«Я прывяду яе ў пустыню»
Супакой
Існуюць розныя метады і тэхнікі паляпшэння засяроджанасці падчас малітвы. Сёння паспрабуем прыслухацца да сваіх адчуванняў у розных частках цела.
Адчуем цяпло ці холад, дотык адзення і нават паветра да сваёй скуры. Павольна рухайся з галавы да ног і звяртай увагу на ўсе свае адчуванні.
Пасля таго, як «пройдзешся» так па целе некалькі разоў, спыні сваю ўвагу на якім-небудзь ціхім месцы ўнутры сябе. Затрымайся ў гэтым месцы супакою на некаторы час, перш чым рухацца далей і пачуць чытанне з кнігі прарока Осіі.
Чытанне кнігі прарока Осіі.
Ос 2, 16. 17b–18. 21–22
Вось прывяду няверную абранніцу ў пустыню і буду прамаўляць да яе сэрца. І там заспявае яна, як у дні маладосці сваёй і як у дні выйсця свайго з зямлі егіпецкай. І ў той дзень, — кажа Пан, — ты будзеш клікаць Мяне «Муж мой», і не будзеш больш звяртацца да Мяне «мой Баал». Я заручуся з табою навекі; заручуся з табою ў справядлівасці і правасуддзі, у міласці і міласэрнасці. Заручуся з табою ў вернасці, і ты пазнаеш Пана.
Разважанне
У некаторых перакладах Бібліі гэты ўрывак пачынаецца з таго, што Бог «пераконвае» кагосьці прыйсці ў пустыню. Іншыя пераклады, як, напрыклад, гэты, кажуць, што Бог «прыводзіць» або «вабіць». Зразумела, што Бог не выкарыстоўвае сваю моц дзеля прымусу, але хоча прыцягнуць свой народ, каб ён быў з Ім. Ці падобна гэта да нашага досведу, калі Бог звяртаецца асабіста да нас?
Нягледзячы на тое, што ўрывак распавядае аб адносінах паміж Богам і народам Ізраэля, у ім прыведзены вобраз прымірэння паміж мужам і жонкай. Што гэта кажа нам пра тое, як Бог паступае з тымі, каго Ён любіць… з намі ?
У сённяшнім урыўку згадваецца час, калі гэтая сувязь была мацнейшай, і выказваецца надзея, што так можа быць ізноў. Ці можам прыгадаць дні, калі мы адчувалі, што нашы адносіны з Богам моцныя і трывалыя? Ці адчувалі мы сябе ў бяспецы? Магчыма, ты адчуваеш блізкасць Бога менавіта ў цяперашні перыяд свайго жыцця, а можа быць і так, што ты спадзяешся на аднаўленне гэтых адносін у хуткім часе.
Можна заўважыць, што адносіны з Богам складаюцца з чатырох элементаў: справядлівасць, правасуддзе, міласць і міласэрнасць. Які з іх уяўляецца сёння найбольш важным для цябе?
Зварот да Пана
Прарок Осія малюе Бога, які запрашае нас у пустыню, у ціхае месца, каб паразважаць пра стан адносін з Ім. Які твой першы адказ на гэтае запрашэнне? Ты жадаеш пайсці? Ты прымаеш прапанову Бога?
Прысутная, вядома, нотка шкадавання ў гэтым урыўку, а менавіта: позірк у мінулае, калі адносіны паміж Богам і людзьмі былі лепшымі. Ці гэта датычыць і нас таксама? Паспрабуем адкрыта пагаварыць з Богам аб тым, што прамінула і што адбываецца цяпер паміж намі і Ім.
Але тое, што нашмат важнейшае за жаль, — гэта надзея. Бог спадзяецца на паяднанне і мае намер дамагчыся яго. Адносіны паміж Богам і людзьмі, паміж Богам і табой будуць яшчэ мацнейшымі, чым гэта было раней. Адчуйма самі гэтую ўпэўненасць, цалкам давяраючыся Богу.
У апошніх словах урыўку са Святога Пісання гучыць абяцанне, што «ты пазнаеш Пана».
Цяпер, калі малітва падыходзіць да заканчэння, зададзім Богу свае пытанні, спытаемся аб тым, што б мы больш за ўсё хацелі даведацца пра Яго ў бліжэйшыя дні.
***
Велікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваныя айцом езуітам Полам Нікалсанам SI і адаптаваныя для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы». Праслухаць рэкалекцыі можна таксама на «Радыё Марыя» ў суботу і нядзелю ў 20.30.