Пошук

04.05.2021 12:14   Паводле: КАІ / Catholic.by
Святы Фларыян. Вітраж / kirchenzeitung.at

У літургічным календары Каталіцкага Касцёла 4 мая адзначаецца ўспамін святога Фларыяна, мучаніка. У дзень святога апекуна тых, чыя прафесія — ратаваць ад стыхіі агню, адзначаецца таксама Міжнародны дзень пажарных (англ. International Firefighters’ Day).

Фларыян жыў на мяжы ІІІ і IV стагоддзяў на тэрыторыі сучаснай Верхняй Аўстрыі і быў загадчыкам канцылярыі рымскага пракуратара. У тыя часы ва ўсёй Рымскай Імперыі па загадзе цэзара Дыяклетыяна выбухнуў пераслед хрысціянаў.

Фларыян належаў да хрысціянскай супольнасці ў рымскім вайсковым паселішчы Лаўрыякуме (сёння раён Лорх у найстарэйшым аўстрыйскім горадзе Энсе, што непадалёк ад Лінца).

Верны Хрысту, ён не пажадаў даваць прысягу ў імя паганскіх бажкоў, якой цэзар патрабаваў ад усіх рымскіх чыноўнікаў.

У выніку Фларыян быў вымушаны пакінуць пасаду і пасяліўся ў ваколіцах сённяшняга Санкт-Пёльтэна.

Аднак пачуўшы, што яго браты ў Лаўрыякуме церпяць ад жорсткага пераследу, ён вярнуўся ў паселішча, каб іх падтрымаць. Там Фларыяна адразу ж схапілі і аддалі на жахлівыя катаванні і здзекі, пасля якіх 4 мая 304 года з каменем на шыі скінулі ў воды ракі Анісы (Энс).

Мучаніцтва святога Фларыяна. Фрагмент фрэскі з базылікі абацтва святога Фларыяна. Фота: ManKraFlo

Яго мужнае сведчанне ўмацавала адвагу іншых хрысціянаў і дапамагло ім трываць у веры. Разам з Фларыянам загінула група хрысціянаў, якія абаранялі яго і пратэставалі супраць несправядлівага і жорсткага прысуду. Рэліквіі лаўрыяцкіх мучанікаў, з якіх гісторыя захавала толькі імя Фларыяна, спачываюць у базыліцы ў Лорху.

Магчыма, з-за асаблівых акалічнасцяў мучаніцтва святога Фларыяна ў народнай пабожнасці ён пачаў лічыцца апекуном пажарных. Яго ўшаноўваюць як заступніка падчас пажараў і паводак.

У 1971 годзе дыяцэзія Лінца ў Аўстрыі, якая па лініі Caritas падтрымлівае шматлікія дабрачынныя праекты ў Беларусі, абрала святога Фларыяна сваім апекуном. У 2004 годзе, калі адзначалася 1700-годдзе з дня нараджэння святога Фларыяна, ён разам са святым Леапольдам быў абвешчаны апекуном усёй Аўстрыі.

Фігура святога Фларыяна на плошчы перад абацтвам. Фота: dioezese-linz.at

Імя Фларыян у перакладзе з лаціны азначае «квітнеючы». З «дрэвам веры» параўнаў святога ў інтэрв’ю аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву Kathpress, на якое спасылаецца КАІ, айцец Фердынанд Райзінгер, прафесар, дэкан аўгустыянскага абацтва святога Фларыяна.

Святар звярнуў увагу на тое, што гэты святы заўжды быў гатовы дапамагаць іншым людзям, а таму з’яўляецца не толькі апекуном пажарных, але і прыкладам для пераймання для людзей, якія служаць грамадству, перадусім для палітыкаў.

КАІ праводзіць паралель паміж святым Фларыянам, які прыняў мучаніцкую смерць у водах Анісы за тое, што ратаваў сваіх сабратоў, і благаслаўлёным ксяндзом Ежы Папялушкам, які падобным чынам быў замучаны і ўтоплены за тое, што імкнуўся дапамагчы сваім братам рабочым у камуністычнай Польшчы.

Святы Фларыян / Pinterest

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.