Пошук

07.11.2017 10:26   deon.pl

Італьянскі святар Цыпрыяно дэ Мэо, які нясе служэнне як экзарцыст з 1952 года, распавядае, як адрозніць апантанасць ад псіхічнай хваробы. Паводле яго слоў, апантаны д’яблам чалавек зусім па-іншаму рэагуе на прамоўленыя малітвы, чым чалавек хворы псіхічна.

Часта можа здарыцца так, што нейкая перамена ў псіхічнай хваробе ўспрымаецца акружаючымі як апантанасць. Аднак варта памятаць аб тым, што гэта не тое ж самае. Ёсць істотная розніца ў паводзінах, дзякуючы якой можна адрозніць, патрабуе чалавек дапамогі ўрача ці святара-экзарцыста.

Святар адзначае, што працэдура экзарцызму заўсёды складаецца з падоўжанай малітвы ажно да моманту праяўлення дэмана ў якой-небудзь форме.

«Апантаны чалавек па-рознаму рэагуе на экзарцыста і ўспрымае яго як праціўніка, гатовага да барацьбы, — кажа святар. — На твары апантанага можна пабачыць шмат розных рэакцый, пачуць вербальныя пагрозы і блюзнерствы супраць Бога і Маці Божай».

Святар таксама кажа, што не кожная апантанасць выглядае такім чынам, і менавіта таму важна, каб святары, якія вучацца на экзарцыстаў, прайшлі суровае і дакладнае навучанне, каб умець адрозніваць сапраўдныя выпадкі апантанасці.

Акрамя факту, што апантанасць не з’яўляецца такой частай з’явай, як псіхічныя хваробы, большасць людзей мала ведае пра праявы апантанага чалавека і пра рызыку памылак у яго распазнанні.

У маі 2015 года прайшла канферэнцыя, у якой прымалі ўдзел святары і свецкія асобы, спрабуючы высветліць адрозненні чалавека, апантанага д’яблам, ад псіхічна хворага.

На сустрэчы, на якой прысутнічалі тэолагі, псіхолагі і ўрачы, свае думкі выказвала шмат экспертаў. Хоць людзі часта рэагуюць агрэсіўна, найлепшай абаронай перад д’яблам з’яўляецца звычайная малітва і сакрамэнт.

«Гэта надзвычай істотна, каб пазбыцца граху і жыць з Божай ласкай, — адзначае кс. дэ Мэо. — […] Мы, экзарцысты, не з’яўляемся тымі, хто выганяе д’ябла, які змагаецца з Хрыстом. Нас заклікаюць да барацьбы ў імя Хрыста».

Абноўлена 07.11.2017 13:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.