Пошук


Для тых, хто лічыць найлепшай імправізацыяй добра запланаваную, карыснымі могуць стаць гэтыя падказкі. Яны трапілі на вочы, калі я шукала ў сеціве ідэі для адвэнтавага календара.

Нават перакладаючы, я ўжо крыху перапрацавала іх. Таму, вядома, справы і дзеянні можна падладзіць да сваіх патрэбаў, магчымасцяў і жаданняў; няхай прапанаваны спіс стане першым крокам. Такім чынам, лічбы — гэта снежаньскія даты:

  1. Пабудуй масты ў сваім доме, выслухай таго, хто ў гэтым найбольш мае патрэбу.
  2. Зрабі адвэнтавы вянок.
  3. У малітве узгадай па імёнах кожнага члена сям'і або супрацоўніка.
  4. Каб адзначыць успамін святога Мікалая, пакладзі ўвечары маленькія падарункі блізкім у чаравікі.
  5. Збярыцеся разам і вырашыце ўсёй сям'ёй, якім чынам у будучым годзе вы будзеце дзяліцца з патрабуючымі і беднымі.
  6. Узгадай у малітве ахвяраў усіх войнаў. Дзейнічай на карысць супакою.
  7. Аддай усе справы, якія турбуюць цябе найбольш, у рукі Марыі.
  8. Будуй масты ў школе ці на працы. Падумай, за што можна падзякаваць той асобе, якая дакучае табе, і скажы ёй словы ўдзячнасці.
  9. Выйдзі на вуліцу пад начное неба. З пашанай падзякуй Богу за стварэнне Сусвету, Зямлі і цябе самога.
  10. Паслухай араторыю Гендэля «Месія» — у дарозе ці за хатняй працай.
  11. Маці Божая ў Будслаўскім абразе — Апякунка Беларусі. Папрасі Яе заступіцца за нашу краіну.
  12. Падпішы калядныя паштоўкі сваім старым і новым сябрам.
  13. Памаліся за ахвяр гвалту ва ўсім свеце. Выдалі мову насілля і нянавісці з твайго дому і адносінаў.
  14. Заўваж вакол сябе і падзякуй людзям, якія выконваюць малааплачваемую працу.
  15. Будуй масты ў Касцёле. Адгукніся на просьбу аб дапамозе сваёй парафіі.
  16. Падзяліся з блізкімі сваімі ўспамінамі пра тры самыя цудоўныя святы Божага Нараджэння.
  17. Прагледзь свае шафы і каморы. Магчыма, табе ёсць чым падзяліцца з бяднейшымі за цябе.
  18. Зрабі калядны падарунак чалавеку, які патрабуе суцяшэння і падтрымкі.
  19. Маліся праз увесь дзень словамі «Прыйдзі, Пане Езу». Паўтарай іх у рытме хады па дарозе на прыпынак альбо ў краму.
  20. Адзнач зімовае сонцастаянне малітвай за памерлых, якія былі блізкія твайму сэрцу.
  21. Усёй сям'ёй падрыхтуйце дом да свята з дапамогай калядных дэкарацый, асаблівым чынам памятаючы пра батлейку.
  22. Пабудуй мост да чалавека іншай культуры. Звяртай увагу найперш на чалавечыя адносіны. Няхай гэта будзе проста ўсмешка або толькі «Прывітанне!».
  23. Прымі ўдзел у Вігілійнай святой Імшы.
  24. Паспявай калядкі з блізкімі і сябрамі.

Абноўлена 01.12.2017 16:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.