Пошук

20.10.2017 10:56   CREDO / Пераклад і адаптацыя: Ілья Лапато / Catholic.by

Споведзь — адна з найважнейшых таямніц. Што неабходна для таго, каб плённа і глыбока яе перажыць? 10 парадаў а. Дарыюша Пюркоўскага SJ дапамогуць нам у гэтым.

1. Падчас споведзі Бог прабачае нам усе правіны

У прыпавесці пра марнатраўнага сына бацька прабачае сыну ўсе правіны, хоць той ніводнай з іх не назваў. Але сын раскаяўся і шчыра папрасіў аб прабачэнні. Падчас споведзі нам адпускаюцца ўсе грахі, не толькі названыя намі, але і тыя, пра якія выпадкова забыліся, пра якія не здагадваемся, якіх не бачым.

Вызнаванне грахоў — неабходны элемент споведзі, аднак Божае прабачэнне не залежыць ад таго, ці ўсё мы сказалі (калі мы толькі чагосьці не стаілі), а найперш ад жалю за грэх і імкнення выправіцца. Іншых умоў няма.

Тое ж самае і з малітвай: Езус не кажа нам мучыць Айца пастаянным нагадваннем Яму пра нашы патрэбы, бо Ён і так іх ведае. Шчырасць, кантакт, давер і адкрыццё таго, што ў нас на сэрцы, — найважнейшае ў размове з Богам.

2. Варта спавядацца ў аднаго святара

Калі дазваляюць абставіны, варта мець аднаго спаведніка. Такая практыка дапамагае ў сістэматычнай працы над сабой, бо тады святар у цэлым знаёмы з сітуацыяй пэнітэнта. Святара зусім не здзіўляе, што чалавек змагаецца з тымі ж самымі цяжкасцямі і грахамі. Наадварот, спаведнік зможа дапамагчы нам глыбей пабачыць прычыны і крыніцу граху, заганныя ўчынкі, раны і абставіны, якія мы самі не заўважаем.

Фота: kurierlubelski.pl

Святар, у якога мы спавядаемся рэгулярна, звычайна больш разумее сітуацыю, чым «выпадковы» святар. Якраз таму спаведнік можа стаць вялікай падтрымкай, асабліва калі чалавек змагаецца з рознымі залежнасцямі.

Грэх, які мы бачым, — гэта звычайна вынік нябачных для нас унутраных складнікаў.

Падчас споведзі варта вызнаваць грахі супраць Божых запаведзяў, а таксама распавесці пра глыбейшыя матывы, цяжкасці, сумневы, няўдачы, жаданні, неспакой, пра ўсё, што нас мучыць, блакуе, засмучае. З тых унутраных працэсаў і выплывае большасць нашых «бачных» грахоў.

Споведзь можа праходзіць у выглядзе духоўнай размовы. Не варта засяроджвацца выключна на тым, што бачна; варта таксама звярнуць увагу на тое, чаго не бачым — на прычыны нашых грахоў: тэндэнцыі і схільнасці, да якіх пастаянна вяртаемся. Асвятліць наш шлях дапаможа Божае слова.

3. Бог — гэта не чыноўнік, перад якім мы «даём справаздачу»

Расказваць падрабязна пра ўсе дэталі і абставіны грахоў падчас споведзі неабавязкова — вядома, акрамя выпадкаў, калі гэта неабходна для дакладнасці і паўнаты вобразу. Звычайна спаведнік сам пытаецца, калі мае якіясьці сумненні.

Вельмі скрупулёзныя людзі часта лічаць, што патрэбна вызнаваць усе магчымыя грахі (зробленыя і прыдуманыя) з яскравым апісаннем усіх абставін, каб атрымаць адпушчэнне. Для іх Бог — як супрацоўнік падатковай інспекцыі, перад якім неабходна адказваць за кожную капейку. Гэта падобна да хваробы душы, прычына якой у памылковым страху перад вобразам Бога.

4. Грахі маюць іерархію

Чалавек — гэта дух, душа і цела. Увогуле, найбольш часта нас непакояць «цялесныя» грахі (асабліва ў сферы сексуальнасці). Аднак яны не належаць да найважнейшых грахоў з прычыны слабасці нашага цела, закранутага грахом.

Горшыя грахі — менш бачныя, духоўныя, але яны заўжды выражаюцца знешне, у нашых словах, у адносінах з Богам і людзьмі. Гэта недавер, пыха, абгаворванне, нянавісць, няўдзячнасць, зайздрасць, адсутнасць веры, розныя формы ідалапаклонства.

Грахі, якія выплываюць з невыканання касцёльных запаведзяў, «лягчэйшыя» за тыя, якія мы робім, не трымаючыся Евангелля.

Можна лічыць спакусаю таксама засяроджванне толькі на адным граху, напрыклад, супраць сексуальнасці. Тады чалавек не заўважае рэшты: з’яўляюцца хібныя перакананні — ачысціцца б толькі ад гэтага аднаго граху, і споведзь не будзе патрэбна. І часта, пакуль гэтае ўнутранае пераканне не знікне, чалавек робіць тыя самыя грахі, у выніку мы заўжды застаёмся грэшнікамі, якія патрабуюць міласэрнасці.

5. Не думай, што табе «няма з чаго спавядацца»

Часта пэўны бар’ер можа з’яўляцца таму, што мы спавядаемся з тых самых грахоў. Асабліва гэта датычыць вернікаў, якія робяць поспехі на шляху веры. Вось і пачынаем саромецца, і не ідзём наперад, бо ў нас пастаянна штосьці не атрымліваецца і замінае: «Мы павінны выправіцца! Калі ж не, то навошта ўвогуле спавядацца?» Такое адчуванне не паходзіць ад Бога, гэта «пабожная» перашкода злога духа. Таму адны спрабуюць спавядацца кожны раз у іншага святара або (што яшчэ горш) адмаўляюцца ад споведзі з нагоды адсутнасці вынікаў.

Фота: AFP

Адныя і тыя ж грахі, вызнаванне іх падчас споведзі вучаць пакоры і цярпенню, а таксама адчуванню, што Бог дае сваю міласэрнасць не за нашы заслугі. Грахі, якія паўтараюцца, паказваюць, што іх карэнне знаходзіцца глыбей і неабходна больш часу для збаўлення і прыняцця Божай ласкі.

6. Навошта спавядацца, калі я зноў зграшу?

Сам сябе не вызваліш з граху. З такой перашкодай звязаны часты сумнеў: навошта спавядацца, калі я зноў зграшу? Часта такое перакананне — гэта вынік доўгатрывалай барацьбы з грахамі, асабліва са шкоднымі звычкамі.

Да высновы, што нічога не атрымаецца, чалавек даходзіць, гледзячы на ўласны досвед, часта звязаны з адсутнасцю жадання, недаверам і з ацэнкай выключна сваіх магчымасцяў.

Чалавек лічыць, што цалкам кантралюе сваё жыццё, сваё сэрца, сваю будучыню: «Я і так ведаю, як яно будзе. Навошта дурыць галаву спаведніку і надакучваць Богу?» Якраз тут, а не ў саміх па сабе грахах, і ляжыць корань праблемы.

Мы найчасцей хацелі б паслабіць матузкі. Але гэта яшчэ адна «пабожная» спакуса, якая мяжуе з пыхаю. Ніхто з нас не можа ўпэўнена сказаць, што дажыве да заўтра, а тым больш запэўніваць, што ўжо «ніколі не зграшыць». Не моцная воля з’яўляецца ўмовай адпушчэння грахоў, а давер Богу і пакорнае вызнаванне сваіх абмежаванасцяў. Тут ідзе гаворка пра шчырае жаданне адмовіцца ад граху. Калі мы адразу вызначым, што ўвогуле споведзь не вельмі дапаможа, то заўтра зноў зграшым. Магчыма, таму яна часам не прыносіць, як нам здаецца, плёну.

7. Як часта трэба спавядацца?

Тут важна ў паразуменні са спаведніком знайсці свой «рытм»; вядома, калі на сэрцы цяжкія грахі, тады не варта зацягваць са споведдзю. Чым радзей чалавек спавядаецца, тым важней павінна быць падрыхтоўка да споведзі.

Ілюстратыўнае фота

Спаведнік хутка зарыентуецца, хто спавядаецца часцей, чым раз на год. Трэба таксама сачыць за тым, каб не спавядацца занадта часта, напрыклад, пад уплывам панічнага страху, перфекцыянізму, хворага прагнення дасканаласці.

Трэба памятаць, што споведзь падчас Імшы і святая Камунія ачышчаюць ад лёгкіх грахоў. Важна таксама распазнаваць, ці ідзём мы шляхам духоўнага ўзрастання і ацалення, ці пастаянна вяртаемся да цяжкіх грахоў, спавядаючыся толькі з нагоды вялікіх святаў.

8. Навошта спавядацца перад святаром?

Цяжкасці прыносіць пэўная нязручнасць, што грахі трэба вызнаваць перад чалавекам — святаром. Кагосьці гэта знеахвочвае, і такі бар’ер найчасцей выкарыстоўвае злы дух.

Спаведнік — не крыніца міласэрнасці, але ён дзейнічае ад імя Хрыста, ён з’яўляецца прадстаўніком супольнасці Касцёла — адначасова святой і грэшнай.

Споведзь — гэта прымірэнне не толькі з Богам, але і з супольнасцю Касцёла. Кожны грэх — нават найбольш асабісты і прыхаваны — закранае таксама іншых. Таму споведзь — справа асабістая і таемная, — гэта не толькі пытанне ўзаемаадносін паміж Богам і чалавекам.

Ніхто не можа быць ні добрым суддзёю ва ўласных справах, ні лекарам уласных хваробаў. Мы можам ацэньваць сябе занадта сурова або занадта далікатна. Часам хтосьці павінен нас супакоіць, іншым разам «дастукацца» да нас. Святы Дух дзейнічае праз нашае сумленне, праз Божае слова, але таксама праз Касцёл, які ўтвараюць звычайныя, недасканалыя людзі. Не забывайма, што сатана зацікаўлены ў тым, каб усімі спосабамі не дазволіць нам прыступаць да споведзі, трымаць нас у грахах, абыякавасці, тузе і непакоі.

Спавяднік дзейнічае не сілай сваіх магчымасцяў, а моцаю Божай ласкі. Часта, сустракаючы грэх і складаныя справы, у першыя хвіліны ён адчувае бяссілле, але яго суправаджае сіла Святога Духа, які неспадзявана прыносіць святло,  патрэбнае слова і давер.

9. Што трэба ведаць пра рахунак сумлення?

Існуюць розныя формы рахунку сумлення. Можна выкарыстаць канкрэтную схему з пытаннямі да сябе. Толькі важна не зводзіць такую падрыхтоўку да фармальнасці: дзе і калі я парушыў нормы, правілы і запаведзі? Найлепш рахунак сумлення варта звязаць з разважаннямі над урыўкам са Святога Пісання, у якім ідзе гаворка пра Божую міласэрнасць і наш грэх.

Трэба паглядзець на сваё жыццё ў наступнай паслядоўнасці: я і мае стасункі з Богам; маё стаўленне да сябе; я і мае адносіны з блізкімі. Заўжды неабходна пачынаць з погляду на сваю веру: як яна выглядае, наколькі я давяраю Богу, як выглядае мая малітва, удзел у Эўхарыстыі?

Камусьці больш зручна разважаць над чытаннем з дня і ў яго святле ацэньваць свае ўчынкі. Важна, каб Слова нас узварушыла, выклікала ў нас шчыры жаль і жаданне выправіцца; а не тое, каб мы толькі пабачылі свае грахі.

10. Споведзь павінна нас змяняць. А што рабіць пасля споведзі?

Споведзь яднае чалавека з Богам і супольнасцю Касцёла, а таксама дае сілы, каб ісці далей. Пра гэта мы часта забываемся.

Калі ж для нас важна духоўнае ўзрастанне, добра было б рабіць гэта маленькімі крокамі. Не спяшайцеся змяняць усё і адразу, бо звычайна гэта марныя намаганні. Важная сістэматычная праца над сабой, бо споведзь павінна змяняць нас. Нават святыя не адразу пазбавіліся ўсіх сваіх заганаў. Езус казаў пра павольнае ўзрастанне Божага Валадарства, а не пра раптоўныя змены.

Пасля споведзі варта засяродзіцца на адным граху, які мы пастаянна паўтараем, і паспрабаваць не паддацца на спакусу ў наступны раз. А калі ж не атрымаецца — спрабаваць яшчэ. І рабіць да таго часу, пакуль не дасягнём поспеху.

Калі, напрыклад, хтосьці праводзіць зашмат часу ў сеціве ці перад тэлевізарам, занядбоўваючы абавязкі перад сям’ёй ці малітву, то можна распачаць са спробы абмежаваць гэты час і замяніць гэту шкодную звычку больш карыснай справай.

Абноўлена 11.05.2018 15:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця