Пошук

19.09.2017 16:34   zycie-duchowe.pl / Пераклад: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Kenzie Saunders / Flickr.com / CC BY-ND 2.0

Мы жывём у часе, мы заглыблены ў яго і не ўмеем уявіць сябе па-за ім. Гады, месяцы, тыдні, дні і гадзіны — усё гэта ўтварае нашую штодзённасць. Мы так прызвычаіліся да гэтай няўлоўнай рэчаіснасці, што нават не задумваемся пра яе. Аднак жа, гэта яна аказвае на нас велізарны ўплыў. Час адмярае нашае жыццё: рэлігійнае, грамадскае, прыватнае. І калі ён суправаджае нас ад нараджэння, з’яўляецца важнай часткай нашага жыцця, варта даведацца, што пра яго кажа Біблія. Паглядзець на яго з больш боскай перспектывы, задумацца над тым, дзеля чаго ён быў нам дадзены.

Па-за часам

Словы, якімі распачынаецца Біблія, утойваюць вялікую таямніцу. Ад моманту стварэння Бог, які з’яўляецца вечным, уваходзіць у часовыя межы. Час пайшоў для чалавека, а Бог пастанавіў аб’яўляць сябе ў ім. Такім чынам, кожная секунда, кожная хвіліна, якая належыць да мінулага ці да будучыні, з’яўляецца часам апакаліпсісу, а значыць аб’яўлення — гэта момант, у які Бог дае пазнаць нейкую частку сябе.

У многіх адно толькі слова апакаліпсіс выклікае страх, аднак яго біблійнае значэнне мае цалкам пазітыўную афарбоўку. Тут гаворка ідзе пра адкрыццё нейкага «кавалку» Бога, пра лепшае Яго пазнанне, набліжэнне да таямніцы. Сустрэча нашай прамінальнасці з Яго спрадвечнасцю не застаецца для нас, — тых, да каго скіравана біблейскае пасланне, — без значэння. Нашым прызначэннем з’яўляецца вечнасць.

Час нам дадзены толькі на пэўны перыяд, аднак нашае жыццё выкрочвае па-за яго. Усё гэта мы можам зразумець з кнігі Быцця, з апісання стварэння свету і чалавека. Бог, які існуе па-за часам, стварае чалавека на свой вобраз. Гэтае падабенства, упісанае ў нас, абуджае ў нашых сэрцах смутак па спрадвечнаму, а яно рэалізуецца ў Богу і Яго абяцаннях.

Для кожнага з нас некалі надыдзе канец нашага часу, але гэта не азначае, што настане канец чалавека. Гэта толькі закрыццё пэўнага этапу і пераход у цалкам новую і невядомую нам рэчаіснасць — у вечнасць.

Глядзі наперад і не забывай пра тое, што было напачатку

У Старым Запавеце час ідзе, а Бог разам з яго прамінаннем дае пазнаць сябе ўсё лепш. Святы, якія вызначаюць рытм жыцця Ізраэля, упісаны ў яго рэлігійны каляндар. Іх мэта — нагадаць выбранаму народу, што існуе хтосьці, каго час ніякім чынам не абмяжоўвае, хтосьці, хто збірае ў сабе ўсе святы адначасова, у кім адбываецца вечная цэлебрацыя. Зямное святкаванне для габрэяў з’яўляецца падрыхтоўкай да ўваходу ў вечнасць, пераходам па-за час, удзелам у боскай рэчаіснасці. Час не замыкаецца ў кола, ён бяжыць наперад і накіроўваецца да сваёй мяжы.

Кажучы сучаснай мовай, святочныя цэлебрацыі, як машыны часу. Уваходзячы ў святочны час, чалавек сустракаецца з сутнасцю Бога. Не толькі ўспамінае тое, што сталася ў мінулыя стагоддзі, але выбягае ў будучыню, беручы ўдзел у рэалізацыі дадзеных Богам абяцанняў.

Біблійны Ізраэль дасканала разумее праўду, што сучаснасць належыць Найвышэйшаму. Бог ёсць! Толькі Ён ёсць! «Ёсць» — гэта Яго імя. У ім сустракаюцца мінулае, будучыня і становіцца сучаснасцю.

Выбраны народ, пра які мы чытаем на старонках Святога Пісання, цалкам заслугоўвае, каб яго называлі запаветным народам. Не толькі таму, што ля яго пачатку было Божае абяцанне, але таксама таму, што менавіта ў ім абяцанне становіцца канкрэтнай рэчаіснасцю. Месія — Езус — нарадзіўся менавіта ў выбраным народзе, Ён атрымаў цела ад дачкі гэтага народа і стаў яго часткаю.

Чаканне спаўнення прароцтваў, Божай інтэрвенцыі становіцца характэрным элементам біблійнага часу. Ізраэль жыве, гледзячы наперад, але не забывае пра тое, што было напачатку. Бог аб’яўляецца ў часе. Чым больш мінае часу, тым больш поўна Ён сябе аб’яўляе.

Калі мы паглядзім на Стары Запавет вачыма сучаснікаў святога тэксту, то заўважым, што многія Божыя абяцанні не споўніліся ў час іх зямнога жыцця. Толькі наступныя пакаленні маглі цешыцца тым, што прадказвае Бог. Гэта важны ўрок для нас, для тых, хто чытае словы Святога Пісання. Час, які мінае, не толькі аб’яўляе нам Бога, але таксама вучыць нас давяраць Яму. Гэты давер, у сваю чаргу, фарміруе ў нас цярплівасць. Біблія аб’яўляе нам, што хоць Бог вечны, не мае пачатку і канца, існуе па-за часам, аднак дасканала выкарыстоўвае гэты час для нашага збаўлення.

Не такі і страшны апакаліпсіс

Бог паступова адкрывае сябе. І гэты працэс мае сваю вяршыню ў Апакаліпсісе святога Яна. Назва «апакаліпсіс», прывычная для каталіцкай традыцыі, звязана з першымі словамі гэтага тэксту: «Аб’яўленне Езуса Хрыста». Нягледзячы на тое, што гэтая апошняя з новазапаветных кніг была напісана на грэчаскай мове, яна з’яўляецца самай «габрэйскай» кнігай у гэтай частцы Бібліі. Складана яе чытаць, не звяртаючыся да Старога Запавету, звычаяў, сімволікі і габрэйскага спосабу мыслення. Менавіта гэтая кніга можа сказаць нам вельмі многа пра час.  

Аўтар Апакаліпсісу перакананы ў тым, што жыве ў вельмі асаблівы час. Ён сведка спаўнення самых вялікіх абяцанняў, якія Бог пакінуў праз прарокаў свайму народу. Ён разумее, у які незвычайны час яму давялося жыць: ужо пачалося, але яшчэ не скончылася! Аб’яўленне Бога дасягае свайго зеніту, чалавечы час сутыкаецца з вечнасцю. Чалавечая рэчаіснасць пераплятаецца з рэчаіснасцю Найвышэйшага.

Многія з нас баяцца гэтай кнігі. Сама назва «апакаліпсіс» для некаторых гучыць страшна. Аднак Апакаліпсіс — гэта кніга суцяшэння, якая падбадзёрвае хрысціянаў, якія змагаюцца з жыццём. Чаму мы гэтага не бачым? Чаму яна здаецца такой страшнай? Магчыма, мы проста яе не разумеем. Механізм просты: штосьці невядомае, чужое, што нам складана зразумець, — пужае нас. Аднак не так было, калі кнігу Аб’яўлення чыталі яе першыя адрасаты. Яны значна лепш арыентаваліся ў сімвалах, знаках, ва ўсёй канцэпцыі гэтага святога тэксту.

Сабранне страшных катаклізмаў і бедстваў для першых веруючых у Хрыста было зразумелым знакам, што чалавечая гісторыя накіроўваецца да свайго канца. Інтэнсіфікацыя гэтых страшных здарэнняў пацвярджае гэта. Першыя хрысціяне былі перакананыя ў тым, што разам з прыйсцем Езуса на свет — калі Божае абяцанне ўцелавілася — чалавецтва ўступіла ў апошнюю фазу сваёй гісторыі. Настаў апошні час. Несумненна, ніхто не казаў, колькі ён будзе працягвацца, але першыя хрысціяне былі ўпэўнены, што гэта яны, іх пакаленне будзе сведкам, а адначасова і ўдзельнікам вялікага спаткання часу з вечнасцю!

Віктар Малышчыц

Самая важная праўда, якую перадае нам аўтар апакаліптычных прароцтваў, — гэта глыбокая ўпэўненасць, што Бог з’яўляецца Панам часу, і нічога з таго, што адбываецца ў чалавечай гісторыі, не ў стане пахіснуць Яго цудоўныя планы.

Па загаду Бога час пачаў ісці, Яго пачатак прыгожы і асвячоны справай стварэння. Падобна і яго канец будзе сыходзіць ад Бога і таксама будзе прыгожы і святы. Гэтая гісторыя, якую прадстаўляе ў сваёй працы св. Ян, мае добры фінал. Скончыцца час, застанецца вечнасць.

Апакаліпсіс, без сумненняў, з’яўляецца цудоўнай працай, якая можа падрыхтаваць нас да вечнасці. Тут яна далікатна змешваецца з часам, які мінае. Тое, што ёсць, сустракаецца з тым, што было і што яшчэ будзе. Нічога дзіўнага, што так цяжка нам чытаць апошнюю кнігу Святога Пісання. Мы прызвычаіліся да нашага мыслення, нам усё трэба ахапіць розумам і ўпарадкаваць падзеі на восі часу. А Бог хоча, каб мы пакаштавалі вечнасць, каб мы наблізіліся да Яго адвечнай істоты. Цяпер, магчыма, нас гэта крыху пужае, мы не адчуваем сябе добра ў «бязмежнасці часу», бо хвіліны, гадзіны і дні даюць нам пачуццё бяспекі. Аднак Бог вядзе нас да чагосьці іншага, нібы хоча нам сказаць, што не ў календары, не ў вызначаным рытме часу квітнее таямніца нашай бяспекі. Ён сам з’яўляецца яго гарантыяй, бо Ён вечны.

Абноўлена 19.09.2017 16:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа