Пошук

29.01.2021 13:09   Паводле: Deon.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
А. Марко Рупнік SI. «Езус — Добры Самаранін» / Рinterest.com

Над вострымі пытаннямі, якія паставіла перад намі пандэмія каранавірусу, разважае Мар’я Мідух — тэолаг, выкладчыца біблійных дысцыплін і габрэйскай мовы ў салезіянскай семінарыі ў Кракаве, член Таварыства польскіх біблістаў.

«Кара! Бог пакараў людзей за грахі». Часта можна пачуць такія меркаванні. Цікава, што некаторым вернікам бывае прасцей рабіць такія высновы-асуджэнні, чым зрабіць сур’ёзны рахунак сумлення.

Жыццё можа нас здзівіць, прывесці да таго, што мы са здзіўленнем праціраем вочы, каб пераканацца, што гэта не сон. Вельмі лёгка прызвычаіцца да спакою, дабрабыту, звычайнай штодзённасці. І раптам…

Шок

Пра такія рэчы мы чуем па тэлебачанні, чытаем у інтэрнэце. Дзесьці на краі свету, дзесьці ў далёкіх краінах… Але цяпер не так. Не пажары ў Аўстраліі, не гемарагічная ліхаманка ў Афрыцы, не чарговая інфекцыя ў Кітаі, а потым у Італіі: гэта дайшло і да нас.

Так, і на краі свету таксама. Можа, пара ўжо зразумець, што свет — адзіны, нават калі мы знаходзімся на аддаленні. Аддаленне. Гэтае слова будзе нам сустракацца ўсё часцей.

Нам штосьці пагражае. Можа, мы нават яшчэ добра не разумеем, што.

Мы глядзім трывожныя навіны і адчуваем, што нас гэта таксама датычыцца, што наша жыццё таксама пад пагрозай. Наша штодзённасць — такая, якой яна была дагэтуль, — пад пагрозай.

Хваробы і смерць былі заўсёды. Можна параўноўваць статыстычныя дадзеныя: колькі людзей памірае ад раку, колькі гіне ў ДТЗ, колькі ад абортаў. І сапраўды, COVID на гэтым фоне выглядае давлоі «сціпла». Але мы яго ўсё адно баімся…

Чаму? Таму што гэта датычыцца нашага жыцця. Не нейкага невядомага чалавека, хворага на рак, не нейкага ліхога кіроўцы ці чужога ненароджанага дзіцяці з генетычнай паталогіяй. Штосьці пагражае НАМ, і невядома, як ад гэтага абараніцца. Невядомая сіла пазбаўляе нас таго, да чаго мы прызвычаіліся. Хуткасць і абшар распаўсюджвання вірусу непакояць, бянтэжаць нас, пераварочваюць нашае жыццё.

Тое, што было відавочным, перастае ім быць. Тое, што было нашай штодзённасцю, над якой мы асабліва не задумваліся, цяпер трэба прыпыніць. Наша хуткае жыццё павінна крыху запаволіцца. Нашыя ўвесь час назадаволеныя патрэбы неабходна перагледзець. Гэта нараджае дыскамфорт, збянтэжанасць, раздражненне. Многія нашыя планы не могуць быць рэалізаваныя.

І вельмі добра!

Можа, гэты шок новай, іншай штодзённасці, якая так неспадзявана прыйшла да нас, патрэбны нам, каб мы змаглі навучыцца цаніць жыццё.

Толькі нельга спыніцца на эгаістычным поглядзе на рэчаіснасць. Няхай сустрэча са страхам смерці адкрые нашы вочы на іншых людзей, якія таксама перажываюць гэты страх. Часам неабходныя шок і боль, каб мы пачалі думаць, каб апрытомнелі.

