Пошук

09.07.2021 14:47   Паводле: Czytelnia / brewiarz.pl / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Тotusmariae.org

Месяц ліпень у Каталіцкім Касцёле традыцыйна прысвечаны набажэнству да Найдаражэйшай Крыві Хрыста, якое грунтуецца на Святым Пісанні і было асабліва папулярным у Сярэднявеччы.

Да рэформы літургічнага календара Каталіцкага Касцёла, здзейсненай пасля Другога Ватыканскага Сабору, 1 ліпеня адзначалася ўрачыстасць Найдаражэйшай Крыві Хрыста.

У выніку рэформы гэтая ўрачыстасць была спалучана з урачыстасцю Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана Нашага Езуса Хрыста, папулярная назва якой — Божае Цела.

У якасці прывілею асобны літургічны ўспамін Найдаражэйшай Крыві Хрыста захаваўся ва ўласных календарах законніцкіх супольнасцяў ксяндзоў Місіянераў і сясцёр Адаратарак Крыві Хрыста.

wixstatic.com

Да цяперашняга дня ў свеце існуюць касцёлы пад тытулам Найдаражэйшай Крыві Хрыста.

Як урачыстасць Божага Цела з’яўляецца развіццём таго, што Касцёл перажывае ў Вялікі чацвер, так урачыстасць Найдаражэйшай Крыві Хрыста была своеасаблівым «працягам» Вялікай пятніцы.

Гэтую ўрачыстасць у 1849 годзе дадаў у літургічны каляндар Касцёла Папа Пій ІХ дэкрэтам Redempti sumus, вызначыўшы днём святкавання першую нядзелю ліеня, а ўвесь месяц ліпень быў асаблівым чынам прысвечаны гэтай таямніцы.

Алтарны трыптых, прысвечаны Найдаражэйшай Крыві Хрыста. Мастак Жан Бэльгамб і майстэрня. XVI ст. / wikipedia.org

Папа святы Пій Х перанёс свята на дзень 1 ліпеня, а Пій ХІ у 1933 надаў яму вышэйшую святочную ступень першага класу у памяць дзевятнаццаці стагоддзяў з моманту, калі дзеля адкуплення чалавецтва на крыжы была праліта Найсвяцейшая Кароў Збаўцы.

Асабліваю пашанаю да Найдаражэйшай Крыві Пана Езуса адрозніваўся святы Каспар дэ Буфала (†1837), заснавальнік манаскай супольнасці Найдаражэйшай Крыві Пана Езуса. Існуе таксама жаночая кангрэгацыя сясцёр Адаратарак Крыві Хрыста, заснавальніцай якой была святая Марыя дэ Матыяс.

Асаблівай пабожнасцю да Найдаражэйшай Крыві адзначаўся таксама Папа святы Ян ХХІІІ († 1963).

Менавіта ён зацвердзіў літанію да Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста, а ў лісце пад назваю Inde a primis, апублікаваным у 1960 годзе, заахвочваў да гэтага культу.

Набажэнства на ўшанаванне Хрыстовай Крыві развілося на падставе Святога Пісання, у якім праслаўляецца кроў мучанікаў, а перадусім Кроў Езуса Хрыста.

Абрэзанне Пана Езуса / Depositphotos

Першы раз Збаўца праліў яе падчас абавязковага ў юдэяў абраду абразання. У тэксце Евангелля паводле святога Лукі можна знайсці згадку пра тое, што падчас малітвы ў Аліўным садзе пот Езуса быў нібы кроплі крыві (гл. Лк 22, 44). Акрамя таго, кроў цякла з Яго пры бічаванні і ўкаранаванні цернем, а таксама пры ўкрыжаванні. Калі жаўнер прабіў Яму дзідай бок, з яго «адразу выцекла кроў і вада» (Ян 19, 34).

Вялікае значэнне ўшанаванню Крыві Хрыста, што было спалучана з набажэнствам да Ранаў Збаўцы, надавалі ў сваім духоўным жыцці многія святыя Сярэднявечча: святы Бэрнард († 1153), святы Анзэльм († 1109), святы Бонавэнтура († 1270) і іншыя.

У тыя даўнія часы ў ордэне дамініканаў у пятніцу пасля актавы Божага Цела было прынята маліцца спецыяльнае набажэнства да Раны Боку Хрыста, хоць тады яшчэ ніхто не здагадваўся, што значна пазней на гэты дзень будзе ўстаноўлена ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

wixstatic.com

Абноўлена 09.07.2021 15:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.