Пошук

09.02.2021 17:58   Паводле: Генрых Петрас SІ / Deon.pl / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Gettyimages

У першыя стагоддзі, калі Касцёл развіваўся дынамічна, не было сумневаў, што да Касцёла належыць толькі той, хто хоча і хто будзе ў яго прыняты на дакладна акрэсленых умовах.

Па розных прычынах — ад страху ці дзеля кар’еры — заўсёды знаходзіліся тыя, хто адыходзіў ад Касцёла. Тады ніхто не чакаў, што яны пададуць пісьмовы акт аб адступніцтве.

Здзіўляе тое, як змянілася паняцце адступніцтва з часоў заснавання Касцёла да сённяшняга дня.

У першыя стагоддзі, калі Касцёл развіваўся дынамічна, у свеце, няхай сабе непрыхільным ці, прынамсі, недаверлівым у адносінах да Касцёла, не было сумневаў, што да яго супольнасці належыць толькі той, хто хоча і хто будзе ў яго прыняты на дакладна акрэсленых умовах. Недастаткова было проста звярнуцца з просьбай: трэба было прайсці працяглы катэхумэнат, пару гадоў пахадзіць на катэхезы і акрамя гэтага праявіць жыццёвую пазіцыю, угрунтаваную на веры. Калі гэта ўдавалася пацвердзіць, кандыдат дапускаўся да хросту, у адваротным выпадку мусіў чакаць.

Існавала паняцце «практыкуючага хрысціяніна», але сярод абавязковых практык не было ні наведвання касцёла (хоць заўсёды рэкамендавалася), ні прыёму святара «па калядзе», аднак была міласціна бедным, клопат пра слабых і хворых, гасціннасць да іншаземцаў, стварэнне хоспісаў і, як мінімум, — вернасць найважнейшым запаведзям, перададзеным апосталамі: непарушнасць сужэнства, забарона на забойства і на ахвярапрынашэнні язычніцкім багам. Калі хтосьці не захоўваў гэтых умоваў, сам выключаўся з Касцёла, і ніхто не чакаў, напіша ён акт аб адступніцтве ці не: калі з-за сваіх учынкаў ён быў па-за супольнасцю, то ўжо не мог пазіцыянаваць сябе яе членам.

Па розных прычынах — з-за страху ці дзеля кар’еры — заўсёды знаходзіліся тыя, хто адыходзіў ад Касцёла.

Найбольш масава гэта праяўлялася ў 250 годзе падчас панавання цэзара Дэцыя (249–251 гг.). Як толькі ён прыйшоў да ўлады, выбухнула страшэнная эпідэмія чумы, з-за якой у вялікіх гарадах штодзённа паміралі тысячы людзей. Мы ведаем пра яе з апісанняў святога Кіпрыяна, біскупа Карфагена, таму яна і называецца «Кіпрыянавай чумой». Цэзар быў пабожным, адкрыта схільны да забабонаў, як і большасць рымлянаў, таму прыйшла яму пабожная думка: прымусіць усіх жыхароў скласці ахвяры багам, каб злагодзіць іх гнеў.

«Вялікае адступніцтва». Сярэднявечная ілюстрацыя да Апакаліпсісу

Хрысціяне не верылі ні ў ідалаў, ані ў плённасць крывавых ахвяр, а таксама не прыпісвалі свайму Богу адказнасці за чуму. Аднак, ім было страшна, як і ўсім іншым.

Загад цэзара яшчэ больш пужаў, бо за яго невыкананне былі санкцыі: зняволенне і катаванні, каб зламаць упартых. Таму многія хрысціяне прынеслі патрабаваныя ахвяры, а найбольш спрытныя атрымалі сабе «ліпавыя» пасведчанні…

Чума мінула, як і ўсё мінае, і раптам яны зразумелі, што апынуліся па-за Касцёлам як адступнікі.

Вялікае мноства з іх хацелі вярнуцца і прасілі прыняць іх у супольнасць. У такіх абставінах праявіліся розныя адносіны. Адкрыліся «сапраўдныя католікі», якія патрабавалі гераізму ад сябе і ад іншых і не хацелі быць літасцівымі да слабых і спалоханых. Іншай скрайнасцю сталі «лібералы», якія лічылі, што нічога звышнатуральнага не адбылося: такі час, таму не трэба перабольшваць з патрабаваннямі. Трэба было выпрацаваць нейкую зводную пазіцыю, каб да людзей ставіліся сур’ёзна, не перабольшваючы ні з поўным перавагі радыкалізмам, ні з наіўнай міласэрнасцю.

Усе ведалі, што прыналежнасць да Касцёла — справа сур’ёзная, і не столькі з пункту гледжання вечнага жыцця, колькі зямнога.

Хрыстус прынёс Божае Валадарства на зямлю. Гэта тут Ён абяцаў вучням, што будзе з імі заўсёды, ажно да канца свету. Таму Касцёл — нібы пасольства Валадарства на зямлі. Хто будзе ў яго прыняты, той не толькі нібы візу атрымаў, але ўжо мае роўныя правы з жыхарамі гэтага Валадарства і цешыцца ўсімі прывілеямі, звязанымі з гэтым. Перш за ўсё ён з Езусам, які спадарожнічае яму ва ўсіх непрыемнасцях, падтрымлівае яго і ўмацоўвае. Таксама ён знаходзіцца ў таварыстве іншых уратаваных, у супольнасці з якімі можа ўтвараць своеасаблівую групу падтрымкі. Сумна, калі хтосьці да гэтай супольнасці не належыць. Але ж ён і не абавязаны да гэтага. Таму няхай сам разбіраецца з сэнсам жыцця або яго адсутнасцю.

Пасля масавага адыходу ад Касцёла ў 250 годзе ахвотным было прапанавана вярнуцца, але ў якасці пакутнікаў: вернікі маглі ўдзельнічаць у жыцці супольнасці, у супольных малітвах, але без поўнага адзінства, якое ўдзялялася пад канец жыцця. Гэта зусім не было праяваю суровасці: часы былі няпэўныя, таму зноў магло стацца так, што цэзар загадае прыносіць ахвярапрынашэнні, і іх вернасць будзе ў чарговы раз выпрабоўвацца.

А колькі разоў можна так адыходзіць і вяртацца?

У наступныя дзесяцігоддзі перыяд пакаяння быў скарочаны да некалькіх гадоў. Не выключана, што на гэта паўплывалі чарговыя выпрабаванні і памылкі.

Падзеі 250 года сталі таксама часам ачышчэння Касцёла ад усіх тых, хто належаў да яго па матывах, так бы мовіць, неістотных: па знаёмству, дзеля падтрымкі, на якую можна было разлічваць у нястачы, або яшчэ па іншых прычынах.

У нас няма статыстычных дадзеных, але было б наіўна лічыць, што ўсе хацелі вярнуцца. Для тых, хто хацеў, Касцёл вякамі выпрацоўваў розныя шляхі навяртання — прапарцыянальныя іх магчымасцям, жаданню, а таксама маштабу спакусы, калі яны сталі яе прычынай для іншых. Касцёл хоча быць супольнасцю збаўленых з Хрыстом на зямлі.

А як да яго супольнасці належаць тыя, хто без фармальнага адступніцтва не спаўняе ўмоваў, для каго большае значэнне мае ўласная веліч у гэтым Касцёле, чым сяброўства з Езусам і Яго вучнямі?

Гэта пытанне для кожнага паасобку.

Абноўлена 10.02.2021 09:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця