«У пустыні падрыхтуйце дарогу Пану» (Іс 40, 3-5)
Супакой
У нашым поўным клопатаў жыцці можа спатрэбіцца пэўнае намаганне, каб знайсці месца цішыні, месца супакою. Дзіўна, але, каб адшукаць такое месца, часам трэба прыгледзецца да таго шуму, які перашкаджае нам.
Такім чынам, распачнём гэтую малітву з пералічэння ўсяго, што чуем: гукі дарожнага руху, галасы людзей, шум ветру ў дрэвах, гудзенне электрычных прыладаў. Колькі розных гукаў здолеем назваць, калі звернемся да кожнага з іх паасобку?
Пералічыўшы ўсе гукі, проста дазволім нашай увазе адысці ад іх. Але не трэба прыкладаць вялікіх высілкаў, каб «заблакаваць» іх. Яны могуць працягвацца, а наша ўвага няхай скіруецца да слоў Святога Пісання, якія нясе нам прарок Ісая.
Чытанне з кнігі прарока Ісаі (Іс 40, 3–5)
Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце ў стэпе шлях нашаму Богу!
Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца, і выбоістыя дарогі стануць раўнінай, і ланцугі гор — далінаю.
І з’явіцца слава Пана, і адначасова ўбачыць яе кожнае цела,
бо так сказалі вусны Пана.
Разважанне
Гэты ўрывак пачынаецца раптоўна і нават крыху дзіўна: «Голас таго, хто кліча ў пустыні». Чый голас? Нам не тлумачаць. Пазней гэтыя словы скажа Ян Хрысціцель. Але цяпер, паводле слоў прарока Ісаі, мы не ведаем, хто гаворыць. Якое наша першае ўражанне ад голасу і таго, што ён кажа? Для нас гэта словы запрашэння ці пагрозы, ці таямнічага абяцання? Можа, мы чуем нешта іншае?
Голас кажа пра будаўніцтва вялікай дарогі, шляху, які будзе пракладзены, нягледзячы ні на што. Магчыма, мы можам уявіць сабе гэту дарогу як аўтамагістраль ці аўтастраду, якая перасякае ўсю краіну. Знойдзем хвілінку, каб уявіць, як разгортваецца гэтая сцэна.
Але дарога не звычайная. Яна завецца «шляхам Бога».
Прарок чакае, што Бог будзе падарожнічаць гэтым шляхам і прыйдзе да кожнага чалавека. Нішто не стане перашкодай для сустрэчы. Як ува мне адгукаецца перспектыва набліжэння Бога менавіта да мяне?
Ісая не гаворыць, што сустрэча будзе сам-насам, але ніхто з людзей не пазбегне яе. Задумаемся на хвіліну аб сваіх сябрах, родных, суседзях, якія далучаюцца да нас на гэтай дарозе да Бога. Якім чынам іх прысутнасць уплывае на нашы пачуцці?
Размова з Богам
Урывак пачынаецца з голасу, які кліча. Голас запрашае да размовы. Які адказ нараджаецца ў маім сэрцы? Што я найперш хачу сказаць таму голасу, пачутаму прарокам?
Голас абяцае, што Бог прыйдзе, каб сустрэць свой народ, прыйдзе сустрэцца з намі, і не будзе нічога, што б Яго спыніла. Знойдзем хвілінку, каб сказаць Богу, як мы ставімся да магчымасці такой сустрэчы.
Магчыма, словы прарока Ісаі дапамаглі нам усвядоміць перашкоды, якія, як мы мяркуем, стаяць паміж намі і Богам. Калі гэта так, то звернемся да Бога, які абяцае знішчыць усе бар’еры.
Цяпер, калі час сённяшняй малітвы набліжаецца да канца, падумаю, што я, мае сябры, сям’я і суседзі маглі б сказаць Богу, стоячы на шляху, які адкрыўся перад намі.
***
Велікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваныя айцом езуітам Полам Нікалсанам SI і адаптаваныя для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы».