Пошук

08.03.2018 16:37   Catholic.by

«Навошта вывелі нас з Егіпта, каб мы памерлі ў пустыні?»

Супакой

У тым, каб супакоіць розум, можа дапамагчы заспакоенае цела! На пачатку малітвы прымем камфортную позу на некалькі хвілін: стоячы ці седзячы, укленчыўшы або лежачы. Паэксперыментуем, каб знайсці такое становішча цела, якое найлепш падыходзіць нам.

Калі зручная пастава знайшлася, проста заставайся ў ёй і атрымлівай ад яе асалоду на працягу некалькіх хвілін, перш чым пачнеш рухацца далей.

Сёння мы паслухаем урывак з Кнігі Лічбаў.

Чытанне з Кнігі Лічбаў 21, 4-9

Габрэі вырушылі ад гары Гор па шляху да Чырвонага мора, каб абысці зямлю Эдом. І людзі ў дарозе пачалі губляць цярплівасць. Яны казалі супраць Бога і супраць Майсея: «Навошта вывелі нас з Егіпта, каб мы памерлі ў пустыні? Бо няма хлеба, няма вады, і надакучыла нам гэтая нікчэмная ежа».

Тады спаслаў Пан на людзей ядавітых змеяў, якія кусалі народ, і шмат людзей з Ізраэля памерла. Прыйшлі людзі да Майсея і сказалі: «Зграшылі мы, бо казалі супраць Пана і супраць цябе. Памаліся да Пана, каб Ён аддаліў ад нас змеяў». І памаліўся Майсей за народ.

І сказаў Пан Майсею: «Зрабі сабе змея і павесь яго на жэрдзі. Тады кожны ўкушаны, калі паглядзіць на яго, застанецца жыць». І зрабіў Майсей меднага змея, і ўзняў яго на жэрдзі. А калі ядавітая змяя кусала чалавека, ён глядзеў на меднага змея і заставаўся жывы.

Разважанне

Пустыня, якая апісваецца ў сённяшнім чытанні, — непрыемнае месца. Там няма ні ежы, ані вады, і людзі паміраюць на шляху да Богам абяцанай зямлі, які здаецца ім бясконцым. Ці можаш ты ўявіць, як гэта: апынуцца ў такой сітуацыі?

Людзі рэагуюць, шукаючы вінаватага. Яны абвінавачваюць Майсея, які прывёў іх у пустыню з Егіпта. Раней ён быў для іх героем, а цяпер з’яўляецца ліхадзеем. Магчыма, ты назіраеш падобную зменлівасць у грамадстве або нават ва ўласным жыцці?

Бог спасылае на народ ядавітых змеяў як пакаранне за непаслухмянасць. Не так проста суаднесці гэта з вобразам любячага, цярплівага і міласэрнага Бога, якога Езус называе Айцом. Што ты думаеш аб гэтым? Як спрабуеш зразумець?

Нават тут Божае пакаранне не з’яўляецца неабмежаваным. Бог сам дае людзям паратунак.  Цябе здзіўляе заканчэнне ўрыўка з Кнігі Лічбаў?

Узнесены на жэрдзі змей з'яўляецца правобразам Езуса Хрыста, узнесенага на дрэве крыжа (гл. Ян 3,14-15)

Размова з Богам

Ці быў у нашым жыцці час, калі мы адчувалі, што не хочам мець больш нічога супольнага з Богам? Калі падавалася, што вера вядзе нас у нікуды, і рэлігія выглядала праблемай, а не каштоўнасцю? Цалкам магчыма, такі стан блізкі да таго, што ты адчуваеш сёння. Ці можаш прысвяціць хвіліну ці дзве, каб распавесці Богу, што гэта значыць для цябе?

А табе асабіста — ці здараецца вінаваціць у сваіх непрыемнасцях кагосьці іншага? Магчыма, ты меў ці маеш падставы так рабіць, а магчыма, проста выкарыстоўваеш іншых у якасці «казла адпушчэння». Незалежна ад таго, мелі яны рацыю ці памыляліся, зараз памаліся ў патрэбах гэтых людзей.

Напрыканцы сённяшняга чытання народ шукае прабачэння ў Бога, і Бог даруе яму. Цяпер добры час, каб прасіць у Бога прабачэння, калі ты адчуваеш перад Ім віну, або дзякаваць Богу за тое, што Ён дараваў табе правіны ў мінулым.

Народ Ізраэля крочыў праз пустыню яшчэ на працягу многіх гадоў пасля гэтага выпадку. Завяршаючы малітву, папрасі ў Бога тое, што табе найбольш патрэбна, бо твой уласны шлях працягваецца.

***
Велікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваныя айцом езуітам Полам Нікалсанам SI і адаптаваныя для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы». Праслухаць рэкалекцыі можна таксама на «Радыё Марыя» ў суботу і нядзелю ў 20.30.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.