Пошук

12.12.2017 15:52   Аляксандр Бучкоўскі / CREDO

Раней любая неартадаксальная заява духоўнай асобы выклікала ў мяне абурэнне і злосць, а святар павінен быў быць ідэалам заўсёды і ва ўсім. З часам я змяніў сваю думку на гэты конт. Чаму?

Я сфарміраваў для сябе пяць пунктаў, якімі стараюся кіравацца пры ацэнцы выказвання той ці іншай духоўнай асобы.

1. Давяраць, але правяраць

«Досвед паказвае, што не варта верыць сенсацыйным заявам прэсы, нават каталіцкай, а тым больш адразу рабіць высновы. Спачатку варта перачытаць першакрыніцу, лепш на мове арыгіналу, а ўжо потым аналізаваць тэкст.

Вельмі часта, на жаль, журналісты (і я не выключэнне) любяць шукаць сенсацый і вырываюць словы з кантэксту, каб узмацніць уражанне і прыцягнуць увагу. І гэта часам скажае саму думку, нават ідзе ёй на шкоду.

Думаю, свет з часоў Езуса не змяніўся. Як тады шукалі цудаў, так зараз шукаюць сенсацый і дзіўнага. А тут варта яшчэ памятаць, што большасць выданняў — некаталіцкія, далёкія ад касцёльнага жыцця, вельмі рэдка разумеюць тонкасці і значэнне касцёльных выразаў і паняццяў.

Адукаваны католік — як мастак, які можа распазнаць дзясяткі, а то і сотні адценняў аднаго і таго ж колеру, у той час як просты чалавек не ўбачыць ніякага адрознення паміж імі. Таму, калі ўзнікаюць нейкія пытанні, трэба звяртацца да кампетэнтных і адукаваных людзей, асабліва да святароў, за парадай, каб самому не быць падманутым і не ўвесці ў зман іншых.

2. Разумець, а не асуджаць

Заўсёды ёсць спакуса лічыць сябе лепшым, больш каталіцкім ці прававерным за іншых. І лічыць, што ты спазнаў паўнату ісціны і абсалютную праўду. А ўсе, хто думае інакш, — твае ворагі і патрабуюць навяртання.

І вельмі часта мы забываем, што можам казаць пра тыя ж рэчы і мець такое ж бачанне, толькі выказваць гэта іншымі словамі або змяняючы акцэнты. Бо ў кожнага з нас свая гісторыя, адзін і той жа Бог камусьці аб'явіўся іншым спосабам, чым табе.

Што ўжо казаць пра іншае культурнае ці сацыяльнае асяроддзе! Таму не варта адразу кідацца камянямі асуджэння ў тых, хто выказаўся па-іншаму, чым прывык ты.

Варта прытрымлівацца парады св. Ігнацыя Лаёлы, каб заўсёды імкнуцца зразумець і апраўдаць апанента. І нават калі ён памыляецца, дык, прынамсі, знайсці добрае зерне ў яго адказе, каб з яго пасля вырасціць дрэва. Гэта зусім не азначае забываць пра тую кроплю атруты і памылак, бо д'ябал хаваецца ў дробязях.

Не лічыць, быццам усе кажуць праўду, але мець святло распазнання, дзе каласоўнік, а дзе пшаніца. Бо д’ябал мае дзве тактыкі: перабольшваць дробныя адрозненні, каб усё больш падзяляць, а з іншага боку — заціраць фундаментальныя адрозненні, каб знішчыць праўду, якая вызваляе. Але д'ябал, як цень, страшны толькі ў цемры, а калі трапляе пад святло Божага слова, губляе сваю сілу.

І таму галоўнай мерай, якой мы павінны ацэньваць словы святароў (і наогул любога), павінна быць Святое Пісанне і вучэнне Касцёла.

Гэта патрабуе ад нас, па-першае, ведаць каталіцкае вучэнне, а па-другое, мець пакору, каб згодна з духоўнымі правіламі святога Ігнацыя адкінуць любое ўласнае асуджэнне і быць у еднасці з Касцёлам, які заўсёды той самы і таму ж самаму навучае.

3. Маліцца за тых, хто памыляецца

Я не ўпэўнены, але лічу, што Бог будзе судзіць кожнага не толькі за добрыя ўчынкі, якія мы зрабілі, ці за людзей, якіх прывялі да Езуса, але і за тое, чаго не зрабілі і каго не выратавалі. А перш за ўсё — за недахоп нашай малітвы, прынамсі калі не за ўсіх, то за сваіх блізкіх.

Думаю, што ёсць дрэнныя святары, таму, што за іх ніхто не моліцца. А за кожным святым стаіць душа, якая моліцца і якая выпрасіла яму навяртанне. Я цвёрда перакананы, што малітва за пастыра — гэта перш за ўсё інвестыцыі ў сваё ўласнае духоўнае жыццё.