Адыход ад дарогі, па якой мы штодзённа хадзілі, можа дазволіць нам паглядзець на яе з іншай перспектывы. Прыпынак можа дазволіць нам заўважыць тое, што ў спешцы ад нас увесь час уцякала. Можа, нам наогул трэба перагледзець кірунак жыцця? Для такога рашэння неабходна запаволіцца.

Кара

«Кара! Бог карае людзей за грахі». Вельмі часта такія меркаванні гучаць у нашых размовах і ў СМІ. Цікава, што нам бывае прасцей выказваць такія меркаванні з асуджэннем, чым зрабіць рахунак сумлення. Як правіла, тыя грахі і тыя людзі, якіх карае Бог, — гэта не нашы правіны і не нашы грахі. Мы — толькі іх ахвяры. Бог у сваім гневе спаслаў кару на грэшнікаў, а мы церпім разам з імі.

Дзесьці ў падсвядомасці ў нас узнікае вобраз «злога Бога», які слепа карае грэшнікаў і ўсіх навокал, каб усталяваць справядлівасць…

Калі па Аўстраліі пракацілася хваля пажараў, некаторыя казалі, што гэта кара за іх бязбожнасць. Але пры гэтым мы не спяшаліся мяняць сваё жыццё. Мы адчувалі сябе ў бяспецы <…> Рэчаіснасць прымушае нас паглядзець на гэта інакш.

Па-першае, варта задаць сабе пытанне, ці эпідэміялагічны крызіс, з якім мы сутыкнуліся, гэта сапраўды кара ад Бога. Але перадусім мы павінны вызначыць, што мы разумеем пад словам «кара». У нас няма дакладных асацыяцый. Гэта наогул штосьці непрыемнае; штосьці, што нам дастаецца, калі мы парушаем нейкія правілы. Нярэдка, атрымліваючы пакаранне, мы адчуваем крыўду; лічым, што тое, што нам давялося выцерпець, ніяк не звязана з нашай віной.

Можа стацца, што прытрымлівацца пэўных правілаў нас вымушае толькі і выключна страх пакарання, якое на нас абрынецца, калі мы іх парушым. Кара выклікае ў нас страх, трымае нас на кароткім ашыйніку. Калі ж яшчэ хтосьці з нас у дзяцінстве перажыў насілле з боку найбліжэйшых, рос у сям’і з праблемай агрэсіі, кара будзе ў яго асацыявацца з часта беспадстаўным грубым умяшальніцтвам, што нясе страх, боль і пакуты; якое прыніжае і пазбаўляе годнасці.

Менавіта такім, на жаль, можа быць нашае ўяўленне пакарання, абцяжаранае ўласным горкім вопытам. Вельмі лёгка перанесці такое мысленне са штодзённасці на нашыя адносіны з Богам. Мы адкрываем Стары Запавет, чытаем пра Божыя кары і адразу ж бачым іх у катэгорыях досведу, набытага ва ўласным жыцці. Мы нават не задумваемся, наколькі абгрунтаванае такое мысленне пра Бога. Кара ёсць кара.

Аднак, разважаючы такім чынам, мы можам размінуцца з праўдаю. Тое, што ў Старым Запавеце называецца карай, не зусім тое самае, чым мы, сучасныя людзі, яе лічым.

У Бібліі кара заўсёды мае педагагічны аспект.

Гэта не знішчэнне ў гневе, не выплёскванне агрэсіі і не ўскладанне нязноснага цяжару. Так, гэта рэч не з прыемных і часам бывае вельмі суровым выпрабаваннем, але ў ёй заўсёды прысутнічае надзея.

Біблейскую кару можна параўнаць з цяжкім заданнем, якое павінен выканаць вучань, які занядбаў вучобу і атрымаў адпрацоўку. Проста ўжо не атрымаецца: яму спатрэбіцца на гэта шмат часу, давядзецца ад чагосьці адмовіцца. Яму трэба будзе пераадолець сябе і прайсці матэрыял, які ён не засвоіў. Аднак — і гэта самае важнае, — такі вучань не застаецца сам-насам са сваёй адпрацоўкай. Так, гэта яго ўпушчэнне, але настаўнік вырашыў яму дапамагчы. Ён сядае з ім за заданні, дае парады, цярпліва тлумачыць, пакуль вучань не зразумее і не засвоіць матэрыял.

Менавіта так і з Божай карай: гэта матэрыял, які трэба адпрацаваць, які мы занядбалі, але засвоім яго разам з Богам і з Яго дапамогай.

Вучоба

«У гэтым нашым свеце, які Ты любіш больш за нас, мы на ўсёй хуткасці панесліся наперад, адчуваючы сябе моцнымі і здольнымі на ўсё. Прагныя набытку, мы трапілі ў палон рэчаў і былі аглушаныя поспехам. Мы не спыніліся на Твае заклікі, не абудзіліся перад абліччам войнаў і несправядлівасцяў планетарнага маштабу, не прыслухаліся да енку бедных і нашай цяжка хворай планеты.

Мы па-ранейшаму заставаліся непарушнымі, мяркуючы, што заўсёды будзем здаровымі ў хворым свеце».

Гэтыя кранальныя і вельмі праўдзівыя словы Папа Францішак прамовіў 27 сакавіка 2020 года на пустой плошчы Святога Пятра, дзе разам з усім Касцёлам маліўся аб спыненні эпідэміі.

Менавіта такімі мы і ёсць: самаўпэўненымі, зацікаўленымі толькі сваім уласным дабром. Побач з намі заўсёды паміралі людзі, некаторыя нават з-за нашай абыякавасці, але мы жылі спакойна: нас гэта не датычылася! Ад войнаў пакутвалі нашыя браты і сёстры, але мы заплюшчвалі вочы на іх крыўды. Мы прагна здабывалі прыродныя рэсурсы нашай планеты, бо нам жа хопіць! Ці мы сапраўды думалі, што нам удасца застацца людзьмі без удзелу ў занятках па чалавечнасці?

Магчыма, менавіта цяпер настаў час адпрацаваць увесь гэты матэрыял.

Не, гэта не кара разгневанага і помслівага Бога, а нашыя занядбанні, якіх назбіралася шмат.

Ажно так многа? Ажно столькі нявыкананых заданняў, незасвоеных навыкаў?..

Так. Гэта крыху нагадвае заданне па матэматыцы: каб рашаць складаныя задачы, трэба засвоіць асновы. У заданні, якое нам цяпер трэба адпрацаваць, нам таксама давядзецца вярнуцца да таго, што з’яўляецца асновай.

Што рабіць?

<…>

«Гэта ўжо не будзе тое хрысціянства, якое было калісьці», — кажа з болем адзін мой знаёмы. Няхай жа не будзе! Няхай жа мы навучымся чамусьці з гэтай адпрацоўкі з Настаўнікам. Цяжка даецца выкарыстанне на практыцы ведаў, набытых на асабістых занятках з Богам. Мы хутка пра гэта забываемся, бо часта паводзім сябе як неразумныя дзеці, якія не бачаць сувязі паміж пропускам заняткаў, няўвагай да тлумачэнняў настаўніка і недахопам уласных ведаў.

Чым хутчэй мы ўсвядомім, што мы нарабілі і чаго не вывучылі, тым лепш скарыстаемся з адпрацовак, якія дае нам Бог.

Мы атрымалі магчымасць адпрацаваць незасвоены матэрыял, які лічылі непатрэбным. І, нягледзячы на цяжкасці, Бог не пакінуў нас у гэты час. Настаўнік не сядзіць у школе, у якой яго заўсёды можна знайсці; Ён прыйшоў да нас дадому, каб разам з намі прайсці нявывучаны ўрок. Нам спатрэбілася вярнуцца да асноваў, няхай жа мы іх больш ніколі не забудзем!

Абноўлена 29.01.2021 13:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця