Пошук

Ілюстрацыйнае фота: Bandiere.it

13 мая адзначаецца ўспамін Маці Божай Фацімскай. 105 гадоў таму ў партугальскім мястэчку Фаціма тром маленькаім пастушкам аб’явілася Багародзіца і перадала важнае пасланне для ўсяго свету.

Аб’яўленні Маці Божай Фацімскай — адны з самых вядомых і шанаваных Марыйных аб’яўленняў нашых дзён. Характэрна тое, што больш чым праз 100 гадоў фацімскае пасланне кранае сэрцы і ўзрушвае ўсіх. Некалькі прычын, чаму так адбываецца, — у матэрыяле амерыканскага семінарыста Эндру Рубініча, апублікаваным на сайце часопіса «Ave Maria».

  1. Маці Божая не проста кажа нам, што рабіць, і пасля адыходзіць — Яна ідзе разам з намі.

З 1916 да 1917 года Анёл і Найсвяцейшая Маці аб’яўляліся тром дзецям у горадзе Фаціма ў Партугаліі. Нягледзячы на тое, што час, праведзены з імі, быў кароткім, Маці Божая выказала сваю любоў да іх і кіравала імі, як жадае рабіць для нас кожны дзень.

  1. Маці Божая аб’яўляецца дзецям і тым, хто ў душы падобны да дзіцяці.

Аб’яўленні бачылі трое маленькіх пастушкоў: Лусія, яе стрыечныя брат Франсішку і Жасінта. Як і яны, мы пакліканы мець дзіцячую веру, быць беднымі духам, спадзявацца на Айца Нябеснага і давяраць Яму.

  1. Маці Божая з намі падчас выпрабаванняў і страху.

Аб’яўленні Маці Божай Фацімскай адбыліся ў той час, калі Першая сусветная вайна спустошыла Еўропу, калі пашыраліся гвалт, нянавісць, пераслед і прыгнёт. Нягледзячы на ўсё гэта, Маці Божая паказала, што Яна разам з маленькімі дзецьмі. Яна з намі ва ўсе часы.

  1. Маці Божая нясе нам супакой.

Анёл міру тройчы аб’яўляўся дзецям, заахвочваў іх да малітвы і вучыў іх, як па-сапраўднаму ўшаноўваць Пана Бога, прыносячы такім чынам мір. Марыя дапамагае нам жыць у міры праз еднасць з Богам і Яго Касцёлам.

  1. Маці Божая дапамагае нам надаць сэнс нашым пакутам.

Анёл міру таксама заахвочваў дзяцей прынесці ахвяры і прыняць пакуты за грэшнікаў і за крыўды, учыненыя нашаму Пану. Нашы пакуты і ахвяры таксама могуць мець сэнс і дапамагчы нам яднацца з Езусам і Яго мукай.

  1. Маці Божая хоча, каб усе людзі былі сябрамі Яе Сына, Езуса Хрыста.

Калі дзеці ўзносілі малітвы ў пакаянні, яны рабілі гэта не толькі для сябе, але і для навяртання грэшнікаў. Мы можам рабіць тое самае і маліцца, каб усе грэшнікі жылі ў святле Евангелля.

  1. Маці Божая — Каралева неба і зямлі.

13 мая 1917 года Марыя ўпершыню аб’явілася дзецям і сказала ім не баяцца, бо Яна прыходзіць з неба. Узнятая целам і душой у неба пасля свайго зямнога жыцця, Марыя і сёння заступаецца за нас і за ўвесь Касцёл.

  1. Маці Божая дапамагае нам разважаць над жыццём Езуса і наследаваць Яго праз ружанцовую малітву.

Марыя заахвоціла дзяцей маліцца на ружанцы аб міры і спыненні вайны. Марыя дапамагае нам разважаць над Евангеллем праз Ружанец. Наша штодзённая ружанцовая малітва дапамагае нам пазнаць Езуса і ісці за Ім праз Яго Маці.

  1. Маці Божая паказвае нам сваю прысутнасць і дапамагае верыць.

Марыя аб’явіла дзецям сваю праўдзівасць, прысутнасць і спакой праз знакаміты «Цуд сонца», што адбыўся 13 кастрычніка 1917 года. Прыкладна 50 тыс. чалавек былі сведкамі таго, як сонца змяняла колеры і «скакала» на небе. Паведамленні пра гэтую падзею розныя, але для дзяцей гэты цуд быў доказам праўдзівасці Яе словаў, што Яна — «Маці Ружанца», якая прыходзіць «з нябёсаў».

  1. Маці Божая дапамагае нам выстаяць і захоўваць еднасць у Касцёле.

Кіраўніцтва і апека Анёла і Маці Божай дапамаглі дзецям пазнаць Езуса, любіць і служыць Яму. Марыя дапамагла ім будаваць Касцёл для свайго Сына праз малітву і пакаянне ў цяжкія часы. Як частка Цела Хрыста, Яна ідзе з Касцёлам і хоча, каб усе людзі былі аб’яднаныя ў пазнанні, любові і служэнні Езусу.

  1. Маці Божая дапамагае нам убачыць руку Бога ў свеце.

Маці Божая Фацімская адкрыла тры «таямніцы», у якіх непасрэдна гаварылася пра гвалт і хаос у тыя часы. Яна заахвочвала да навяртання і пакаяння, а таксама да адданасці Яе Беззаганнаму Сэрцу. Яна таксама прадказала Другую сусветную вайну, аслабленне хрысціянства і ганенні на Касцёл. Марыя сваім прыкладам дапамагае нам бачыць свет і цяжкасці праз прызму веры, надзеі і любові.

  1. Маці Божая дапамагае нам жыць цнотай надзеі.

Аб’яўленні Маці Божай у Фаціме адбыліся падчас вялікага хвалявання і разгубленасці ў свеце, але Яна дала знакі надзеі тым, хто прыняў Яе Сына. З Яе дапамогай і кіраўніцтвам мы можам верыць, што, нягледзячы на ўсе праблемы, наша апошняя надзея — у Валадарстве Нябесным і лучнасці з Езусам Хрыстом.

  1. Маці Божая заўсёды абвяшчае Евангелле — Добрую Навіну Езуса Хрыста.

У цэнтры фацімскага паслання — навяртанне, пакаянне і вера ў Евангелле. Езус абвясціў: «Наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15) у самым пачатку свайго прапаведавання. Маці Божая Фацімская паўтарыла Яго словы і заклікае ўсіх «пакаяцца і верыць».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця