За час нашых адвэнтавых рэкалекцый мы сустрэліся з непаўторнай і бязмежнай радасцю Бога, увасобленай у нараджэнні Хрыста. З дапамогай Ісаі, Захарыі, Альжбеты, Марыі, Юзафа і пастухоў мы спазналі чаканне — Адвэнт, які папярэднічаў цудоўнаму акту любові: нараджэнню Божага Сына.
Цяпер настаў час падвесці вынікі рэкалекцый, і, як Марыя «захоўвала» падзеі і словы, «разважаючы ў сэрцы сваім», мы таксама можам успомніць усё, аб чым даведаліся, і паразважаць, як мы маглі б стаць пасланнікамі радасці.
Перад тым, як азірнуцца на пройдзены шлях з дапамогай нашых пытанняў, ты можаш папрасіць Езуса дапамагчы ўбачыць ласкі, атрыманыя на працягу Адвэнту. Успомні: што наймацней узрушыла тваё сэрца падчас малітвы? Уздзеянне якога ўрыўка Святога Пісання ці вобраза ты адчуваеш і цяпер? Магчыма, ты па-новаму пачаў разумець Божы дар радасці?
У другім тыдні «Духоўных практыкаванняў» святы Ігнацый Лаёла піша, што сузіранне таямніцы Божага нараджэння пачынаецца з «уяўлення шляху з Назарэта ў Бэтлеем». Святы Ігнацый раіць намаляваць у думках сцэну нараджэння і «разглядаць, сачыць і сузіраць, што прысутныя гавораць».
Пасля гэтага ён прапануе паразважаць над таямніцай Божага нараджэння, «каб усё гэта прынесла карысць». Затрымайся некаторы час на бэтлеемскай сцэне. Езус нарадзіўся ва ўбогай стайні ў беднай сям’і сярод звычайных людзей таго часу. Простыя пастухі былі першымі сведкамі гэтай падзеі. Увайдзі ў цішыню гэтай сцэны… Спытай сябе, што ўсё гэта значыць для цябе.
Езус, Божы Сын, які нарадзіўся ў такіх простых умовах, жадае ўвайсці ў самыя звычайныя падзеі нашага жыцця. Пасланне Божага нараджэння можна акрэсліць так: Эммануэль — Бог з намі — уваходзіць у глыбіню нашых сэрцаў і запрашае нас сустрэцца з Ім.
Мы — Яго ўмілаваныя сыны і дочкі — можам сустрэцца з Ім усюды: дома і на працы, у цішыні і ў размове, у адзіноце і ў сяброўскім коле, у прыгажосці прыроды або ў мітусні вялікага горада. Дзе ты найбольш выразна ўсвядоміў прысутнасць Езуса?
Дазволь Яго позірку затрымацца на табе і пагавары з Ім, можа, нават не словамі, а сэрцам, пра тое, якім для цябе быў гэты Адвэнт. Падзяліся з Ім сваімі радасцямі і смуткамі, надзеямі і страхамі.
Маючы перад вачыма ўсе дары, атрыманыя падчас рэкалекцый, падумай цяпер аб тым, што можа быць карысным у будучыні. Можа, спосабы падрыхтоўкі да малітвы, засяроджанне на Божым слове, спробы размовы з Богам? Ці засталося з табой пачуццё радасці, якім хочацца дзяліцца? У чым ты сустрэўся з цяжкасцямі ці перашкодамі? Да чаго ты застаўся абыякавым? Што ты найбольш прагнуў знайсці?
У святочны час Божага Нараджэння папрасі Езуса адарыць цябе ласкай усведамлення Ягонай прысутнасці, памаліся аб дапамозе, моцы і радасці, патрэбных табе ў будучым годзе. З верай у тое, што далей вы з Ім будзеце вандраваць па жыцці разам, адчуй Яго блізкаcць і прысвяці гэтыя заключныя моманты малітвы Яму.
***
Адвэнтавыя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы». Аўдыёверсію рэкалекцый можна паслухаць у сераду і суботу ў 19.30 у эфіры «Радыё Марыя» ў Беларусі.