У 2017 годзе спаўняецца 30 гадоў з моманту першай сустрэчы прадстаўнікоў епіскапату Польшчы і Сіноду Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, падчас якой была абвешчана Дэкларацыя пра польска-украінскія пагадненні, і сёлетняга ўручэння ўзнагароды «Капітул польска-украінскага прымірэння».
Гэты шлях з сённяшняга дня атрымаў у якасці заступніка святога Яна Паўла ІІ. Сёлетняя прэмія ўручаецца ў Рыме, як і 30 гадоў таму, дзе з 7 па 17 кастрычніка 1987 года, упершыню разам сабраліся прадстаўнікі польскага епіскапату і Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Рух прымірэння распачаўся па ініцыятыве Яна Паўла ІІ, які добра ведаў раны, нанесеныя вайной, і тую непрыязнасць, што заставалася паміж двума народамі, нягледзячы на цяжкі агульны лёс пад савецкім ярмом. Таму невыпадкова першым лаўрэатам гэтай прэміі ў 2001 годзе стаў менавіта Ян Павел ІІ.
Арцыбіскуп Шаўчук у разгорнутай гістарычнай панараме паказаў тэму прымірэнняў, што адбываліся пасля ІІ Сусветнай вайны: першым стала прымірэнне паміж французамі і немцамі, потым — паміж немцамі і палякамі, якому спрыяла такая выдатная асоба, як кардынал Баляслаў Камінэк, і, нарэшце, прымірэнне паміж Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквой і Касцёлам у Польшчы.
Але ж з-за чаго неабходна было гэтае прымірэнне паміж палякамі і ўкраінцамі? Перш за ўсё, неабходна было загаіць дзве раны, што заставаліся пасля вайны, і ўсе іхнія наступствы.
Першая была нанесена разнёю ў Валыні. У 1943 годзе горад перажыў жахлівую этнічную чыстку, скіраваную супраць палякаў, якую ўчынілі ўкраінскія нацыяналісты пры актыўнай падтрымцы мясцовага насельніцтва, што ненавідзела польскую меншасць. Ахвярамі разні сталі не толькі палякі, але таксама рускія, габрэі, армяне, чэхі і шмат прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якія жылі ў той мясцовасці.
Другая рана — гэта так званая «аперацыя Вісла», што адбылася 70 гадоў таму, у 1947 годзе. Гэта была масавая дэпартацыя ўкраінскага насельніцтва, якое жыло на новых паўднёва-ўсходніх межах Польшчы.
Яна праводзілася польскімі камуністычнымі ўладамі з дапамогай Савецкага Саюза і Чэхаславакіі, па афіцыйнай версіі з мэтаю ліквідацыі УПА — Украінскай паўстанцкай арміі, якую абвінавачвалі ў знішчэнні мірнага польскага насельніцтва на паўднёва-ўсходніх тэрыторыях, пачынаючы з 1944 года. Каля 200 тысяч асобаў былі насільна пераселеныя на новыя тэрыторыі на захадзе і поўначы, якія Польшча атрымала ад Германіі. Фактычна, гэта была этнічная чыстка.
Усё гэта было яшчэ свежым у памяці, калі польскія і ўкраінскія біскупы сабраліся разам у 1987 годзе. Хоць тады Савецкі Саюз ужо пачаў хістацца, аднак усё яшчэ моцна трымаў пад сваім кантролем усходнюю частку Еўропы.
Уражвае той факт, што з боку Украіны выступілі менавіта грэка-католікі, якія ў сваёй краіне афіцыйна не існавалі пасля ілжэ-сіноду ў Львове у 1947 годзе, але пры гэтым засталіся найбольш жыццяздольнымі носьбітамі гістарычнай памяці ўкраінскага народа і натуральным мастом паміж Усходам і Захадам. Таму першы сінод Грэка-Каталіцкай Царквы адбыўся ў Рыме ў 1981 годзе, таксама па волі святога Яна Паўла ІІ, якому былі добра вядомыя цяжкасці гэтага народа, што жыў на чужыне і быў нявольнікам на сваёй уласнай зямлі. Нумар штотыднёвіка L’Osservatore Romano, у якім была змешчана навіна пра гэтае пасяджэнне, у Польшчы быў забаронены цэнзурай і адпраўлены пад нож.
Такім чынам, сустрэча 1987 года стала непасрэдным наступствам шляху, распачатага Папам-палякам. «Быў апублікаваны першы са шматлікіх тэкстаў, прысвечаных прымірэнню, і з таго часу іх ужо назбіралася цэлая кніга», — сказаў Першавярхоўны арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук.
Святы Ян Павел ІІ сачыў за кожным крокам гэтага працэсу. Падчас свайго візіту ў польскі горад Пшэмысль, дзе жыве нямала ўкраінцаў, ён сказаў: «З якою шчыраю радасцю жадаю я, дарагія браты і сёстры, прымірэння і сапраўднага братэрства паміж украінцамі і палякамі. Менавіта сёння ўсё заклікае нас да прымірэння, да братэрства і да ўзаемапавагі; да пошуку таго, што нас аб’ядноўвае». Гэтыя словы, як адзначыў кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, павінны паказаць «нараджэнне новай Еўропы», асабліва калі ў нашыя дні ў Еўропе зноў уздымаюць галаву праявы нацыянальнага эгаізму.
Наступным важным этапам на гэтым шляху стала святая Імша, якую папа Ян Павел ІІ цэлебраваў у Львове ў 2001 годзе і падчас якой кардынал Любамір Гузар, тагачасны Першавярхоўны арцыбіскуп УГКЦ, падкрэсліў важнасць далей разважаць над украінска-польскім прымірэннем і нават сказаў слова «прабачце».
Акрамя таго, быў таксама сумесны ліст УГКЦ і польскага епіскапату, падпісаны ў Варшаве. Потым, у 2013 годзе, Першавярхоўны арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук наведаў Польшчу з нагоды 70-й гадавіны разні ў Валыні, і на заканчэнне памятнай цырымоніі была зачытана супольная дэкларацыя. А ў 2016 годзе прадстаўнікі інтэлігенцыі, а таксама рэлігійныя і палітычныя лідары Украіны у межах Года міласэрнасці скіравалі ліст перапрашэння і пакаяння польскаму народу, які быў вельмі добра прыняты.
Уручэнне прэміі за прымірэнне — гэта кульмінацыя двухдзённага святкавання трыццацігоддзя. Сёлета раніцай 11 кастрычніка адбылася малітва каля грабніцы святога Яна Паўла ІІ у базыліцы святога Пятра, дзе святы Папа-паляк быў абвешчаны «апекуном руху польска-ўкраінскага прымірэння». 12 кастрычніка ўдзельнікі разам з прадстаўнікамі Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў прымаюць удзел у святой Імшы з папам Францішкам у базыліцы Найсвяцейшай Панны Марыі Вялікай. Потым — міжнародная сустрэча на тэму «Каталіцкі Касцёл у працэсе дыялогу і польска-ўкраінскага прымірэння», што праходзіць пры Папскім украінскі калегіуме святога Язафата.
Вось што кажа арцыбіскуп Шаўчук: «Ёсць два тыпы памяці: памяць адмоўная і памяць станоўчая. Адмоўная памяць трымае ў сабе толькі дрэннае, памятае грахі іншых людзей, а не свае ўласныя. Але ж ёсць і станоўчая памяць, якая захоўвае і дапамагае вынесці на святло найлепшыя моманты з нашага мінулага і такім чынам становіцца памяццю, што будуе будучыню. Таксама і ўкраінскі народ сфармаваўся ў гістарычнай памяці, але на працягу стагоддзяў у нас не было ўласнай дзяржавы для абароны годнасці нашага народа. Таксама і мы робім памылку, несучы далей адмоўную памяць, а таму гэтая падзея, гэтая гадавіна, а таксама ўручэнне гэтай узнагароды дапамагаюць нам адкрываць, развіваць і несці далей станоўчую памяць, якая дапаможа нам будаваць лепшую будучыню». З гэтай будучыні павінна распачацца адраджэнне Еўропы, на шляху прымірэння, які быў распачаты позна, з-за таго, што «раней, пад савецкім панаваннем, усё было схавана», — тлумачыць арцыбіскуп Шаўчук.
На такім фоне ўручаецца прэмія за прымірэнне, якая на працягу гадоў прысуджалася прадстаўнікам інтэлігенцыі, журналістам, розным установам. Сёлета яе атрымліваюць дзве ўстановы.
Прэмія ўручаецца Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў за падтрымку каштоўнасцяў, якія аб’ядноўваюць народы ў будаўніцтве супольнай будучыні, у адпаведнасці са словамі святога Яна Паўла ІІ: «Дзякуючы ачышчэнню гістарычнай памяці, няхай усе будуць гатовыя імкнуцца да таго, што аб’ядноўвае, а не да таго, што падзяляе, каб разам будаваць будучыню, заснаваную на ўзаемапавазе, братнім супрацоўніцтве і на сапраўднай салідарнасці».
Прэмію атрымлівае таксама Radio Vaticana (польская, украінская і славацкая рэдакцыі) за непрадузятае распаўсюджванне інфармацыі і за развіццё міжкультурнага дыялогу ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе дзеля пераадолення стэрэатыпаў і ўзаемнага недаверу. З надзеяй на тое, што «прымірэнне» не будзе ўсяго толькі добрым пажаданнем, а істотнай рысай Касцёлаў ва ўсёй Еўропе.