пачатку малітвы. Паспрабуйма прыгадаць месца і час, дзе мы адчувалі сябе ціха і бяспечна. Успомнім як мага больш дэталяў.

Якое гэта было месца? Чаму ты там быў? Што рабіў? Ці быў там хто-небудзь з табой? Няхай карціна таго месца і часу з'явіцца перад нашым унутраным позіркам.

Калі карціна праясніцца, наколькі гэта магчыма, застанься ў гэтым стане на некаторы час і звярні ўвагу на свае пачуцці. На тое, як ты сябе адчуваў, калі быў у тым месцы, і як ты сябе адчуваеш цяпер, прыгадваючы гэта.

Цяпер падрыхтуй сваё сэрца, каб пачуць сённяшняе чытанне з кнігі Быцця...

 

Божае слова

Кніга Быцця 21, 8–20

Дзіцё вырасла і было адлучана ад грудзей. Абрагам жа наладзіў вялікую гасціну ў той дзень, калі Ісаак быў адлучаны ад грудзей.

Убачыла Сарра, што сын Агары егіпцянкі, якога яна нарадзіла Абрагаму, насміхаецца над Ісаакам. І сказала яна Абрагаму: «Выгані гэтую нявольніцу і Яе сына, бо не будзе спадкаемцам гэты сын нявольніцы з маім сынам Ісаакам». І палічыў гэта Абрагам даволі непрыемным для сына свайго.

Але Бог сказаў Абрагаму: «Не засмучайся з-за хлопца і нявольніцы тваёй. Ва ўсім, што скажа табе Сарра, слухайся голасу яе, бо ад Ісаака будзе названа тваё патомства. І ад сына нявольніцы Я выведу народ, бо ён твой нашчадак».

Абрагам устаў на світанні, узяў хлеб і мех вады і даў Агары, усклаўшы ёй на плечы, і адаслаў яе разам з дзіцём. І яна пайшла, і заблукала ў пустыні Бэрсаба. А калі скончылася вада ў мяху, яна пакінула дзіця пад адным з кустоў, пайшла і села здалёк, на адлегласці лучнага стрэлу, бо сказала: «Не хачу бачыць смерці дзіцяці». І села насупраць, узняла лямант і заплакала.

А Бог пачуў голас хлопца. І анёл Божы з неба паклікаў Агар, і сказаў ёй: «Што з табою, Агар? Не бойся, бо пачуў Бог голас хлопца адтуль, дзе ён быў. Устань, падымі хлопца і вазьмі яго за руку, бо Я выведу з яго вялікі народ».

І Бог адкрыў яе вочы, і яна ўбачыла калодзеж з вадою, і пайшла, наліла ў мех вады і напаіла хлопца. І Бог быў з хлопцам. І вырас ён, і пачаў жыць у пустыні, і стаў лучнікам.

Разважанне

Агар і Ізмаэль пачалі гэтую гісторыю бяспечна ў доме Абрагама. Факты сведчаць аб тым, што Абрагам іх любіў і клапаціўся пра іх. Але вельмі хутка жонка Абрагама Сарра пачынае раўнаваць і заклікае выдаліць гэтых двух з ягонага жыцця. Паспрабуй уявіць сабе пачуцці Агары, калі яна выпраўляецца ў пустыню з сынам.

Неўзабаве ежа і вада ў Агары заканчваюцца. У гэты час яна блізкая да адчаю і чакае толькі смерці. Ці можаш прысесці побач з ёю ў найцяжэйшы момант яе вандравання?

Раптам Бог адкрывае ёй вочы, і яна бачыць калодзеж. Што гэта значыць для Агары, для яе сына Ізмаэля і для цябе, калі ты назіраеш за імі?

Ізмаэль вырастае ў пустыні, ён прыстасоўваецца да гэтага асяроддзя і вучыцца знаходзіць там усё, што яму трэба. Якім ты ўяўляеш сабе Ізмаэля, здольнага выжыць і дасягнуць поспеху ў гэтых складаных умовах?

Размова з Богам

У гэтай частцы малітвы, якая заахвочвае да размовы, ты мог бы прысвяціць крыху часу, каб пагаварыць з кожным з галоўных герояў, спытаўшыся ў iх пра тое, чаму яны так рэагавалі і як яны сябе адчувалі падчас усіх згаданых падзеяў. Чаму б не пачаць з Сарры, жонкі Абрагама, якая першай патрабуе, каб Агар і яе сын зышлі прэч?

Далей можна пагутарыць з Абрагамам. Выглядае так, нібы ён вымушаны выбіраць паміж гэтымі дзвюма жанчынамі і двума сынамі. Што ён робіць у гэтай сітуацыі?

Падарожжа Агары ў гэтым кароткім урыўку нагадвае амерыканскія горкі. Што б ты хацеў сказаць ёй у розныя моманты жыцця?

А што наконт Ізмаэля, маладога чалавека, здольнага прайсці свой шлях праз пустыню? Як бы магла выглядаць ваша сустрэча з ім праз некалькі гадоў пасля таго, як усе гэтыя падзеі адбыліся?

І нарэшце, Пісанне заклікае нас распазнаць Бога, які дзейнічае ў гісторыі і жыцці кожнага чалавека. Ён выконвае ўсе абяцанні, якія даў. Распавядзі Богу аб усім, што ты ўбачыў падчас гэтай малітвы.

***

Велікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваныя айцом езуітам Полам Нікалсанам SI і адаптаваныя для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы». Праслухаць рэкалекцыі можна таксама на «Радыё Марыя» ў суботу і нядзелю ў 20.30.

Абноўлена 23.03.2018 21:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.