Францішканская Кустодыя Святой Зямлі мае традыцыю падчас Вялікага посту здзяйсняць стацыі ў святых месцах, звязаных з Мукамі Пана нашага Езуса Хрыста.
Руская рэдакцыя парталу Vatican News прыводзіць апісанне гэтай традыцыі, якое падрыхтаваў айцец Алесандро Канільё OFM, дацэнт экзэгетыкі Старога Запавету францішканскага Біблійнага факультэту ў Ерузалеме.
Стацыі ў святых месцах, звязаных з Мукамі Пана, здзяйсняюцца кожную сераду ў адпаведнасці з набліжэннем да пасхальнай таямніцы.
З пункту гледжання сакральнай геаграфіі Ерузалема гэта азначае, што яны пачынаюцца здалёк (у фізічнай прасторы Святога горада), з больш далёкага мінулага паводле храналогіі евангельскага аповеду, паступова набліжаючыся да цэнтральнай таямніцы збаўлення.
Пасха смерці і ўваскрасення Езуса святкуецца там, дзе старажытныя людзі ўстанавілі амфалас, так званы «пуп свету», які да гэтага часу пазначаны асаблівым камянем у грэчаскім праваслаўным кафаліконе базылікі Гробу Пана ў Ерузалеме.
Такім чынам, першая з велікапосных стацый здзяйсняецца за мурамі старога горада Ерузалема, на Елеонскай гары, у святыні, вядомай пад лацінскай назвай Dominus flevit (Пан заплакаў).
Гэтая святыня пабудавана на тым месцы, дзе, паводле падання, Езус аплакваў Ерузалем, прадбачачы яго смутны лёс.
Другая стацыя адбываецца ў Гэтсэманіі, наступная — у касцёле Бічавання, а потым у святыні Асуджэння: усё бліжэй да святкавання святога Трыдууму ў базыліцы Гробу Пана.
Такім чынам, першы этап пасхальнай пілігрымкі — святыня Dominus flevit.
Біблейскае апісанне гэтага месца можна знайсці ў эпізодзе, расказаным евангелістам Лукой у кантэксце месіянскага ўваходу Езуса ў Ерузалем у пачатку Вялікага тыдня, у Пальмовую нядзелю.
«Калі Ён наблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў над ім і сказаў: „Калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго! Аднак цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх. Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку, зраўнаюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу сваіх адведзінаў“» (Лк 19, 41–44).
Плач Езуса аб слепаце Ерузалема, аб страчаным часе, калі Бог прыйшоў прапанаваць жыхарам горада сваё збаўленне, нагадвае плач Божы ў прарока Ераміі. Гэты спеў Касцёл укладвае ў вусны веруючых па пятніцах падчас чытання Ютрані Літургіі гадзінаў: «Няхай цякуць з вачэй маіх слёзы дзень і ноч, і няхай не высыхаюць; бо вялікім паражэннем разгромлена дзева, дачка народа майго, цяжкім ударам» (пар. Ер 14, 17).
Мы прызвычаіліся думаць, што гаворка ідзе пра слёзы прарока, але на самай справе біблейскі верш адкрываецца заклікам Бога да Ераміі абвясціць слова, якое сыходзіць ад Яго самога. Такім чынам, прарок апісвае плач Божы аб Святым горадзе, які называецца «дзевай, дачкою народа майго», паводле стылістычнага вобразу, характэрнага для старажытных культур Блізкага Усходу, які выкарыстоўваўся для акрэслення сталіцы.
Плач Бога, які рыхтаваўся прыняць збаўчую муку дзеля свайго народа, не мог не быць запісаны вучнямі Езуса. І ён быў захаваны не толькі ў пісьмовай форме ў Евангеллі паводле Лукі, але і зафіксаваны ў жывой памяці камянёў Ерузалема — старажытных сведкаў таго плачу.
Менавіта так традыцыя ўвекавечыла падзею, якая адбылася падчас спуску з Елеонскай гары, — праз узвядзенне там святыні Dominus flevit.
На жаль, самыя старажытныя пісьмовыя крыніцы, вядомыя ў наш час, датуюцца толькі пачаткам XIII стагоддзя (нямецкі дамініканскі місіянер і святар Бурхард з гары Сіён; італьянскі дамініканскі місіянер і пісьменнік Рыкольдо да Мантэкрочэ (Пеніні).
У XIV стагоддзі Джакамо да Вэрона і італьянскі францішканін Ніколо да Паджыбонсі апісалі камень, на якім плакаў Езус. Падрабязныя апісанні гэтага месца пакінулі таксама нямецкі дамініканін і гісторык Фелікс Фабер у 1480 годзе і Грэфін Афагарт у 1533–1534 гг.
У 1890–1891 гадах францішкане пабудавалі побач са святыняй невялікую капліцу. Сённяшні францішканскі касцёл быў пабудаваны ў 1955 годзе архітэктарам Антоніё Барлуццы на выяўленых тады руінах кляштара візантыйскай эпохі, датаваных VI–IX стст. У выніку археалагічных даследаванняў была адкрыта прыгожая паліхромная мазаічная падлога з выявай фруктаў, кветак і частак рыбаў, а таксама надпіс пасвячэння, які сёння могуць бачыць пілігрымы.
Можна меркаваць, што ў часы Езуса гэтая мясцовасць выкарыстоўвалася для пахаванняў, калі браць пад увагу вялікую колькасць какімаў (какім са старажытнай габрэйскай мовы — «пячныя чалеснікі»), месцаў пахаванняў у старажытных габрэйскіх грабніцах, збудаваных паміж 135 годам да н. э. і 135 годам н. э. Побач з імі знаходзяцца аркасоліі і ямныя грабніцы больш позняга перыяду (IV ст.), знойдзеныя айцом Бэларміно Багаці ў 1953 годзе. Там жа славуты францішканскі археолаг з Тасканы знайшоў мноства асуарыяў, гэта значыць невялікіх скрыняў для костак, якія ён прыпісаў ранняй юдэйска-хрысціянскай супольнасці Ерузалема на падставе выгравіраваных на іх імёнаў і арнаментаў.
Сучасны касцёл, узведзены паводле праекта архітэктара Барлуццы, заклікае пілігрыма перажыць пачуцці Езуса дзякуючы вялікаму вакну за высокім алтаром, якое выходзіць на эспланаду старажытнай святыні (сення мячэці).
Алтар упрыгожвае мазаіка — квактуха са сваімі птушанятамі, якіх яна ўкрывае крыламі. Гэты евангельскі вобраз нагадвае пра бесперапынны клопат Бога аб нас, Яго няўдзячным народзе (гл. Мц 23, 37–39; Лк 13, 34–35).