Пошук

21.12.2017 08:57   Catholic.by

Падрыхтоўка

Некалькі хвілін пабудзь у супакоі, прыняўшы зручную паставу цела. Закрый вочы і ўяві, што ўсе твае клопаты, турботы ды сумненні згасаюць. Калі адчуеш унутраны супакой, паспрабуй усвядоміць, што ў гэты самы момант Бог прысутнічае ў табе, у тваім сэрцы, у месцы тваёй малітвы.

Божае слова

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі (Лк 2, 8-20)

У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях.

І раптам з’явілася з анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала:

Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі.

Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан».

І пайшлі яны, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця.

І ўсе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі.

А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.

І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, так, як ім было сказана.

Разважанне

• Анёлы, нябесныя пасланнікі Божыя, абвясцілі пастухам нешта дзіўнае: што яны знойдуць Дзіця ў яслях і што Дзіця гэтае будзе ім Месіяй і Панам, Богам і Збаўцам! Пастухі адкрыліся на гэты цуд любові, навіну аб Тым, хто прыйшоў, каб падарыць збаўленне. Нават авечкі пачулі гэтую навіну! Увесь свет узрушыўся ад радасці той Бэтлеемскай ноччу. Аднак нямала часу спатрэбілася свету, каб усвядоміць, што нараджэнне Езуса было сапраўды добрай навіной усяму чалавецтву. Евангелле з’яўляецца радасцю свету, пасланнем любові, заклікам да супакою і справядлівасці, а таксама святкаваннем Божай прысутнасці ў нашым жыцці. Радасць Евангелля — гэта найглыбейшая радасць, якая ўключае ўсе іншыя радасці такім чынам, што боскае і чалавечае становіцца адным.

• Пастухі накіраваліся ў Бэтлеем з верай, не проста «паглядзець», а спазнаць больш плённа тое, пра што абвясцілі ім анёлы. Для кожнага з нас у Пана ёсць асабістае пасланне. Нараджэнне Езуса — гэта першае і найважнейшае прыйсце Хрыста да нас. Яго асабістая прысутнасць — наш першы святочны падарунак. Тым не менш, часам мы бываем такімі заклапочанымі, што не заўважаем гэтага. Можа, падчас сёлетняга свята Божага Нараджэння мы зможам апынуцца ў нашым асабістым «Бэтлееме»: ці гэта будзе месца, якое шмат для нас значыць, ці гэта будзе напоўнены верай час, які мы правядзём з сябрамі, ці Ружанец у сямейным коле, ці малітоўная медытацыя. І так, «наведаўшы» Бэтлеем, мы зможам пазнаць сёлетняе пасланне Пана да нас.

• У Евангеллі Марыя гаворыць рэдка, але шмат разважае. Роля Маці Езуса дае Ёй безліч тэмаў для рэфлексіі і здзіўлення. Яна разважае ў хвіліны радасці і ў час смутку, але заўсёды — у прысутнасці Бога. Яго мудрасць з’яўляецца Яе мудрасцю. Няхай жа яна стане таксама і нашай мудрасцю падчас свята Божага Нараджэння. Нас часта здзіўляе і захапляе любоў да нас іншага чалавека. Дык давайце ж захапляцца той неверагоднай любоўю, якую Бог нам аб’яўляе праз нараджэнне і жыццё Езуса.

Размова з Богам

• Спыніся і доўга паглядзі на неба. Ты ўбачыш і пачуеш голас анёлаў! Створаны свет — першае слова Божае. Яго колеры і прыгажосць нагадваюць нам прыгажосць Бога, а штормы і ўраганы нагадваюць, што мы не валадарым над светам, што гэты свет Божы. Усё ў ім напоўнена Божай хвалой.

• Наступным словам Бога, поўным жыцця і сэнсу, было Слова, якое сталася целам — Божым дзіцём, як і мы самі. Гэтае магутнае Слова прамаўляе да нас праз маўчанне малога Дзіцяці. Дзеля нас Бог стаў чалавекам, Немаўлём у яслях. Столькі можа быць пачута ў маўчанні… Столькі рэха ў «гуках цішыні»... Затрымайся на некалькі імгненняў, каб уявіць маштабы гэтай таямніцы.

• Бедныя пастухі не мелі ніякага сацыяльнага статусу ў тыя часы. Людзі не заўважалі іх. Мы не ведаем, што сказалі яны Марыі, але, што б там ні было, Яна запомніла іх словы назаўсёды. Пачутыя словы могуць падтрымаць нас — калі гэта словы любові, словы дапамогі, словы малітвы. Успомні той момант, калі чалавек, якога ты любіш, прамовіў тваё імя, — вось якім ёсць слова Пана!

***

Адвэнтавыя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы». Аўдыёверсію рэкалекцый можна паслухаць у сераду і суботу ў 19.30 у эфіры «Радыё Марыя» ў Беларусі.

Абноўлена 21.12.2017 17:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа