Пошук

21.04.2022 19:46   Паводле: dominicanajournal.org / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: aclerkofoxford.blogspot.com

Амерыканскі дамініканін Ісая Бэйтэр ОР раскрывае глыбокае духоўнае значэнне літургічнага закліку Аллелюя, што асабліва часта гучыць падчас Велікоднага перыяду, які распачаўся ў Касцёле 17 красавіка.

Велікодны перыяд працягваецца 50 дзён — цэлых 50 «нядзель», або «тыдзень тыдняў», напоўнены радасцю Уваскрасення Пана. У Касцёле існуе шмат спосабаў адзначаць Пасху, якія адрозніваюць гэты час ад папярэдняга перыяду Вялікага посту, і адзін з іх — гэта слова Аллелюя, што ў Велікодны перыяд гучыць асабліва ўрачыста і дадаецца да ўсіх антыфон.

Аллелюя — гэта цэлы свет.

Гэты габрэйскі выраз складаецца з двух словаў: halĕlû — заклік да праслаўлеення і yah — кароткая форма імені Пана. Гэта літургічны выраз праслаўлення, які вельмі часта сустракаецца ў апошняй трэці біблійнай кнігі Псальмаў — вялікага збору гімнаў Божага народа, — напрыклад, на пачатку Псальма 106 (105).

І хоць у тэкстах Святога Пісання гэтае слова часта перакладаецца «праслаўляйце Пана», аднак у літургіі мы зазвычай выкарыстоўваем яго ў арыгінале, без перакладу.

Што ж такога незвычайнага ў гэтым слове? Давайце паглядзім, якім чынам мы замяняем яго падчас Вялікага посту. У гэты перыяд перад чытаннем Евангелля замест Аллелюя мы кажам або спяваем: «Хвала табе, Слова Божае», або: «Хвала Табе, Хрыстэ, Валадар адвечнай велічы». Хоць само слова Аллелюя падчас посту не выкарыстоўваецца, аднак яго сэнс застаецца: яно проста гучыць у перакладзе! А каб пры гэтым нічога не згубілася, разам з імем Хрыста абвяшчаецца, што Ён — Валадар адвечнай велічы. Такім чынам, не сэнс, а само гучанне слова Аллелюя мае ў сабе штосьці незвычайнае.

Фота: traditioninaction.org

Але што асаблівага можа быць у гуках?

Аллелюя — гэта чыстае і дасканалае слова. Яно чыстае, таму што набліжана да чыстага выдыху, які мы робім, толькі з адзіным, найбольш далікатным зычным гукам: санант [л] у фанетыцы называюць «плаўным».

Аллелюя таксама слова дасканалае, таму што ўтрымлівае ў сабе ўсе галосныя гукі.

Перш, чым звярнуць увагу на адсутнасць [о], варта адзначыць, што ў грэцкім тэксце кнігі Аб’яўлення святога Яна, які ідзе за перакладам Сэптуагінты другога стагоддзя да Нараджэння Хрыста, яно напісана так: ἀλληλούϊα. Маючы на ўвазе той факт, што ў габрэйскай мове галосныя не пісаліся, гэта можа лічыцца сведчаннем арыгінальнага вымаўлення з усімі галоснымі гукамі, у поўнагалоссі.

Ілюстрацыйнае фота: Adobe Stock

Аллелюя — гэта чыстае і дасканалае слова. Гэта спеў, які мае ў сабе чыстае і дасканалае насенне ўсіх спеваў. Гэта спеў, які мы спяваем, калі ўсе словы і літары аказваюцца недастатковымі, каб выказаць адвечную хвалу Хрыста Валадара. Мы ўжо згадалі, што Аллелюя знаходзіцца ў Псальмах, літургічных спевах Божага народа. Акрамя Псальмаў, Аллелюя ў Бібліі сустракаецца яшчэ толькі ў кнізе Тобія і Апакаліпсісе, або Аб’яўленні святога Яна. У абодвух гэтых выпадках Аллелюя — гэта спеў нябеснага Ерузалема. Гэта спеў радасці, літургія вечнага горада Бога.

Мы так часта спяваем Аллелюя падчас літургіі менавіта ў Велікодны перыяд на знак таго, што Хрыстус адкрыў нам брамы ў нябесны Ерузалем з яго вечным Аллелюя.

Узгадайце пра гэта, калі будзеце ў наступны раз спяваць Аллелюя. Гэты чысты і дасканалы спеў — нібы пазбаўленае словаў стагнанне, якое гучыць Подыхам Бога ў сэрцах Яго народа. Калі вы далучаецеся да спеву Касцёла Аллелюя, ваш голас стновіцца маленькаю частачкай таго хору, які святы Ян чуў у нябесным Ерузалеме: «як бы шум вялікага натоўпу, як бы гул вялікіх водаў, як бы голас магутных грымотаў, што казалі: „Аллелюя“» (Ап 19, 6).

Фота: British Library

Абноўлена 23.04.2022 19:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа