Разважаючы пра Каталіцкі Касцёл, мы можам параўнаць яго з месяцам. Месяц не мае свайго ўласнага святла. Ён атрымлівае святло ад сонца, без якога запанавала б поўная цемра.
Месяц ззяе, але яго святло не належыць яму. Зонды на Месяцы і астранаўты паказалі, што месяц з’яўляецца не чым іншым, як камяністай пустэчай, падобнай да пустыні. Яны пабачылі скалы і пяскі, карціну, што радыкальна адрозніваецца ад таго вобразу, які склаўся ў нас з даўніх часоў. Месяц сам па сабе — не што іншае, як скалы і пяскі, але ён адбівае святло.
Ці гэта не дакладны вобраз Касцёла? Кожны, хто вывучае яго і паглыбляецца ў яго, таксама, як і на Месяцы, нічога не адкрые, акрамя пустэчы, пяскоў і скал — чалавечых слабасцяў. Бясспрэчным з’яўляецца той факт, што нават калі Касцёл — гэта пясок і каменне, аднак па Божай міласці ён з’яўляецца Святлом.
Я католік таму, што я веру, што зараз, як і ў мінулым, незалежна ад нас, Пан Бог падтрымлівае Касцёл і мы не можам прабываць ля Яго, не прабываючы ў Яго Касцёле. Я належу да Каталіцкага Касцёла, бо насуперак усяму я веру, што гэта Яго Касцёл, а не «наш».
Гэта Касцёл, які насуперак усёй чалавечай недасканаласці, якая існуе ў ім, прыводзіць нас да Езуса Хрыста. Толькі дзякуючы дапамозе Касцёла я магу знайсці Яго — жывога і магутнага, таго, які існуе тут і зараз. Без Касцёла вобраз Хрыста рассеяўся б, стаў бы пылам і знік. І што стала б з чалавецтвам, пазбаўленым Хрыста?
Я прабываю ў Касцёле з той жа прычыны, з якой я з’яўляюся хрысціянінам, — таму што чалавек не можа верыць у ізаляцыі. Вера магчымая ў кантакце з іншымі вернікамі. Па сваёй прыродзе вера — сіла, якая аб’ядноўвае. І гэтая вера павінна быць касцёльнай, інакш яна і зусім не вера. І падобна да таго, як адзін чалавек не можа быць дзейсным у ізаляцыі, але толькі ў кантакце з іншымі, таксама і адзін чалавек не можа раскрыць у сабе веру аднымі толькі ўласнымі пачынаннямі і думкамі.
Я застаюся ў Касцёле, бо толькі вера, якой навучае Касцёл, здольная выратаваць чалавека. Вялікі ідэал нашага пакалення — супольнасць, вольная ад тыранаў, пакут і несправядлівасці.
На гэтым свеце пакуты паходзяць не толькі ад адрозненняў у багацці і ўладзе. Ёсць тыя, хто хацеў бы змусіць нас паверыць, што мы можам праяўляць нашы чалавечыя якасці без валодання сабой, без цярпімасці да акружаючых, не прыкладаючы намаганняў для пераадолення цяжкасцяў.
Нас хочуць пераканаць у тым, што не абавязкова ахвяраваць чымсьці, каб зберагчы тую згоду, якой мы дасягаем, таксама як і неабавязкова з цярпеннем ставіцца да пастаяннага супрацьстаяння паміж тым, што ёсць сапраўды, і тым, што магло б быць.
Насамрэч чалавек можа выратавацца толькі праз хрост і праз прыняцце сваіх асабістых пакутаў і пакутаў іншых, такіх жа людзей у свеце, што знаходзяць выратаванне ў Пакутах Хрыстовых. Толькі так чалавек можа стаць вольным. Усе іншыя «прапановы лепшай долі» могуць скончыцца толькі грахом.
Любоў — гэта не толькі бясконцае любаванне. Адзіная магчымая дарога змяніць чалавека ў лепшы бок — гэта палюбіць яго сапраўднай любоўю, пры гэтым паступова ператвараючы чалавека з таго, кім ён з’яўляецца, у таго, кім ён можа быць. Якраз гэта і здольны зрабіць Касцёл.
Гэтае эсэ напісаў у 1971 годзе мансеньёр Ёзаф Ратцынгер ва ўзросце 44 гадоў — за 7 гадоў та таго, як быў прызначаны кардыналам