Пошук

18.01.2018 09:51   Мілена Кіндзюк / Пераклад: Ганна Шаўчэнка / Паводле: «Niedziela» / Catholic.by

«Вы не перажывяце гэтых родаў, зрабіце, калі ласка, аборт», — гэтыя словы ад свайго ўрача пачула Эмілія Вайтыла, калі выявілася, што яна чакае дзіця.

Нягледзячы на гэта, яна вырашыла нарадзіць. Жанчына пражыла яшчэ дзевяць гадоў пасля нараджэння Караля — будучага Папы Рымскага Яна Паўла ІІ.

***

Была восень 1919 года. Эмілія разам са сваім мужам Каралем Вайтылам і сынам Эдмундам ужо шэсць гадоў жыла ў Вадавіцах і ўжо амаль год — у арандаваным памяшканні на вуліцы Касцёльнай. Яна была вельмі шчаслівая, калі даведалася, што зноў чакае дзіця.

Эмілія доўга не магла зацяжараць. Сыну Эдмунду было ўжо 13 гадоў. Дачушка Вольга, якая нарадзілася за тры гады да гэтага, пражыла толькі 16 гадзін. Эмілія вельмі балюча перажыла яе смерць. Яна пачынала непакоіцца, ці зможа ўвогуле яшчэ раз зацяжараць, тым больш што ёй было ўжо 36 гадоў. Але яна моцна хацела, каб у Эдмунда быў брат або сястра. І вось урэшце сям’я павялічыцца. Эмілія была шчаслівая.

Аднак ідылія працягвалася нядоўга.

Яна вельмі хацела жыць

Ад доктара, вядомага вадавіцкага гінеколага і акушэра, Эмілія пачула дыягназ, які гучаў нібы прысуд: цяжарнасць у небяспецы. Доктар сказаў, што яна не даносіць дзіця і няма шанцаў нарадзіць яго жывым. А калі дзіця і народзіцца, то коштам жыцця маці. Для таго, каб уратаваць сябе, Эмілія павінна была пазбавіцца ад зачатага дзіцяці, — рашуча паведаміў ёй доктар. «Вы не перажывяце гэтых родаў, зрабіце, калі ласка, аборт», — патлумачыў ён.

Эмілія была ў шоку. Яна павінна забіць дзіця, якое носіць у сабе? Хіба яе жыццё важнейшае за жыццё дзіцяці? Кожнае жыццё мае аднолькавую каштоўнасць. І кожнае — святое. У гэта яна глыбока верыла. Але пры гэтым Эмілія ўсведамляла, што яе жыццё таксама вельмі патрэбнае.

У яе быў сын Эдмунд, якому было ўсяго 13 гадоў. Яшчэ зусім дзіця. Як ён справіцца без маці? Эмілія памятала, што столькі ж гадоў было і ёй, калі памерла яе мама. Ведала, як цяжка быць напалову сіратою, і ні за што на свеце не хацела, каб яе дзіця мела такі лёс.

А што будзе, калі абое — і яна, і дзіця — не перажывуць родаў? У Эдмунда не будзе ні маці, ні брата або сястры. І што будзе з яе мужам? Яна зробіць яго ўдаўцом? Але ж у іх было яшчэ столькі сумесных планаў!

Скончылася вайна, Польшча стала незалежнаю, яе сын Эдмунд пасля двух гадоў школы ў Верхняй Аўстрыі быў цяпер з ёю дома, рос здаровым, добра вучыўся. Муж арандаваў новае, большае памяшканне. Жыццё пачынала стабілізавацца.

Эмілія хацела жыць. Яна вельмі хацела жыць.

Ужо пасля першай размовы з мужам не сумнявалася: яна народзіць гэтае дзіця! Яно мае права жыць. Калі будзе патрэбна, то дзіця дасць сабе рады, а яна павінна толькі даць яму магчымасць. А калі штосьці станецца, значыць такая воля Божая.

Немагчымае стала магчымым

Другі сын Эміліі нарадзіўся 18 мая 1920 г. прыкладна а 17-й гадзіне. У той дзень у Вадавіцах было незвычайна горача для гэтай пары года. Тэмпература даходзіла нават да трыццаці градусаў. Да таго ж было душна. Эмілія ляжала на ложку ў сваім доме. Калі родавыя схваткі сталі мацнейшыя, яна папрасіла акушэрку адчыніць вокны. Ёй патрэбна было больш паветра. І больш сілаў.

Калі набліжалася 17-я гадзіна, раздаўся касцёльны звон, а потым пачуўся спеў Ларэтанскай літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі: жыхары Вадавіцаў, як заўжды ў маі гэтаю парою, удзельнічалі ў маёвым набажэнстве.

Збег акалічнасцяў? Прадказанне цуду? Менавіта ў гэты момант дзіця Эміліі прыходзіла ў свет. Яна нарадзіла яго, слухаючы спеў Літаніі да Маці Божай. Нібы Хтосьці з вышыні дапамагаў у гэтых родах.

Нарадзіўся цудоўны хлопчык. А дакладней, хлопец. Ён быў надзвычай дужы, моцны, здаровы. І моцна плакаў, нібы хацеў перакрычаць людзей, якія спяваюць Літанію ў касцёле, што знаходзіўся непадалёк.

Калі акушэрка паклала немаўля на грудзі маці, яна ўбачыла, што па шчоках Эміліі цякуць слёзы, а на твары з’явілася шырокая ўсмешка. Маці адчувала радасць, узрушанасць і шчасце, бо стаўся цуд. І дзіця, і яна жывыя.

...Аднойчы ў гадавіну свайго нараджэння Ян Павел ІІ сказаў, калі быў у адной з італьянскіх парафій: «Я нарадзіўся паміж 17-ю і 18-ю гадзінамі, у той самы час, у які праз 58 гадоў быў выбраны Папам Рымскім».

Працяг матэрыяла чытайце на ave-maria.by

Абноўлена 18.01.2018 14:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця