Пошук

17.01.2018 11:03   deon.pl / Пераклад і адаптацыя: Ілья Лапато

Нечаканая смерць салісткі The Cranberries Далорэс О’Рыардан засмуціла многіх яе прыхільнікаў па ўсім свеце. Ірландская спявачка памерла ва ўзросце 46 гадоў у гатэлі ў Лондане 15 студзеня.

У брытанскай сталіцы яе гурт знаходзіўся на гастролях, яны запісвалі новы матэрыял.

Папулярнасць прыйшла да Далорэс у 1990-х, калі пасля праслухоўвання яе ўзялі ў гурт The Cranberries. Вакалістка здзіўляла нетыповым тэмбрам голасу, а першыя напісаныя ёю песні сталі хітамі (напр. Linger).

Далорэс паходзіла з традыцыйнай ірландскай сям’і. Была каталічкай. Маці назвала яе ў гонар Маці Божай Балеснай (María de los Dolores). Дзяўчынка часта прыгадвала, як важная ў яе жыцці вера. У яе доме постаць Яна Паўла ІІ была гераічнай. Яшчэ дзіцём яна прысутнічала на сустрэчы з Пантыфікам падчас яго пілігрымкі ў Ірландыю.

Яна вельмі хацела сустрэцца з ім асабіста. Атрымалася гэта ў яе двойчы — у 2001 і 2002 гадах. Папа Ян Павел ІІ быў пад вялікім уражаннем ад артысткі. Святы Айцец казаў, што вера мае вялікі ўплыў на творчасць Далорэс і гэта яму імпануе.

Пасля сустрэчы з Пантыфікам артыстка прызналася: «Ён быў сапраўды цудоўным, вельмі святым. Думаю, ён сапраўды клапоціцца пра бедных і любіць сустракацца з людзьмі». Пазней Далорэс была на аўдыенцыі ў папы Бэнэдыкта XVI, яе неаднаразова запрашалі выступіць у Ватыкане.

Апошні раз — у 2013 годзе па просьбе папы Францішка. Тады яна спявала падчас святочнага канцэрту.

У 1995 годзе Далорэс выступіла на адной сцэне з Лучана Павароцці падчас дабрачыннага канцэрту ў Мадэне. Павароцці быў так захоплены артысткай, што запрасіў яе да супольнага выканання Ave Maria.

Сярод прысутных тады была прынцэса Дзіяна, якую так расчуліла тое выкананне, што яна захацела сустрэцца з артыстамі. Далорэс яна сказала, што плакала на яе выступленні. Уражлівасць артысткі нагадала прынцэсе пра памерлую маці, якая вельмі любіла спеў Ave Maria.

На жаль, жыццё Далорэс не было ўвесь час такім бесклапотным. Ва ўзросце васьмі гадоў яна перажыла сексуальны гвалт, які пасля працягваўся яшчэ чатыры гады. Пра гэта яна раскажа праз шмат гадоў у інтэрв’ю. Яе бацькі не ведалі: маці заўсёды працавала, а бацька моцна хварэў. Такой сітуацыяй скарыстаўся «сябар» сям’і...

Гэтыя падзеі вельмі моцна паўплывалі на дзяўчынку. Яна пакутвала ад дэпрэсіі і анарэксіі. Ёй прыходзілася доўга лячыцца, але вера дапамагала ёй у барацьбе з перажытай трагедыяй.

«Я лічыла, што гэта мая віна, але я перамагла гэта. Я хавалася ад сораму. Думала: о мой Божа, якая я брыдкая і жахлівая. Калі я стала папулярнай, было яшчэ горш».

Усё змянілася, калі яна пазнаёмілася з будучым мужам Донам Бартанам. У 1994 годзе яны пабраліся шлюбам. Далорэс стала маці і шмат разоў падкрэслівала, што дзеці ўратавалі яе жыццё ад безнадзейнасці.

Яна прысвяціла сябе іх выхаванню, але не адмаўлялася ад музыкі. «Дзеці былі ключавым момантам у маім працэсе аздараўлення», — казала О’Рыардан.

У 2011 годзе яна вельмі балюча перажывала смерць бацькі. У 2014 годзе распаўся яе шлюб — пасля 20 гадоў сумеснага жыцця муж пакінуў яе адну. Усё гэта прывяло да панічных атак у артысткі.

Той час Далорэс прыгадвала так: «Манія пераследавала мяне каля трох месяцаў, а пасля зноў вярнулася дэпрэсія». Жанчына прызналася, што думала пра самазабойства, але сям’я і вера надавалі ёй незвычайную сілу, таму падобныя спакусы спявачка адкідала.

«Касцёл уплываў на маё развіццё як артысткі і музыканта. Дзякуючы Касцёлу я шмат чаму навучылася. Ён заўжды быў добрым і прыемным момантам у маім жыцці», — казала Далорэс.

Абноўлена 17.01.2018 14:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.