Аднойчы малады мужчына пацікавіўся ў мудраца: «Як у вас атрымліваецца зберагаць сямейнае шчасце? Вы з жонкай ніколі не сварыцеся, вас усе паважаюць і прыходзяць параіцца. У чым сакрэт?»
Мудрэц усміхнуўся і паклікаў сваю жонку. У пакой увайшла ўсмешлівая і прыгожая жонка. Здаецца, усім сваім выглядам яна выпраменьвала шчасце:
— Так, любы!
— Дарагая, прыгатуй, калі ласка, цеста для пірага.
— Добра!
Яна выйшла і праз 25 хвілін прыйшла сказаць, што цеста гатовае.
— Дадай у яго найлепшае топленае масла з нашых запасаў. І ўсе тыя арэхі, якія мы пакідалі для імяніннага пірага нашаму сыну.
— Добра.
І зноў яна прыйшла праз дзесяць хвілін, а муж сказаў:
— Дадай туды і нашай дваровай гліны. А пасля запякай.
— Добра, — сказала жонка.
І праз паўгадзіны ў яе руках ужо быў той дзіўны пірог.
— Вядома ж, мы не будзем яго есці, — сказаў муж. — Аддай яго свінням.
— Добра, — адказала жонка.
Госць быў шакаваны. Няўжо так магчыма? Ніводнага слова супраць, жонка зрабіла ўсё, аб чым яе прасіў муж. Нават калі прапаноўваў бессэнсоўныя рэчы.
І вырашыў гэты мужчына паўтарыць эксперымент са сваёй жонкай. Прыйшоўшы дадому, ён адразу пачуў смех жонкі — разам з сяброўкамі яна гуляла ў настольную гульню.
— Жонка! — пазваў ён яе.
— Я занятая! — раздражнёна крыкнула яна са спальні.
— Жонка!
Праз дзесяць хвілін яна прыйшла:
— Чаго табе?
— Пастаў цеста!
— Ты з глузду з’ехаў? У хаце навалам ежы, а мне і так ёсць чым заняцца!
— Пастаў цеста, табе кажу!
Праз паўгадзіны жонка паведаміла, што цеста гатовае.
— Дадай туды найлепшыя арэхі і ўсё нашае топленае масла.
— Ты здурнеў? Паслязаўтра ў маёй сястры вяселле. Гэтыя арэхі патрэбныя для пірага!
— Зрабі, табе кажу!
Жонка паклала ў цеста толькі частку арэхаў, а пасля зноў выйшла да мужа.
— А цяпер дадай у цеста гліну.
— Ты дурны? Столькі прадуктаў дарэмна пераводзіць!
— Дадай, кажу табе! А пасля запякай.
Праз гадзіну жонка прынесла гэты пірог і, паставіўшы на стол, колка вымавіла:
— Вельмі хачу паглядзець, як ты будзеш гэта есці
— А я не буду. Аддай свінням.
— Ведаеш што, — абурылася жонка. — Ідзі тады сам і гадуй сваіх свіней.
Моцна грукнуўшы дзвярыма, яна пайшла ў свой пакой. Некалькі дзён запар яна высмейвала мужа пры ўсіх, хто прыходзіў у госці, расказваючы пра той пірог.
І тады мужчына вырашыў вярнуцца да мудраца:
— Чаму ў цябе ўсё атрымалася і твая жонка ўсё зрабіла, як ты сказаў, а мая ўчыніла скандал і да гэтага часу абсмейвае мяне? — спытаў ён з парога.
— Усё проста. Я не лаюся з ёй і не камандую. Я абараняю яе, і гэта робіць яе спакойнай. Мая жонка — мой сямейны дабрабыт.
— І што, мне ісці цяпер і шукаць новую жонку?
— Гэта самы просты спосаб, але ён прынясе вельмі сумны вынік. Вам з жонкай патрэбна навучыцца паважаць адно аднаго. І як мужчына ты павінен першы зрабіць усё, каб яна была шчаслівая.
— Так я і так для яе ўсё раблю!
— А яна шчаслівая? А ты — шчаслівы? Вы стварылі сям’ю для таго, каб любіць адно аднаго, клапаціцца і шанаваць. А замест гэтага сварыцелся, дзеліце паўнамоцтвы і абгаворваеце адно аднаго...
У роздумах мужчына пайшоў дадому. Па дарозе ён пабачыў прыгожы куст ружаў. Менавіта такія ружы ён дарыў ёй калісьці, калі прызнаваўся ў каханні. Штодня ён прыносіў ёй па адной кветачцы ружы ў любую пару года... Калі ж ён апошні раз дарыў ёй гэтыя кветкі? Ён ужо не мог згадаць.
Мужчына сарваў некалькі кветак і панёс іх дадому. Жонка ўжо спала. Ён не хацеў турбаваць яе, таму проста паклаў кветкі ля яе галавы.
Зранку яго ўпершыню за многія гады чакаў на стале сняданак. І прыгожая жонка з іскрыстымі вачыма. Ён абняў яе і пяшчотна пацалаваў, як калісьці шмат гадоў таму.
Ён перастаў займацца непатрэбнымі справамі, больш часу стаў удзяляць жонцы і стараўся рабіць яе яшчэ больш шчаслівай. Яго ўвага і турбота, пяшчота і каханне вярталіся памножанымі ў шмат разоў. Жонка перастала хадзіць дома «ў халаце», зноў пачала гатаваць для яго любімыя стравы, яны перасталі сварыцца і ўсё наладзілася...
Прайшло некалькі гадоў. Аднойчы ў дзверы іх дома пагрукаў адзін юнак.
— Я чуў, што вашы стасункі з жонкай — прыклад для іншых. А ў мяне нічога не атрымліваецца. Мы ўвесь час сварымся, яна спускае ўсе грошы, мы часта спрачаемся... У чым твой сакрэт? Я перачытаў ужо столькі кніг, але ніводная з іх не дапамагла мне...
Гаспадар дому ўсміхнуўся і сказаў:
— Заходзіць, дарагі госць. Мая жонка якраз збіраецца пячы пірог...