Пошук

14.05.2024 16:33   Паводле: Кс. Марыюш Фрукач / Niedziela.pl / Catholic.by
Святы Мацей / Wikimedia

Святы Мацей, свята ў гонар якога Касцёл адзначае 14 мая, быў адным з першых вучняў Езуса. Ён быў абраны апосталамі на месца Юды пасля яго здрады і самагубства.

Гісторыя скупая на звесткі з жыцця святога апостала Мацея. Пасля абрання замест Юды ён атрымаў апостальскую ўладу праз ускладанне рук. Імя Мататыя на іўрыце азначае «дар Ягвэ» і паказвае на габрэйскае паходжанне Мацея.

Асобныя факты з жыцця гэтага апостала перадаюць некаторыя старажытныя аўтары.

Паводле Эўзэбія Кесарыйскага, святы Мацей быў адным з 72-х вучняў Езуса. Паводле Традыцыі Касцёла, Мацей прапаведаваў Евангелле спачатку ў Юдэі, потым у Эфіопіі і, нарэшце, у Калхідзе, гэта значыць на памежжы рассялення славянаў.

Хутчэй за ўсё, ён прыняў мучаніцкую смерць у Ерузалеме: яго пабілі камянямі як ворага габрэйскага народа і здрадніка, а потым дабілі сякерай або алебардай. Паводле іншых звестак, Мацей быў укрыжаваны. Клімэнт Александрыйскі (†215) выказвае думку, што Апостал памёр натуральнай смерцю каля 50 года (паводле іншых звестак — у 80 годзе).

Сярод апакрыфічных твораў захаваліся фрагменты т. зв. «Евангелля святога Мацея» і фрагменты «Дзеяў святога Мацея». Абодва сачыненні былі напісаныя ў III стагоддзі і маюць выразнае гнастычнае адценне. Жыццярысы святых Пана, выдадзеныя ў 1937 годзе, пададаюць словы святога Клімэнта Александрыйскага адносна вучэння апостала Мацея:

«У сваіх настаўленнях ён асабліва падкрэсліваў неабходнасць утаймоўваць цела і кантраляваць пачуццёвыя жаданні. Ён вучыў, што насамрэч можна карыстацца зямнымі рэчамі, але не трэба да іх прывязвацца сэрцам; мы павінны ўтаймоўваць цела і пазбавіць яго ўсяго таго, што вядзе да непажаданай пачуццёвасці; а менавіта, мы павінны імкнуцца да таго, каб душа ўзрастала і ўмацоўвалася праз веру і пазнанне праўды. Такім жа ясным было і яго настаўленне даваць іншым толькі добры прыклад і маліцца за іх».

Папа Бэнэдыкт XVI падкрэсліў у адной са сваіх катэхез, што святы Мацей «быў сведкам усёй зямной дзейнасці Езуса (пар. Дз 1, 21–22) і заставаўся да канца Яму верным. Да гэтай вялікай вернасці пазней дадалося Божае пакліканне заняць месца Юды, каб кампенсаваць наступствы яго здрады.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа