Пошук

22.09.2017 15:01   credo.pro / Пераклад і адаптацыя: Ілья Лапато
Ілюстратыўнае фота

Апека над хворым членам сям’і — гэта сапраўдны выклік. Што рабіць, каб такая прысутнасць каля цяжкахворага стала сапраўднай праявай міласэрнасці і нагодай для ўзрастання ў ласцы і любові да Бога?

Людзі з акружэння хворага таксама патрабуюць падтрымкі, бо вельмі часта яны перапоўнены эмоцыямі. Яны адчуваюць страх, няўпэўненасць, боль, бездапаможнасць, адсутнасць надзеі, а часам і гнеў.

Іх роля бясцэнная: яны падтрымліваюць хворага, суправаджаюць яго на кожным кроку, дапамагаючы ва ўсіх патрэбах. І хоць часта яны не паказваюць гэтага, самі яны таксама гатовыя крычаць ад болю эмацыйнай напружанасці.

Тыя, хто ў любові дапамагаюць сваёй прысутнасцю хвораму несці крыж, падобна Сымону Кірынэйцу, — гэта сапраўдныя героі, якія застаюцца ў ценю.

Папа Францішак называе такіх людзей нябачнымі героямі. Адначасова Пантыфік адзначае, што важна выхоўваць у дзецях уражлівасць да людской хваробы, бо ў іншым выпадку дзіця вырасце з «сіндромам халоднага сэрца» і будзе абыякавым да цярпенняў і няздатным прыняць і вынесці абмежаванні, звязаныя з хваробай.

10 парад, да якіх варта прыслухацца

Калі вас напаткала навіна пра хваробу кагосьці з сям’і — памятайце, што ў такіх абставінах кожны (і сам хворы, і яго родныя) мае права на ўласную рэакцыю. Увогуле ўсе мы рэагуем неаднолькава на такую навіну, бо спосаб выяўлення нашых эмоцый бывае розным.

Няма лепшага ці горшага, проста ўсе мы розныя.

1. Паглядзець на сітуацыю з іншай перспектывы

Калі шок, выкліканы гэтым паведамленнем, пройдзе і мы адновім сваю раўнавагу, варта паспрабаваць паглядзець на ўсю сітуацыю з іншай перспектывы: выйсці па-за толькі людское бачанне і запрасіць Бога, каб Ён суправаджаў нас на гэтым этапе нашага жыцця.

Калі мы не верым у Бога, то, можа, гэта важны момант, каб увайсці ў прастору веры. Калі ж мы ідзём па жыцці з Богам, гэты нялёгкі перыяд выглядае інакш, чым у выпадку, калі мы разлічваем толькі на сябе.

2. Разумець, што Бог не дае выпрабаванняў больш, чым можа вытрымаць чалавек

Бог не дае нам цяжар звыш нашых сілаў. Заўсёды памятаем пра гэта! Амаль заўсёды хворы здзіўляе нас незвычайнай, незразумелай нам моцаю, тады як блізкія перажываюць трагедыю, адчуваюць сябе слабымі і безабароннымі.

3. Кантраляваць свае думкі

Гэтая канкрэтная сітуацыя, а не наша ўяўленне пра яе, — гэта крыніца ласкі.

Таму мы павінны ўважліва сачыць за нашымі думкамі, бо яны могуць стаць нашым найгоршым ворагам. Яны могуць забраць у нас усе сілы, паралізаваць нас і стрымліваць перад прыняццем наступнага кроку на гэтай дарозе і выкананнем таго, чаго чакае ад нас Пан Бог.

Кожную хваробу трэба перажываць, не забягаючы наперад больш чым на адзін дзень; памятаючы, што кожны дзень мае «дастаткова сваёй бяды».

4. Трываць ля хворага з удзячнасцю

Памятаем, што гэта сапраўдны гонар і вялікі прывілей, праява міласэрнасці і нагода да ўзрастання ў ласцы і любові Бога.

5. Узрастаць у пакоры

Хварэючы, мы адчуваем бездапаможнасць і аддаём сябе ў рукі родных і сяброў. Гэта адна з найбольшых праяваў пакоры, бо, патрабуючы дапамогі, мы дазваляем блізкім служыць нам. Варта ахвотна прымаць дапамогу ад самых блізкіх, бо такім чынам мы дапамагаем ім узрастаць у любові і даём пачуццё  задавальнення ад такога служэння.

Наша хвароба становіцца для нас прасторай благаслаўлення і міласэрнасці. Калі ж гэта мы апякуемся хворым у сям’і, варта шчыра распавесці пра свае магчымасці і абмежаванні, абавязкова з любоўю і пакорай прызнацца ў гэтым, у стрэсе ці патрэбе адпачынку. Аднак ніколі нельга сябе шкадаваць.

6. Жыць далей

Мы павінны жыць далей. Гэта праўда: мы пастаянна прабываем з хворым, але мы не павінны забывацца, што па-за рэальнасцю хваробы нармальнае жыццё працягваецца. Вельмі важна, намагаючыся знайсці сябе ў новай сітуацыі, не адмаўляцца ад сваіх планаў. З пункту гледжання новых абставін варта знайсці новы спосаб ажыццяўлення сваіх планаў.

Сам факт апекі над кімсьці ў важную хвіліну не павінен быць перашкодай для рэалізацыі розных праектаў ці здзяйснення мар, толькі трэба ўлічваць абмежаванні, якія мае хвароба.

7. Даць хвораму адчуць нашу любоў

Цярпліва паўтараць напоўненыя любоўю словы ў цішыні: «Я тут для цябе, бо ты для мяне важны. Я цябе люблю. Дзякую, што дазваляеш мне быць каля цябе незалежна ад таго, ці ты ў добрым настроі, ці пакутуеш, ці радуешся, ці адчуваеш сябе стомленым. Гэта для мяне вялікі гонар». Часта гэта адзіныя словы, якія патрэбны хвораму.

Гаворка ідзе пра тое, каб пераканаць кагосьці: ён можа разлічваць на нас, і мы не пакінем яго ў тую важную і цяжкую хвіліну.

8. Удасканальваць свае веды

Узяўшы на сябе ролю апекуноў, варта пашукаць інфармацыю пра ўсе стадыі хваробы, з якімі ваш блізкі сустрэнецца.

Варта прачытаць кнігу «Каля жыцця» Элізабет Кюблер-Рос, амерыканскага псіхолага швейцарскага паходжання, якая апісвае этапы, праз якія праходзіць хворы: пярэчанні, гнеў, роздум, роспач (дэпрэсія) і прыняцце. Гэта можа адбывацца ў рознай паслядоўнасці. Такая мадэль таксама датычыць людзей, якія страцілі сваіх блізкіх.

9. Дбаць пра прыемную атмасферу дома і падчас сямейных сустрэч

Нельга дазваляць, каб хвароба пачала дамінаваць у нашых размовах і займала цэнтральнае месца ў нашым жыцці.

10. Усведамляць уласныя пачуцці

І хворы, і людзі з яго акружэння павінны навучыцца выражаць свае пачуцці, сумненні, дылемы, страхі і спадзяванні. Яны павінны дзяліцца сваімі пачуццямі, роздумамі і назіраннямі на тэму таго, як на іх уплывае хвароба, што яна змяніла ў іх жыцці.

Варта зразумець сваё стаўленне да цярпення і навучыцца расказваць пра тое, што ў нас зараз на сэрцы. Звычайная размова — гэта найлепшая магчымасць такога абмену досведам і спазнання ўнутранага свету іншага чалавека. Тады ў нас атрымаецца апісаць словамі тое, што адбываецца ў нас: «Баюся, бо не ведаю, што мяне чакае ў той хваробе. Я злуюся на хваробу, а не на цябе, бо я ж бязмежна цябе люблю...»

І самае галоўнае — за хворага трэба маліцца.

Таксама па тэме:

Абноўлена 16.05.2018 17:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця