Пошук

29.09.2022 13:33   ave-maria.by
Тры арханёлы з Тобіем. Мастак Франчэско Бацічыні / commons.wikimedia.org

У свята святога Міхала Арханёла, апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла, святога Габрыэля і Рафала, арханёлаў, прапануем вашай увазе малітвы да анёлаў і арханёлаў, заступніцтва якіх дапамагае хрысціянам у розных жыццёвых патрэбах.

Тэрміновая малітва да святых анёлаў

Усемагутны вечны Божа, Адзіны ў Тройцы! Перш чым мы, Твае слугі, пачнём заклікаць святых анёлаў, кленчым перад Табою і праслаўляем Цябе, Ойча, Сыне і Духу Святы.

Святы моцны, несмяротны Божа, будзь праслаўлёны і ўшанаваны навекі, няхай усе анёлы і людзі, створаныя Табою, Цябе адаруюць, любяць і Табе служаць.

Марыя, Каралева анёлаў, прымі ласкава нашыя просьбы, якія мы ўзносім да Тваіх слугаў, і скіруй іх да трона Найвышэйшага, каб мы атрымлівалі ласкі, дапамогу і паратунак. Ты, якая просіць Усёмагутнасць, Ты — Пасрэдніца ласкаў. Амэн.

Святыя анёлы, вы дадзеныя нам Богам для абароны і дапамогі, заклікаем вас у імя Бога, Адзінага ў Тройцы, — спяшайцеся нам на дапамогу!

Просім вас у імя Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста,

Просім вас праз усемагутнае імя Езуса,

Просім вас праз усе раны Пана нашага Езуса Хрыста,

Просім вас праз муку Пана нашага Езуса Хрыста,

Просім вас праз святое слова Божае,

Просім вас праз Сэрца Пана нашага Езуса Хрыста,

Просім вас у імя Божай любові да нас, бедных,

Просім вас у імя Божай вернасці да нас, бедных,

Просім вас у імя Божай міласэрнасці да нас, бедных,

Просім вас у імя Марыі, Маці Божай і нашай Маці,

Просім вас у імя Марыі, Каралевы неба і зямлі,

Просім вас у імя Марыі, вашай Каралевы і Панны,

Просім вас праз вашае шчасце,

Просім вас праз вашую вернасць,

Просім вас праз вашую мужнасць і Валадарства Божае, — спяшайцеся нам на дапамогу!

Просім вас — засланяйце нас вашым шчытом.

Просім вас — абараняйце нас вашым мячом.

Просім вас — асвячайце нас вашым святлом.

Просім вас — укрыйце нас пад плашчом Марыі.

Просім вас — схавайце нас у Сэрцы Марыі.

Просім вас — аддайце нас у рукі Марыі.

Просім вас — пакажыце нам дарогу да брамы жыцця, адкрытага Сэрца нашага Пана.

Просім вас — вядзіце нас бяспечна ў нябесны дом Айца.

Усе дзевяць благаслаўлёных хораў — спяшайцеся нам на дапамогу!

Нашы асаблівыя паўсюдныя спадарожнікі, якія дадзены нам Богам, — спяшайцеся да нас, дапамагайце нам, просім вас!

Найдаражэйшая Кроў нашага Пана і Валадара была пралітая за нас, бедных, — спяшайцеся нам на дапамогу, просім вас!

Сэрца нашага Пана і Валадара б’ецца з любові да нас, бедных, — спяшайцеся нам на дапамогу, просім вас!

Беззаганнае Сэрца Марыі, Найсвяцейшай вашай Каралевы б’ецца з любові да нас, бедных, — спяшайцеся нам на дапамогу, просім вас!

Малітва да святога Арханёла Міхала, апекуна Касцёла на Беларусі

Фота Віталія Палінеўскага

Святы арханёле Міхале, князю войскаў анёльскіх! Прыйдзі на дапамогу людзям, якім пагражае сіла цемры. Яны ж былі створаныя на падабенства Божае, адкупленыя праз жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста, Сына Божага, прызначаныя на святыню Божую, каб прабываў у іх Дух Святы.

У табе, святы Міхале, Касцёл мае свайго абаронцу і апекуна, ты вядзеш збаўленых да нябеснага шчасця. Прасі Бога аб спакоі, каб перамог уладу сатаны, сейбіта хаосу, і каб не дазволіў трымаць людзей у няволі і шкодзіць Касцёлу. Няхай Беззаганная Панна, апранутая ў сонца Каралева анёлаў, праз цябе струшчыць галаву антыхрысту і абароніць сваіх зямных дзяцей ад яго варожага ўплыву.

Святы арханёле Міхале, абаронца хвалы Найвышэйшага, занясі нашыя просьбы да Бога і выпрасі для нас Яго міласэрнасць. Беражы нас у змаганні супраць спакусаў і пастак злога духа, будзь нам абаронаю. Князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Паспрыяй, каб мы праз усю вечнасць былі вернымі твайму закліку «Хто ж, калі не Бог!» Амэн.

Малітва да святога арханёла Рафала аб аздараўленні

Тобій і анёл. Мастак Джаванні Джыроламо Савольда / commons.wikimedia.org

Добры, святы арханёле Рафале! Звяртаюся да цябе як апекуна тых, каго мучаць хваробы або цялесныя цярпенні. Ты прыгатаваў лек, які вярнуў зрок Тобію. Тваё імя азначае лякарства Бога.

Прашу цябе аб дапамозе ў маёй патрэбе (назваць інтэнцыю). Калі ёсць на тое воля Божая, вылечы мяне ад хваробы альбо прынамсі дай мне мужнасць, неабходную для таго, каб цярпліва зносіць яе як кампенсацыю за свае грахі і дзеля збаўлення маёй душы. Навучы мяне яднаць свае цярпенні з цярпеннямі Езуса і Марыі і шукаць Божай ласкі ў святой Камуніі і малітве. Я прагну наследаваць Тваю стараннасць у выкананні Божай волі ва ўсім. Як і малады Тобій, я выбіраю цябе за спадарожніка на жыццёвым шляху. Прагну ўслухоўвацца ў твае натхненні. Давяраюся тваёй апецы, каб з Божаю ласкаю завяршыць сваё зямное падарожжа.

Святы Рафале, святы Тобій сказаў, што ты — «дапамога Божае ласкі». Падтрымлівай мяне, выпрасі для мяне Божую ласку і тое, што я даручаю твайму магутнаму заступніцтву. Боскі лекар, вылечы мяне, як калісьці вылечыў Тобія.

Святы Рафале, цябе называюць лякарствам Бога і анёлам здароўя, маліся за мяне. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Малітва да святога арханёла Рафала аб абароне моладзі ад духоўнай небяспекі

Арханёл Рафал з Тобіем. Мастак Адам Эльсхаймэр / commons.wikimedia.org

Святы арханёле Рафале, у перыяд бабілёнскай няволі Бог паслаў цябе ў адну габрэйскую сям’ю, якая ў вялікай нядолі прасіла Божай дапамогі. Бог выслухаў яе малітвы і даручыў табе спадарожнічаць маладому Тобію ў далёкай вандроўцы і дапамагчы яму знайсці добрую жонку. Гэтым Пан жадаў паказаць, якім вялікім клопатам Ён атуляе чалавека праз сваіх анёлаў, калі толькі чалавек даверыцца іх апецы. Арханёле Рафале, ты з вялікім клопатам апекаваўся сям’ёю маладога Тобія, ты злучыў двух маладых людзей, маладую жанчыну вызваліў ад улады дэмана, а таксама вылечыў вочы старога бацькі Тобія.

Просім цябе, глянь на нашу моладзь, якая заблукала ў сучасным свеце і часта не можа зрабіць правільны выбар, трапляючы ў залежнасці ад сексу, наркотыкаў, алкаголю і паддаючыся іншым дрэнным схільнасцям.

Моладзь зняволеная ўсім гэтым і сама не можа знайсці выйсця. Прыйдзі з анёльскаю дапамогаю маладым людзям. Спадзяемся на цябе, бо калісьці ты аб’явіўся як Божы памочнік, як адзін з сямі анёлаў, што «ўваходзяць і служаць перад абліччам славы Пана» (Тоб 12, 15), а таксама заносяць малітвы да магутнага Бога. Святы арханёле Рафале, мы верым у тваё пасланніцтва, занясі таксама нашую малітву да трона Найвышэйшага Бога і заступайся за нас. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Малітва да святога арханёла Габрыэля аб ласцы наследавання Марыі

Звеставанне. Фрэска з рымскага касцёла Санта-Марыя-ін-Трастэвэрэ / commons.wikimedia.org

Святы арханёле Габрыэлю, ты першы з анёлаў мог прывітаць Марыю ў Назарэце. Па даручэнні Айца ты спытаў у Яе, ці гатовая Яна стаць Маці Божага Сына. Ты мог пачуць словы Дзевы з Назарэта: «Няхай мне станецца паводле твайго слова»; гэта былі самыя плённыя словы, якія чалавек прамаўляў калі-небудзь. З-за сказанага Еваю слова «не» людзі былі выгнаныя з раю. Дзякуючы слову Марыі «так» Езус стаў чалавекам і зноў адчыніў для нас брамы раю.

Якімі ж узнёслымі словамі Ты прывітаў сваю будучую Каралеву: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою» (Лк 1, 28)! Святы арханёл Габрыэль, навучы людзей сапраўднаму ўшанаванню і праслаўленню Марыі. Дапамажы зразумець, якія гэта ласка і шчасце — любіць Марыю і называць Яе нашаю Маці і Каралеваю.

Святы арханёл Габрыэль, навучы нас радасна прымаць Божую волю, як гэта чыніла Марыя. Ты быў першым сведкам уцелаўлення ва ўлонні Найсвяцейшай Дзевы. Навучы людзей шанаваць зачатае ва ўлонні маці жыццё, сцеражы кожную маці перад вялікім грахом нашага часу — забойствам ненароджаных дзяцей, якое падобна да новага знішчэння немаўлятаў у Бэтлееме. Учыні, каб жанчыны ўсведамлялі сваю вялікую годнасць, каб у духу Марыі яны насілі ў сэрцах Хрыста і вялі сваіх мужоў і сыноў да Бога. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Паводле: Малітоўнік «Ойча наш», часопіс «Ave Maria»Ks. Krzysztof Tadeusz Sojka. Modlitwy do Aniołów. — Kraków, 2004; Modlitwy pełne mocy pod red. Maisa Catro. — Poznań, 2000.

Абноўлена 29.09.2022 13:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа