Пошук

15.03.2018 08:05   Catholic.by

«Гэта хлеб, які Пан даў вам для спажытку» (пар. Зых 16, 15)

Супакой

Згодна з досведам многіх людзей, добры спосаб засяродзіцца — звярнуць увагу на дыханне. Важна не спрабаваць змяніць структуру і рытм дыхання. Проста на працягу наступных некалькіх хвілін звярні ўвагу на тое, як ты ўдыхаеш і выдыхаеш.

Па-габрэйску слова «дыханне» таксама азначае «дух». Уяві, як глыбока ў табе дзейнічае Святы Дух, калі ты ўдыхаеш, і як Ён выцясняе ўсё, што можа стаяць паміж табой і Богам, калі выдыхаеш.

Сёння мы слухаем урывак з кнігі Зыходу

Чытанне з кнігі Зыходу 16, 1–4. 13–15

Сыны Ізраэля вырушылі з Эліма. І ў пятнаццаты дзень другога месяца пасля зыходу з егіпецкай зямлі ўся супольнасць сыноў Ізраэля прыбыла ў пустыню Сін, што знаходзіцца паміж Элімам і Сінаем.

І пачала ўся супольнасць наракаць у пустыні. І казалі сыны Ізраэля супраць Майсея і Аарона: «Лепш бы мы загінулі ад рукі Пана ў зямлі егіпецкай, калі сядзелі пры катле з мясам і спажывалі ўдосталь хлеба. Вы прывялі нас ў гэтую пустыню, каб замарыць голадам увесь сход?»

Тады Пан сказаў Майсею: «Вось Я пралью на вас хлеб з неба. І штодня народ будзе выходзіць і збіраць, колькі трэба на дзень, каб Мне выпрабаваць яго, ці будзе ён паступаць супраць Майго Закону, ці не».

Увечары наляцелі перапёлкі і пакрылі ўвесь стан, а раніцай раса лягла вакол лагера.

Калі ж раса знікла, над паверхняй пустыні з’явілася нешта дробнае і зярністае, нібы іней над зямлёю. Убачыўшы гэта, сыны Ізраэля казалі адзін аднаму: «Што гэта?» Бо яны не ведалі, што гэта. Тады Майсей сказаў ім: «Гэта хлеб, які Пан даў вам для спажытку».

Разважанне

Калі вы ўжо сачылі за нашымі велікапоснымі разважаннямі раней, пачатак гэтага ўрыўка можа падацца знаёмым. Гэтак жа, як у чытанні, над якім мы разважалі мінулы раз, народ Ізраэля ўсё яшчэ вандруе па пустыні. Яны зноў незадаволеныя і зноў наракаюць на Майсея. А ў нашых адносінах з Богам ці не гучаць часам такія ж ноткі прэтэнзіі: «Ну вось, і зноў?»

Нягледзячы на гэта, Бог адказвае на нараканні выбранага народа абяцаннем даць ім усё, што неабходна. Яны не памруць ад голаду ці смагі нават у вельмі жорсткіх умовах. Успомні, чым і як Бог задаволіў усе твае патрэбы ў цяжкія часы.

Спачатку людзі не могуць зразумець, што за дзіўнае рэчыва пакрыла іхні лагер. Гэта была ежа, якую абяцаў ім Бог. Я таксама часам малюся аб нечым і ўсё ж не магу распазнаць спосаб, якім Бог адказвае на маю малітву. Ці знаходзіш такія ж прыклады ва ўласным жыцці?

Штодня Бог дае тое, у чым людзі маюць патрэбу ў гэты дзень. Яны не могуць назапашваць гэты дар, але павінны верыць, што назаўтра Бог дасць больш, чым ім патрэбна. Што значыць спадзявацца на Пана так, каб верыць, што Ён і далей дасць табе ўсё, што табе неабходна?

Размова з Богам

Сярод таго, чаму вучыць нас Божае слова, над якім мы разважалі на мінулым тыдні і сёння, варта адзначыць асобна адну рэч: Бог не пакіне нас з прычыны нашых нараканняў. Ці ёсць у нашым жыцці або ў свеце штосьці такое, на што нам хочацца паскардзіцца сёння Богу? Калі так, то чаму б не скарыстацца момантам і не зрабіць гэта зараз?

Вядома, што сапраўдная размова павінна быць узаемнай. Як Бог адказвае на твае скаргі?

Падумай пра ежу, якую ты спажываў або будзеш спажываць сёння. У рэшце рэшт, ежа сама па сабе — дар Бога для цябе. Бог дае табе тое, што патрэбна сёння, гэтак жа, як Ён адказвае і на патрэбы габрэйскага народу. Прымаючы гэтую ежу як дар, што ты адкажаш Богу?

Ці табе лёгка ва ўсім спадзявацца на Бога? Верыць у тое, што заўтра Бог зноў дасць табе ўсё патрэбнае? Напрыканцы гэтай малітвы распавядзі Богу пра свой давер або пра недахоп ці нават адсутнасць даверу.

***

Велікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваныя айцом езуітам Полам Нікалсанам SI і адаптаваныя для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы». Праслухаць рэкалекцыі можна таксама на «Радыё Марыя» ў суботу і нядзелю ў 20.30.

Абноўлена 15.03.2018 13:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа