Думаць пра Сярэднявечча як пра нейкую «цёмную эпоху» ў гісторыі чалавецтва — гэта штамп, даўно абвергнуты навукоўцамі. Ён узнік у часы Рэнесансу, калі многія інтэлектуалы захапіліся культурай Антычнасці і пачалі думаць пра сябе як пра непасрэдных спадкаемцаў культуры старажытных Грэцыі і Рыма. Аднак гэта прывяло да забыцця тысячагадовай сярэднявечнай гісторыі і традыцыі, якія мелі якраз антычныя карані. Каб абвергнуць міф пра «сярэднявечнае цемрашальства», дастаткова згадаць, што менавіта ў гэтую эпоху паўсталі нашыя ўніверсітэты.
Сістэма ўніверсітэцкай адукацыі развівалася ў Еўропе вакол так званых катэдральных школаў, якія звычайна дзейнічалі пры кляштарах ці катэдральных саборах. Тут вучылі святароў кананічнаму праву, тэалогіі і філасофіі. Хутка гэтыя школы адчынілі свае дзверы для свецкіх і сталі такім чынам агульнымі цэнтрамі пашырэння адукацыі. Самыя лепшыя з такіх установаў атрымлівалі ад Святога Пасаду права надаваць тыя ж самыя акадэмічныя ступені, якія існуюць дагэтуль: бакалаўра, магістра і доктара.
Такім чынам стваралася еўрапейская сістэма адукацыі — падобная на цэхавую асацыяцыя ці супольнасць настаўнікаў і студэнтаў, якія падтрымліваюць агульны стандарт ведаў і маюць акадэмічную свабоду самастойна вырашаць унутраныя праблемы. Лацінскае слова universitas адносіцца як раз да гэтай супольнасці.
Ніжэй падаем спіс самых першых універсітэтаў свету.
Балонья (Італія)
Парыж (Францыя)
Оксфард (Вялікабрытанія)
Саламанка (Іспанія)
Кембрыдж (Вялікабрытанія)