Пошук

27.04.2021 10:21   Паводле: deon.pl / Пераклад: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Уцёкі сям’і Лота з Садома. Рафаэль. Фрэска з Апостальскага палацу ў Ватыкане / Рinterest

Арцыбіскуп Гжэгаж Рысь, Мітрапаліт Лодзкі (Польшча), разважае пра духоўнае значэнне біблейскай гісторыі пакарання за грахі старажытных гарадоў Садома і Гаморы.

Што трымала Лота ў Садоме? Пра што ён думаў усю ноч?

У Кнізе Быцця апавядаецца гісторыя выратавання Лота з Садома. Пасланыя Богам анёлы двойчы прыспешваюць яго: «Устань, вазьмі жонку тваю і дзвюх дачок тваіх, якія ў цябе, каб не загінуў ты за беззаконні горада» (Быц 19, 15).

Аднак Лот відавочна марудзіць, адцягвае.

У выніку анёлы «ўзялі за руку яго і жонку, і дзвюх дачок ягоных і павялі яго, і вывелі за горад» (Быц 19, 16). Вось і ў Торы таксама тлумачыцца, чаму так сталася: «з міласэрнасці Божай над ім» (гл. Tora Pardes Lauder — пераклад Пяцікніжжа у суадносінах з вуснай традыцыяй і з каментарамі равінаў.

Што нам узяць з сабою?

У Бібліі не гаворыцца, чым была выклікана маруднасць Лота. Што яго трымала ў Садоме? Чаму ён не хацеў пакінуць горад пасля першага Божага закліку?

Аднак пра гэта расказвае юдэйская экзэгетычная традыцыя: «Усю ноч Лот вагаўся і разважаў: „Што мне ўзяць з сабою? У мяне ёсць золата, срэбра, каштоўныя камяні. Як я магу пакінуць усё сваё багацце? Трэба падумаць, што забраць“. Настала світанне, а ён так і не ведаў, што пакіне, а што возьме з сабой…».

Трэба было сілай яго адарваць ад пералічвання і сузірання маёмасці, якую ён нажыў у Садоме.

Узялі яго пад пахі і выцягнулі. У апошнюю хвіліну! Нарэшце ён усё кінуў і даверыўся Богу, які ратаваў яго ад смерці. Дазволіў Яму сябе вывесці. Аднак якая частка яго сэрца засталася ў Садоме? Бог бачыў гэта, бо сказаў яму: «Ратуй жыццё сваё; не азірайся і нідзе не спыняйся ў гэтай ваколіцы; ратуйся на гары, каб табе не загінуць» (Быц 19, 17).

Бог не чакае, калі чалавек будзе да канца гатовы пакінуць свой грэх

Марнатраўны сын / publicdomainpictures.net

Гэта адно з першых аб’яўленняў Бога, які ў сваёй міласэрнасці не чакае, калі чалавек будзе цалкам, на сто працэнтаў гатовы пакінуць тое, што яго забівае, — свой грэх і няволю. Калі б Пан чакаў ад нас такога радыкальнага ўнутранага рашэння, ці дачакаўся б Ён увогуле калі-небудзь? Аднак ён выбягае насустрач сыну, які вяртаецца дадому зусім не таму, што перажыў навяртанне, але таму, што галодны, і адной сваёй любоўю дае яму адвагу верыць у магчымасць адбудаваць тыя былыя сапраўдныя сямейныя адносіны (гл. Лк 15).

Бог цалкам на баку чалавека: Ён не пакіне ў ім незаўважаным ніводнага, нават самага маленькага імпульсу дабра, каб толькі яго апраўдаць.

Калі Лот выйшаў з Садома, «Спаслаў Пан на Садом і Гамору дождж з серы і агонь» (Быц 19, 24). Ці гэта канец міласэрнасці? Слушная і справядлівая кара?

Юдэйская традыцыя ў гэтым пытанні вельмі разважлівая і праніклівая: хіба агонь і сера могуць спасці непасрэдна з неба? Ці ад Бога можа прыйсці смерць і знішчэнне? Tora Pardes Lauder кажа, што не: Пан спаслаў на Садом і Гамору дождж (а значыць знак благаслаўлення і дабрыні), і толькі сутыкнуўшыся з грэшнасцю гэтых гарадоў, дождж стаў серай і агнём…

Падобна, як падчас Апошняй вячэры: Езус падаў Юду хлеб, і «пасля спажыцця кавалка, увайшоў у яго д’ябал» (пар. Ян 13, 27).

Гэта азначае, што чалавек, які дзейнічае пад уплывам зла, можа ў гэты момант кожнае дабро перамяніць у праклён.

Так што не Езус выдаў Юду сатане. Яго жэст (паданы хлеб) быў выключна жэстам любові. Юда не прыняў яе, і гэта зрабіла яго безабаронным для дзеяння сатаны. Мы можам толькі здагадвацца, як цярпеў у гэтую хвіліну Езус…

Здзіўленне, якое нараджае глыбокія пытанні

Майсей каля куста, які не згарае / academic.ru

Ад Кнігі Быцця да Евангелля паводле Яна — ад першай кнігі Бібліі да апошняй — Бог бесперапынна паказвае нам адно і тое ж аблічча: Misericordiæ Vultus. Я ёсць! Я запрашаю!

«Я ёсць», — пачуў Майсей з сярэдзіны палаючага куста. Куст палаў, але не згараў. Гэта моцна здзівіла Майсея. Але здзіўленне гэтае не было толькі павярхоўнай рэакцыяй гледача, здзіўленага «магічным фокусам». Яно нараджала глыбокія пытанні.

Сустрэча з Таямніцай прымусіла яго зняць сандалі і схіліцца з пашанай.

Тады ён пачаў чуць адказы, якія дакладна не мелі на мэце толькі задаволіць яго цікаўнасць; яны выклікалі неабыякавасць і пачуццё адказнасці, ператвараліся ў жыццёвую місію і пакліканне: «Я ЁСЦЬ паслаў мяне да вас».

«Я ЁСЦЬ». Ён павінен быў пайсці і абвясціць гэтае імя Бога людзям, якія мелі права думаць, што «Бога няма». Людзям, якія засталіся ў Егіпце, прыніжаныя да ролі нявольнікаў, якія бачылі, як топяць іх дзяцей у Ніле, і якіх саміх забівала нялюдская праца.

Растаптаныя нахабствам зла, яны мелі права пытацца: «Дзе ёсць Бог, калі такое робіцца?!» — і доўгі час застаючыся без адказу, мелі таксама права падумаць: «Бога няма!»

Ён павінен быў ім сказаць у Яго імя: «Я ЁСЦЬ!». І гэта азначала: «Я — Збаўца! Я моцны. Мацнейшы, чым зло, з якім вы сутыкаецеся». Гэта азначала: «Не бойцеся! Лёсы свету і ваш лёс — увесь час у Маіх руках. Маіх абдымкаў хопіць, каб усіх агарнуць. Пераканайцеся! Я ў самым цэнтры вашага жыцця — тут і цяпер. Я з вамі».

«Я ЁСЦЬ» — гэта не тэалагічная «галаваломка». Гэта дэкларацыя любові! І абяцанне вызвалення: Пасхі, Запавету і шляху да зямлі айцоў.

Гэтая дэкларацыя прагучала з сярэдзіны куста, які гарэў, але не згараў. З сярэдзіны знаку. Знак «казаў»: «Вы не павінны баяцца маёй прысутнасці. Не бойцеся таго, што Я ёсць. Я агонь, які запальвае, але не знішчае. Я нічога ў вас не заб’ю, нічога не ўкраду. Я прыходжу не для таго, каб забіраць. Я шаную кожнае дабро, якое ў вас ёсць; вашыя рашэнні, выбары, каштоўнасці. Я хачу запаліць вас, але не інакш, як толькі шануючы вашу волю».

Бог з намі ў цэнтры кожнай завірухі

«Я ЁСЦЬ», — кажа Езус, ідучы ўначы па ўзбураных хвалях Галілейскага возера да апосталаў, якія змагаліся ў чоўне з «супраціўным ветрам». «Я ёсць. Не бойцеся. Я з вамі — у самым цэнтры шалеючай буры і завірухі, якую вы перажываеце. Я не „прывід“. Я рэальны і моцны. Як Пан і Збаўца».

Сваю дэкларацыю Ён пацвярджае знакам: не суцішвае стыхію, але дазваляе Пятру хадзіць па ўзбуранай вадзе.

Менавіта так, таму што збаўленне здзяйсняецца ў асобе!

Шалеючая навокал бура, як і кожная, раней ці пазней сціхне. Але чалавек у любых умовах пакліканы і адораны Богам быць большым за іх. Гэта важна. Бо звычайна мы перакідваем адказнасць з сябе: на ўмовы, акалічнасці, кантэксты; падкрэсліваем тады важнасць «структурных» рашэнняў (законы, арганізацыі і інш.).

Евангелізацыя ж заўсёды звяртаецца да асобы: яна павінна служыць сустрэчы Асобы (Хрыста) з асобай (са мной, табой, кожным). «Я ЁСЦЬ», — сцвярджае Бог. «Я ЁСЦЬ і збаўляю». «Я ёсць», — дэкларуе чалавек, адкрываючыся збаўленню і становячыся Яго апосталам.

 

Абноўлена 27.04.2021 11:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця