Пошук

01.09.2017 15:26   Zycie-duchowe.pl / Пераклад: Валянціна Грамыка / Catholic.by

Абрагам пакінуў халдэйскі Ур, каб вандраваць у Канаан — зямлю абяцаную. Юзаф, абраннік Марыі, пакінуў Канаан, каб трапіць у Егіпет. Абрагам вельмі доўга чакаў сына, якога нарадзіла ўжо ў сталым узросце Сара. Юзаф адразу пасля шлюбу песціў Езуса, якога нарадзіла маладзенькая Марыя. Абрагам быў гатовы забіць сваё дзіця з паслухмянасці Богу. Юзаф укрыўся ў Егіпце, каб меч Ірада не крануў Езуса. Абрагам доўга і гучна спрачаўся з Богам, каб пакаранне не сышло на Садому і Гамору. Юзаф на старонках Бібліі не прамовіў ніводнага слова. Абрагам стаіць ля пачатку першага запавету. Юзаф пазначае сваёй прысутнасцю Новы Запавет. Перад намі дзве розныя постаці і дзве гісторыі іх жыцця — гісторыі даверу.

Абрагам — паміж мінулым і будучыняй

Выпрабаванне Абрагама. Фрагмент гравюры Гюстава Дарэ

У другім тысячагоддзі да нараджэння Хрыстовага на старажытным Блізкім Усходзе дамінавалі два лады жыцця: гарадскі і качэўніцкі. Тыя, хто жыў у гарадах, былі абавязаны рамантаваць сцены, трымаць варту каля брамаў, плаціць падаткі на ўтрыманне арміі і дапамагаць на меліярацыйных працах.

Тыя ж, хто адважваўся на качэўніцкі лад жыцця, вызваляліся ад усіх гэтых абавязкаў, аднак, вандруючы з месца на месца ў пошуку пашы для сваіх статкаў, не раз вымушаны былі змагацца з іншымі групамі качэўнікаў за доступ да вады і пашы.

Абрам, які жыў у халдэйскім Уры, вырушыў з роднага горада ў Харан, а пазней у Канаан — зямлю, якую Бог абяцаў даць у валоданне яму і яго патомкам.

Жыццё Абрама — пазней Абрагама — гэта чарада здарэнняў, з якіх амаль кожнае з’яўляецца выклікам яго даверу Богу. Звычайна, калі ідзе гаворка пра Абрагама і давер, мы ўзгадваем фрагмент з Бібліі, калі ён павінен быў прынесці ў ахвяру ўласнага сына Ісаака (гл. Быц 22, 1–19). Аднак гэтае здарэнне, як і многія іншыя ў жыцці Абрагама, з’яўляецца толькі вынікам першага і самага важнага акту даверу — паслухмянасць загаду: «Выйдзі са сваёй роднай зямлі і з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу» (Быц 12, 1).

Абрам пакінуў гарадское жыццё. Пакінуў веру ў месапатамскіх багоў дзеля адзінага Бога, які аб’явіўся яму і абяцаў, што ён стане айцом шматлікага патомства. З гэтым абяцаннем звязана змена імя: Абрагам — «айцец многіх народаў». Менавіта Абрагам лічыцца першым габрэем і патрыярхам выбранага народа. Разам са сваёй жонкаю Сарай і Лотам, сынам брата свайго, ён прыйшоў у Канаан, але з-за голаду выправіўся ў Егіпет. Пасля вяртання з Егіпта ён пасяліўся ў ваколіцах Хеўрона. Сара нарадзіла Абрагаму Ісаака, які даў пачатак габрэйскаму народу.

Айцы Касцёла, сярод іх таксама Арыген і Тэртуліян, бачылі ў постаці Ісаака тып Хрыста. Хрыстус, як Ісаак, павінен быў ахвяраваць сваё жыццё. Ісаак вандраваў з Абрагамам тры дні на гару Морыя, Хрыстус тры дні прабываў у магіле. Ісаак быў уратаваны дзякуючы Божаму ўмяшальніцтву, Хрыстус — пасля смерці ўваскрос. Ад Ісаака нарадзіўся народ Старога Запавету, ад Хрыста бярэ пачатак Касцёл — народ Новага Запавету.

Рашэнне прысвяціць уласнага сына Богу, у якога Абрагам паверыў, напэўна, было самым драматычным у жыцці бацькі, які любіў сваё доўгачаканае дзіця. Аднак з гэтым рашэннем непарыўна звязана поўная змена стылю жыцця — з аседлага да вандроўніцкага. Выйсце з Ура і доўгае вандраванне да Канаана стаіць ля пачаткаў гісторыі выбранага народа.

Такім чынам, уся сутнасць уроку даверу Абрагама заключаецца вось у чым: цалкам даверыць Богу сваё мінулае і даверыць Яму будучыню, каб засяродзіцца на высакародным перажыванні дадзенай хвіліны. Трываць у блізкасці Бога цяпер. Жыць сучасным з гатоўнасцю ў любы момант рэалізаваць Божы заклік: «Ідзі, ідзі!»

Юзаф — паміж сном і маўчаннем

Уцёкі ў Егіпет. Фрагмент гравюры Гюстава Дарэ

Абраннік Марыі на старонках Святога Пісання паказаны як постаць, агорнутая Божым словам. Ён чакае яго так моцна, як ізраільцяне чакалі манну кожны дзень свайго вандравання. Ён насычаецца Божым словам так, як Ізраэль насычаўся таямнічай ежай: кожны дзень атрымліваючы толькі дзённую порцыю. Толькі так можна навучыцца не рабіць запасаў, а давяраць Богу кожны дзень. Як манна спадала з неба штодзень, так нябесныя словы спадалі ў сэрца Юзафа ў яго зямной пілігрымцы. І словы гэтыя трапілі на добрую глебу яго сэрца праз сон.

Гісторыя даверу Юзафа — гэта гісторыя слухання слова Бога. Слова ўваходзіць у сэрца Юзафа падчас цішыні ночы (гл. Мц 2, 14), калі стамляецца чалавечая актыўнасць і адкрываецца час сузірання. Калі слабнуць сілы спрацаванага за дзень чалавека, Бог «закрадваецца» ў сэрца праз сон. Сам Бог выбірае такі метад камунікацыі. Аднак чалавек не можа самастойна зразумець значэнне сноў. Бог займаецца іх герменеўтыкай (гл. Быц 40, 8). А калі Бог не тлумачыць сон, трэба пайсці за парадай да Ераміі: «Не слухайце сноў вашых, якія вам сняцца; непраўдзіва прарочаць яны вам іменем Маім; Я не пасылаў іх, кажа Пан» (пар. Ер 29, 8).

Значэнне сноў нельга пераацэньваць. На старонках Евангелля сны настолькі зразумелыя, што не патрабуюць інтэрпрэтацыі. У генеалогіі Езуса, запісанай Мацвеем, айцец Юзафа названы Якубам (гл. Мц 1, 16). Такім чынам евангеліст скіроўвае нас да сну Якуба, які змагаўся з Богам і праз гэта даў імя ўсяму народу: Ізраэль — які змагаецца з Богам (гл. Быц 32, 29). Таксама і Юзаф з Назарэта дазваляе, каб Слова перамагло яго. Праз сны Бог робіць сэрца Юзафа настолькі вялікім, што ён без ваганняў бярэ да сябе Марыю.

Юзаф з’яўляецца таксама чалавекам маўчання. Праз маўчанне ён выражае свой давер Богу і Яго таямнічым планам. Юзаф — гэта чалавек дзеяння, а не слова. Аднак маўчанне Юзафа не азначае недахопу камунікацыі. Ён не хварэў на мутызм. Ён не страчваў мовы, як Захарыя (гл. Лк 1, 20–22). Яго маўчанне было прасторай, якую ён свядома чыніў для слухання Божага слова.

Юзаф не замыкаецца ў маўчанні, але адкрывае сэрца на гэтае маўчанне, якое паходзіць з нябёсаў. Ён трывае ў цішыні на знак гатоўнасці спаўняць волю Бога. У такой жа гатоўнасці і маўчанні трываў Езус, калі Яго вялі на муку. Абраннік Марыі трывае ва ўнутраным маўчанні, каб выразна чуць Найвышэйшага, каб ахоўваць давераныя яму пярліны — Езуса і Марыю. Юзаф у маўчанні ўслухоўваўся ў цішыню Божай музыкі, каб паўней удзельнічаць у Божым айцоўстве ў адносінах да Езуса.

Хоць Біблія не ўзгадвае ніводнага слова Юзафа, аднак першыя хрысціяне не дазволілі яму цалкам замаўчаць. Апакрыфічная легенда пра святога Юзафа, рамесніка, укладвае ў вусны апекуна Езуса словы прыгожай малітвы аб добрай смерці: «Божа, Ойча ўсялякай міласэрнасці і Бог усялякага існавання! Пане душы маёй, майго цела і духу! Калі скончацца дні жыцця майго, якое Ты даў мне на гэтым свеце, прашу Цябе, Пане Божа, пашлі Міхала Арханёла, каб быў пры мне аж да выйсця маёй засмучанай душы з цела майго без цярпення і трывогі. Бо смерць з’яўляецца вялікай бояззю і ўціскам для кожнага чалавека».

Чаму душа Юзафа была «засмучана»? Меркаванняў можа быць мноства: клопат пра сям’ю, будучыня Марыі і Езуса, а можа, словы дванаццацігадовага Езуса ў святыні адносна Яго Нябеснага Айца? Несумненна адно: давер Юзафа Богу прывёў да таго, што ён мусіў адмовіцца ад аднаго з найбольшых прывілеяў габрэйскіх мужчын — фізічнага айцоўства. Аднак для Езуса ён быў бацькам у кожным іншым сэнсе. А такога прывілею — быць зямным бацькам Божага Сына — не атрымаў ніводны з людзей, акрамя яго.

У Старым Запавеце тэрмін «давер» мае той жа самы корань, што і слова «амэн», якое выражала ідэю «стабільнасці» і «вернасці». Абрагам аказаўся «стабільным» у сваёй пастанове ісці за голасам Бога, дзякуючы чаму стаў Яго «верным» сябрам. На старонках Новага Запавету тэрмін «давер» гучыць дакладна так, як слова «вера» — pistis. А вера, у разуменні натхнёных аўтараў Новага Запавету, — гэта асабістая, глыбокая, інтымная сувязь з Богам. Тая сувязь, якую меў у сваім сэрцы Юзаф.

Абноўлена 01.09.2017 18:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа