Пошук

11.12.2017 10:13   Catholic.by

Цішыня, якую мы ствараем падчас Адвэнту, адкладаючы ўсe нашыя справы па падрыхтоўцы да свята, каб паслухаць Бога, здолее памножыць радасць свята Божага Нараджэння ў нашых сэрцах.

Падрыхтоўка

Каб знайсці супакой, прымі зручную паставу цела, адчуй цішыню ў самім сабе і прыслухайся да гукаў, якія жывуць навокал, а таксама да свайго ўнутранага голасу. Магчыма, ты пачуеш, як б'ецца сэрца. Супакойваючыся ў гэтых гуках, паспрабуй усвядоміць, што Пан побач з табою, у табе, Ён будуе свой дом у тваім сэрцы.

Божае слова

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі ( Лк 1, 11-16)

І з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка. І збянтэжыўся Захарыя, калі ўбачыў яго, і страх ахапіў яго.

Анёл жа сказаў яму: Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына і назавеш яго імем Ян.

І будзе табе радасць і вяселле, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму. Бо ён будзе вялікі ў вачах Пана, і не будзе піць ні віна, ні хмяльнога напою, і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні маці сваёй. І многіх з сыноў Ізраэля наверне да Пана Бога іхняга. І пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, непаслухмяных да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць для Пана народ дасканалы. І сказаў Захарыя анёлу: Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце.

Разважанне

• Як бы там ні выглядаў анёл, сваім з’яўленнем ён спалохаў Захарыю. Захарыя быў чалавекам як паважаным, так і пасаромленым. Людзі насміхаліся з таго, што ў іх з жонкай яшчэ не было дзіцяці. Але вялікі гонар — быць абраным, увайсці ў Cвятое Cвятых: унутраны пакой святыні, дзе знаходзіўся каўчэг Запавету. У сучасных умовах гэта падобна таму, як быць абраным святаром-цэлебрантам урачыстай літургіі або сакрыстыянінам у вялікай святыні. Калі Захарыя ўбачыў анёла, яго ахапіў страх. Але ён здолеў пачуць словы анёла аб радасці. Ён здолеў слухаць і чуць.

• Пазней, аднак, Захарыю апанавалі сумненні ў тым, што ён і Альжбета змогуць мець дзіця. У адрозненне ад Марыі — якая баялася, але не сумнявалася — Захарыя быў пакараны за свае сумневы і анямеў. Ён быў змушаны да маўчання, і ў той цішыні ён пачуў праўду, а потым захоўваў яе ў сваім сэрцы, пакуль не прыйшоў час даць дзіцяці імя. Часам і нам патрэбна цішыня, каб пачуць праўду, каб пачуць іншага чалавека, пачуць Бога.

• Малітва Захарыі была пачута. Ён ведаў, што ў яго будзе дзіця, што імя яго будзе Ян Хрысціцель, што будзе ён абвяшчаць прыход Збаўцы і рыхтаваць Яму шляхі, «навяртаючы людзей да Бога». Нягледзячы на тое, што Захарыя быў вымушаны трымаць сваю святую таямніцу ў цішыні сэрца, сапраўдная радасць прыйшла да яго з магчымасцю сказаць добрае слова. Цішыня, якую мы ствараем падчас Адвэнту, адкладаючы ўсe нашыя справы па падрыхтоўцы да свята, каб паслухаць Бога, здолее памножыць радасць свята Божага Нараджэння ў нашых сэрцах.

Размова з Богам

• Пан бярэ імя, што далі мне бацькі ад нараджэння, і называе мяне так. Яны далі мне імя, якое пройдзе праз зямны шлях да вечнасці. Пан асвяціў яго: «І напішу на табе імя Майго Бога …і сваё новае імя» (пар. Ап 3, 12). Бог ведае мяне пад гэтым іменем. Яно — маё. Імя кожнага чалавека святое. Якое святло пралівае  імя на тваю асобу — ці гэта імя продка, ці святога або якога-небудзь вядомага сучасніка?

• Зараз, у гэтыя імгненні цішыні, я чую голас Бога, які прагне гаварыць з маім сэрцам. Бога можна знайсці ў праявах нашага штодзённага жыцця, у месцах, дзе мы жывём, у гуках людзей і прыроды. Я магу адчуць Яго прысутнасць у сэрцы, калі здолею супакоіць свае думкі і суцішыць свой голас. Нават Езус часта ішоў у ціхае месца, каб памаліцца ў цішыні. Там Ён знаходзіў новыя сілы, каб дзяліцца з тымі, каго Ён сустракаў, паўнатой свайго жыцця з Айцом.

• Захарыя і Альжбета доўга малілі Бога аб дзіцяці. Магчыма, яны і здаліся б. Ці змагу я застацца верным у малітве, ведаючы, што адказ заўсёды ёсць, але атрымаць яго я магу не адразу, і прыйсці ён можа шляхам, якога я не чакаю? Як аднойчы нехта здзіўляўся: «Я не маю нічога з таго, аб чым прасіў, але маю ўсё, што мне трэба».

***

Адвэнтавыя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы». Аўдыёверсію рэкалекцый можна паслухаць у сераду і суботу ў 19.30 у эфіры «Радыё Марыя» ў Беларусі.

Абноўлена 11.12.2017 12:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа