Пошук

24.10.2017 17:37   credo.pro / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by

Слова «стыгмат» паходзіць ад грэчаскага στίγματος і азначае «знакі, язвы, раны». Гэта кроватачывыя раны, якія звычайна баляць. Адкрываюцца яны на руках, нагах ці на баку некаторых містыкаў (бываюць таксама на твары і іншых частках цела). Імітуюць яны раны Езуса Хрыста. Часам яны крывавяць пастаянна, часам — перыядычна.

Упершыню ў гісторыі хрысціянства пра «стыгматы» кажа апостал Павел у Пасланні да Галатаў: «...я нашу на целе сваім раны (літаральна: στίγματα) Езуса» (Гал 6, 17). Аднак грэчаскае слова «στίγματα» азначае не зусім тое самае, што сёння больш-менш адназначна прыпісваецца гэтаму тэрміну. «Стыгма» — у старажытнасці азначала пляму ці знак, якім пазначалі рабоў або жывёл, і гэты знак утрымліваў інфармацыю, чыёй уласнасцю з’яўляецца пазначаны.

Кажучы пра «стыгматы», апостал Павел, хутчэй за ўсё, меў на ўвазе розныя пераследы з прычыны веры ў Хрыста (гл. Гал 4, 13; 2 Кар 12, 7), біццё палкамі ці каменаванні (гл. 2 Кар 11, 25), барацьбу са звярамі (гл. 1 Кар 15, 32), сур’ёзны досвед (2 Кар 1, 8). І ўсе гэтыя жыццёвыя цярпенні Павел лічыў «знакамі» прыналежнасці да Хрыста. Апостал такімі знакамі хоча адрознівацца ад тых, хто «хваліцца абразаннем».

Святы Францішак Асізскі

А вось пачынаючы ад св. Францішка Асізскага паняцце «стыгматы» набывае сённяшняе значэнне. Стыгматы могуць мець розную форму, могуць з’яўляцца ў розных месцах, на руках ці нагах, мець розную працягласць, часам з’яўляюцца і знікаюць, а часам трываюць усё жыццё — аднак усе яны, калі Касцёл пацвярджае іх аўтэнтычнасць, звязаны з ранамі Хрыста.

Знакавым з’яўляецца факт, што феномен стыгматаў існуе пераважна ў лоне Каталіцкага Касцёла. Хутчэй за ўсё гэта звязана са спецыфічнай формай каталіцкага містыцызму. Праваслаўная Царква ставіцца да стыгматаў з пэўнай асцярогай і часта тлумачыць іх або як праяву «любаты» (спакусы, падману), або як наступства пэўных эмацыйных станаў веруючага.

У любым выпадку, нават Каталіцкі Касцёл, прызнаючы гэты феномен «надзвычайным і цудоўным», не абавязвае сваіх вернікаў верыць у яго.

Стыгматыкі. Мужчыны ці жанчыны?

У мінулыя стагоддзі большасць стыгматыкаў складалі мужчыны. Першая вядомая жанчына са стыгматамі — св. Кацярына Сіенская. Стыгматы з’явіліся на яе целе ў 1375 годзе, за пяць гадоў да яе смерці. Аднак яе раны не кроватачылі. Часта такія стыгматы называюць «нябачнымі».

Святая Кацярына Сіенская

Пасля смерці Кацярыны Сіенскай і яе кананізацыі ў 1461 годзе (што здзейсніў папа Пій ІІ, які сам нарадзіўся недалёка ад Сіены, адкуль была св. Кацярына) у кананізацыйным акце, між іншым, аргументам на карысць далучэння да ліку святых былі стыгматы гэтай сіенскай манахіні-містыка. Паколькі ў той час адзіным і ўнікальным прызнаным стыгматыкам быў св. Францішак, прадстаўнікі францішканскага ордэна выступілі з пратэстам, прыводзячы розныя аргументы «супраць».

Стыгматы св. Кацярыны Сіенскай пачалі выразна «канкурыраваць» са стыгматамі св. Францішка, а паміж манаскімі ордэнамі пачаліся спрэчкі з гэтай прычыны. Таму ў 1472 годзе папа Сікст IV, францішканін, выдаў булу, у якой забараняў казаць, што св. Кацярына мела стыгматы, каб спрэчка паміж францішканамі і дамініканамі не перарасла ва ўзаемную непрыязнасць. Аднак у 1630 годзе папа Урбан VIII скасаваў гэтую забарону.

На сёння колькасць мужчын і жанчын, якія маюць стыгматы, стала практычна роўнай, а вось першыя вядомыя святары-стыгматыкі з’явіліся толькі ў ХХ стагоддзі. Гэта часам тлумачыцца тым, што асобы, якія не маюць прэзбітэрскага пасвячэння, нават калі гэта манахі або манахіні, але якія не маюць магчымасці непасрэдна служыць ад імя Хрыста святую Ахвяру — Эўхарыстыю, — прагнуць іншым чынам непасрэдна далучыцца да гэтай Ахвяры, а менавіта фізічна. У выніку гэтага глыбокага жадання, а таксама містычных роздумаў або асабістых аб’яўленняў часам і з’яўляюцца ў іх на целе стыгматы.

Медыцына пра стыгматы

У медыцыне і псіхалогіі феномен стыгматаў часта тлумачыцца пэўнымі псіхафізічнымі расстройствамі. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі псіхолагі прычынай стыгматаў называлі эпілепсію ці істэрыю. У наш час гаворыцца пра неўроз або дысацыятыўнае расстройства асобы (ідэнтыфікацыя сябе з кімсьці іншым). Іншымі словамі, гэта такі псіхічны стан, які «паглыбляе» чалавека ў стан іншага, салідарызуючы з яго пачуццямі і перажываннямі.

У выпадку сапраўдных стыгматаў такая салідарнасць праяўляецца ад адчування Хрыста і Яго цярпення, прычым асацыяцыя адбываецца не толькі на псіхічным узроўні, але і на псіхафізічным — з праяўленнямі на целе.

Святы айцец Піо

Медыкі часта звязваюць стыгматы з неўратычнай анарэксіяй, крытычнай стратай масы цела, галаданнем (калі чалавек посціць).

Асобным парадкам разглядаюцца фальшывыя стыгматы, якія з’яўляюцца ў выніку таго, што чалавек сам наносіць сабе раны, або ў выніку несвядомага ранення.

Медыкі і псіхолагі, калі спрабуюць патлумачыць з’яву стыгматаў навукова, то часам дадаюць, што прычынай такіх ран нярэдка з’яўляецца пабожнасць стыгматыкаў і іх спроба спачуваць Хрысту. А вось даследчыкі-матэрыялісты лічаць стыгматы або фальшыўкай, або хваробаю, або неўрозам на рэлігійнай глебе.

Стыгматы і містыка

З рэгілійнага пункту гледжання, інакш кажучы, паводле веруючага чалавека, які не абмяжоўвае свет і гісторыю толькі матэрыяльнымі з’явамі, феномен стыгматаў разглядаецца як адна з праяваў містыкі, а часам як вынік прыватных аб’яўленняў. Хоць і не часта, веруючы чалавек у містычным стане можа зведваць знешняе праяўленне свайго ўнутранага стану — інтэнсіўнае потавыдзяленне, самавольныя слёзы, часовую неадчувальнасць, левітацыю або стыгматы. Аднак варта падкрэсліць, што такія знешнія праяўленні містыцызму не з’яўляюцца важнымі або абавязковымі прыкметамі хрысціянскай містыкі.

Праяўленні такой з’явы, як стыгматы, лагічна тлумачацца і з навуковага, і з духоўнага пункту гледжання, і гэтыя два тлумачэнні цалкам не супярэчаць адзін аднаму. Калі медыцына называе стыгматы «расстройствамі асобы» з прычыны рэлігійнага перажывання — або, іншымі словамі, «выйсце па-за сваё я», — то менавіта штосьці такое і адбываецца ў досведзе містыка, які, спрабуючы быць у кантакце з Богам, намагаецца выйсці па-за ўсё бачнае навокал сябе, нават як бы па-за самога сябе, каб максімальна аддаліцца ад «матэрыяльнай сферы» і наблізіцца да «сферы духоўнай». Адсюль і з’яўляюцца часам пэўныя «расстройствы», з погляду фізічнага свету — «ненармальныя» праяўленні ці з’явы, якія ў звычайным жыцці і пры звычайных паводзінах не з’яўляюцца.

Таму ўлады Касцёла пры даследаванні сапраўднасці стыгматаў заўсёды кіруюцца вынікамі незалежных медыкаў.

Такі містык, які выходзіць па-за сферу матэрыяльнага, а значыць па-за сферу дзеяння пяці чалавечых пачуццяў, мае бачанні, якія не могуць верыфікаваць тыя, хто застаецца ў матэрыяльнай сферы. Містык можа бачыць будучыню або больш глыбокае тлумачэнне цяперашняга — гэта прароцтва. Містык можа заглыбіцца ў Хрыста і Яго жыццё не толькі тэарэтычна, памятаючы або ведаючы пра гэта на ўзроўні розуму, але і псіхафізічна: з аднаго боку, «выходзячы па-за сябе», а з іншага — пагружаецца ўсім сабою, усёю сваёю сутнасцю, усім сваім целам і душою. Стыгматы ў такім выпадку з’яўляюцца праяўленнем цалкам сталай містыкі, і таму гэты феномен праяўляецца толькі сярод невялікай колькасці веруючых ці нават містыкаў.

Мець стыгматы пры яшчэ нясталым духоўным стане або не атрымаецца, або, калі яны і з’явяцца, то такі стыгматык будзе мець неналежнае стаўленне да гэтай з’явы ў яго жыцці.

Стыгматы і паяднанне з Богам

Іншымі словамі, толькі «чыстыя душы», цалкам паяднаныя з Богам, з Хрыстом Укрыжаваным, могуць пазнаць штосьці такое, як стыгматы. Акрамя таго, вялікае значэнне пры гэтым мае асабістая пакора і ўсведамленне, што стыгматы — гэта не «з’ява дзеля рэкламы» ці нейкая «ўзнагарода», а толькі ўласнае суперажыванне з Хрыстом. Гэта Божы дар, які, з аднаго боку, даецца, каб глыбей паяднаць веруючага з Хрыстом, а з іншага — каб пакорна служыць іншым. У іншым выпадку містыку пагражае тое, што на стараславянскай мове называецца «прелесть».

Варта дадаць, што часта такія знешнія надзвычайныя з’явы ўзнікаюць і па-за «духоўнай сферай», а значыць па-за полем хрысціянскай містыкі, і прычынай гэтага з’яўляюцца выключна псіхасаматычныя расстройствы. У такім выпадку гэта ні шарлатанства, ні містыка. Гэтымі выпадкамі займаюцца медыкі і псіхолагі, а Касцёл пацвярджае, што гэтыя з’явы не з’яўляюцца «надзвычайнымі паводле веры ці вучэння Касцёла».

Галоўнай прычынай стыгматаў (ці іншых знешніх праяўленняў яднання душы з Богам) у містыка з’яўляецца яго вялікая любоў да Бога.

Святы Францішак Сальскі пісаў: «Цярпенні Хрыста, якога я люблю, паходзяць з Яго любові, па меры таго, наколькі я збліжаюся з Хрыстом праз суперажыванне; я ў захапленні ад паўнаты радасці… Такая любоў выклікала стыгматы ў любячага св. Францішка Асізскага, а таксама палаючыя раны Збаўцы ў любячай і анёльскай св. Кацярыны Сіенскай; а гэта таму, што пачуццё задавальнення ад любові абвастрыла такое ўспрыняцце [Бога] — суперажыванне з любові» (Францішак Сальскі, Трактат пра Божую любоў, V, 5).

У святых містыкаў, якія маюць знешнія знакі паяднання з Богам, ніколі няма засяроджанасці на гэтым. Яны сканцэнтраваны выключна на факце свайго паяднання з Богам, а штосьці такое, як стыгматы, лічаць другасным. Гэта таксама з’яўляецца сведчаннем духоўнай сталасці і разумення, што насамрэч важна для Бога ў нас, веруючых: нашая любоў да Яго і нашая еднасць з Ім. Амаль усе містыкі, у якіх з’явіліся стыгматы, хацелі схаваць гэты факт ад акружэння і не прывязваць іншых да гэтага феномену.

Нават калі Касцёл часта лічыць стыгматы «бачным знакам святасці», гэта, аднак, не галоўны аргумент пры прызнанні іх сапраўднасці. Найперш даследуецца святасць асабістага жыцця і ў прыватнасці — стаўленне канкрэтнага стыгматыка да сваіх стыгматаў. У любым выпадку, стыгматы не з’яўляюцца асноўным аргументам для кананізацыі.

Абноўлена 27.10.2017 17:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.