Вось жа старая [украінская] прымаўка кажа: «Святы святар — руплівая парафія, руплівы святар — абыякавая парафія, абыякавы святар — бязбожная парафія». Малітва таксама заахвочвае нас казаць усё выразна, з пакорай і з любоўю, перш за ўсё клапоцячыся пра выратаванне таго чалавека. Таму, калі бачыш, што твой брат памыляецца (усё роўна, духоўная асоба або свецкая), то павінен яму пра гэта сказаць.

Таксама Хрыстус сказаў: «Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным» (Мц 5, 19).

Молячыся і кажучы праўду, мы наследуем Святога Духа, найпершага і Боскага адваката, які, нават паказваючы нам нашыя грахі і заганы, прагне нашага збаўлення. У сваю чаргу д'ябал ёсць тым «абвінаваўцам братоў нашых, які дзень і ноч абвінавачваў іх перад Богам нашым» (Ап 12, 10), а нам самім адначасова спявае кампліменты і «гладзіць па галоўцы» за нашыя грахі

4. Святары і біскупы таксама маюць патрэбу ў сведках веры

Папа Павел VI калісьці сказаў, што «свет зараз больш мае патрэбу ў сведках, чым у настаўніках». Думаю, што не толькі язычніцкае і няверуючае асяроддзе, але часам і самі святары маюць патрэбу ў гэтых сведках Евангелля, праўды і хрысціянскага жыцця.

Як інакш пераканаць свет і некаторыя групы людзей у Касцёле, што шлюб — гэта асвячоная і непарыўная сувязь аднаго мужчыны з адной жанчынай, калі самі не будзем жыць згодна з гэтай праўдай, якая часам патрабуе адзіноты і стрыманасці на ўсё жыццё? Як можам пераканаць, што Святая Камунія — гэта самы дарагі скарб, Жывы Хрыстус, калі прадаём Яго ў рукі грэшнікаў, якія не хочуць навярнуцца і пакаяцца?

Як мы можам дапамагчы свету, калі прапануем яму танныя паўфабрыкаты замест міласэрнасці, калі нахіляемся, не каб вызваліць і дапамагчы дасягнуць неба, а яшчэ больш загразаем у нашым грахоўным балоце? Думаю, што пакутнікі засявалі веру будучых хрысціян, бо найперш былі сведкамі, а кожны сведка — гэта ўжо пакутнік, таму што выракаецца сябе самога і ідзе супраць плыні. Сведчанне і кампраміс — гэта ніяк не спалучаныя рэчы, таму што сведка жыве праўдай насуперак меркаванням іншых, а дыпламат імкнецца да прызнання ўсімі, часта насуперак праўдзе.

Папа Ян Павел II казаў: патрабуйце ад сябе нават тады, калі ад вас ніхто не патрабуе. Ці меў ён на ўвазе, што гэта тычыцца таксама і біскупаў, і святароў?

5. Ніколі не губляць надзею

Хрыстус казаў: «Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?» (Лк 18, 8). Можна ўпасці духам і думаць, што Касцёл апанавала некаталіцкае мысленне, калі пад выглядам пераасэнсавання ўсё больш адбываецца змена парадыгмы, адкіданне адвечных ісцін і дагматаў. І можа тады здавацца, што католікі, верныя вучэнню Касцёла, засталіся ў меншасці. І тут гаворка не пра ідэалагічны падзел вернікаў на кансэрватыўных і ліберальных, бо гэта хутчэй тычыцца палітыкі і грамадства.

Католік або верны вучэнню Касцёла, або не з'яўляецца католікам. Бо Касцёл — гэта не сталовая агульнага харчавання, дзе можна выбіраць, у што верыць, а ў што не. Гэта містычнае Цела Езуса Хрыста. Мы альбо прымаем Хрыста цалкам, альбо не прымаем Яго наогул. Або ідзём за Ім, або — як юнак з Евангелля — адыходзім засмучанымі (пар. Мц 19, 22). А тым больш Касцёл — гэта не дэмакратыя, дзе біскупы ці народ (нават Божы) галасуюць, што з'яўляецца праўдай, а што не.

Быць у Касцёле — гэта быць праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце. Гэта Езус складае 99,(9) працэнта(ў) усяго Касцёла, а мы — рэшта. І таму зразумела, чыё Слова мае вырашальнае значэнне, а хто мае толькі прымаць і здзяйсняць волю большасці.

Тым больш, што зямныя католікі складаюць нязначную частку ўсіх вернікаў, якія ўжо радуюцца славай неба або знаходзяцца на шляху святасці ў чысцы.

Касцёл не наш, а Хрыстовы. Гэта Ён над ім чувае, нават калі вучням здаецца, што проста спіць. Таму для хрысціяніна ніколі не бывае ўсё страчана, нават калі няма надзеі, а вакол усё бурыцца і пануе блытаніна і хаос. Бо насамрэч мы ўжо ў камандзе Пераможцы, які дзве тысячы гадоў таму на крыжы пераадолеў смерць, сатану і грэх. Галоўнае — мець адвагу паверыць у гэта...»

Публікуецца ў скарачэнні. Матэрыялы ў раздзеле «Меркаванне» адлюстроўваюць меркаванне аўтара і могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Абноўлена 12.12.2017 19:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця