27 студзеня адзначаецца ўспамін благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча, біскупа. Сёлета прыпадае 150-я гадавіна з дня нараджэння гэтага вялікага пастыра.
Юрый Матулевіч (Юргіс Матуляйціс) нарадзіўся 13 красавіка 1871 года ў вёсцы Лугіне, што непадалёк ад Мар’ямпаля, на літоўска-польскім памежжы.
У 1891 годзе паступіў у духоўную семінарыю ў Кельцах (Польшча). Пасля 1893 года працягваў семінарыйную фармацыю ў Варшаве, а потым у Пецярбуржскай духоўнай каталіцкай акадэміі. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 20 кастрычніка 1898 года. У 1909 годзе ўступіў у законніцкую Кангрэгацыю Марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1918 годзе стаў біскупам.
Заснаваў Кангрэгацыю Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі. Адышоў да Пана 27 студзеня 1927 года ў Коўне. 28 чэрвеня 1987 года Папа Ян Павел II беатыфікаваў біскупа Юрыя Матулевіча.
У дзень успаміну благаслаўлёнага пастыра прапануем урывак з яго «Духоўнага дзённіка», у якім яшчэ як святар ён акрэслівае прыярытэты свайго служэння Касцёлу.
З «Духоўнага дзённіка» благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча, біскупа
Дэвізам маім няхай будуць словы: ва ўсім шукаць Бога, усё рабіць дзеля большай хвалы Божай, усё напаўняць Божым духам.
Бог і Ягоная хвала няхай стане стрыжнем усяго майго жыцця; воссю, вакол якой павінны кружыць усе мае думкі, пачуцці, жаданні і ўчынкі.
Цалую руку Твайго Провіду і цалкам аддаюся Табе, Пане. Вядзі мяне, Ойча нябесны, рабі са мною тое, што Табе падабаецца. Цудоўным шляхам Ты захацеў весці мяне, Пане, але хто ж спазнае Твае дарогі і намеры?
Вось я, слуга Твой, пашлі Мяне, куды хочаш. Кідаюся, як дзіця, у Твае абдымкі, нясі мяне! Табе спадабалася весці мяне шляхам нягодаў, цярпенняў і выпрабаванняў. Я ўдзячны Табе за гэта, вельмі ўдзячны! Спадзяюся, што ідучы гэтым шляхам, не заблукаю, бо гэта шлях, якім ішоў мой наймілейшы Збаўца, Езус Хрыстус.
Учыні, каб я штораз больш выракаўся самога сябе, а Цябе любіў штораз больш.
Адары мяне адвагай і мужнасцю, каб дзеля ўзвышэння Твайго імя і дзеля дабра Твайго Касцёла я не спалохаўся ніякіх цяжкасцяў, перашкодаў і не апусціў рук; каб ішоў адважна, уваходзіў усюды, дзе толькі можна працаваць і цярпець для Цябе.
Ці ж мы не павінны ісці туды, дзе можна як мага больш атрымаць для Бога, дзе можна як найбольш збавіць душ, гэта значыць туды, дзе існуе найбольшае бязбожжа, сапсаванасць, абыякавасць у веры, адыход ад Касцёла? Ці ж не павінны мы намагацца ўсюды трапіць, праціснуцца, дзе толькі можна здабыць штосьці для Хрыста і Касцёла? Калі адныя дзверы замкнёныя, будзем прабіваць сабе іншыя, каб пусціць святло.
Святы Каталіцкі Касцёл, сапраўднае валадарства Хрыста на зямлі, найбольшая мая любоў!
Калі б я забыў пра цябе, няхай будзе забытая мая правіца. Няхай прыліпне да паднябення язык мой, калі я не буду памятаць пра цябе, калі не буду лічыць цябе наймілейшай маёй Маці, найбольшай маёй радасцю. Няхай гэты заклік будзе пастаянным заклікам майго сэрца.
Калі я магу прасіць, то дай, Пане, каб у Тваім Касцёле я быў анучай, якая ўсё выцірае і якую пасля выкідваюць кудысьці ў самы цёмны, далёкі кут. Няхай і мяне так вынішчаць і выкарыстаюць, каб толькі ў Тваім Касцёле прынамсі адзін куточак быў лепш ачышчаны, каб толькі ў Тваім доме было чысцей і ахайней. Няхай мяне потым кінуць дзе-небудзь, як гэтую брудную, знішчаную анучу. Учыні, каб я быў пагарджаны, зношчаны, знішчаны, каб толькі ўзрастала і пашыралася Твая хвала, каб я прычыніўся да ўзрастання і ўмацавання Твайго Касцёла. Дазволь мне, каб я мог працаваць і цярпець для Цябе і для Твайго святога Касцёла і яго бачнай Галавы — Святога Айца.
Дай, Божа, каб мы былі захопленыя гэтай адзінай вялікай ідэяй: працаваць для Касцёла, зносіць нягоды і цярпенні, так дбаць пра справы Касцёла, каб цярпенні, клопаты і раны Касцёла былі клопатамі, цярпеннямі і ранамі нашага сэрца; каб мы, ахопленыя гэтым адзіным жаданнем, не спадзяваліся мець нічога тут, на зямлі, каб нічога не шукалі, не чакалі ніякай узнагароды, але толькі прагнулі таго, каб жыццё сваё прысвяціць Богу і Касцёлу, знасіцца без рэшты ў працы, уціску і змаганні для Касцёла.
Каб мы мелі тую вялікую мужнасць не баяцца ніякіх перашкод з боку свету і яго моцы, не паддавацца ніякай боязі, але адважна ісці на змаганне і працу для Касцёла, асабліва там, дзе свецкая ўлада пераследуе Касцёл і манаскія супольнасці, дзе арганізацыі і касцёльныя інстытуцыі спазнаюць уціск.
Каб мы баяліся толькі аднаго: памерці, не спазнаўшы цярпення, нягодаў і цяжкасцяў дзеля Касцёла, дзеля збаўлення душ, дзеля пашырэння хвалы Божай. Каб мы нашыя думкі, жаданні і намеры скіроўвалі толькі да таго, каб усюды ўзвялічваць Хрыста, усё напаўняць Яго духам, усюды ўзвышаць імя Касцёла.
Дзякую Табе, Пане, за ўдзеленае мне асаблівае пачуццё любові да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Як жа соладка маліцца, упаўшы да Яе ног, і патанаць у малітве. Душа нібы млее, ахопленая самымі салодкімі пачуццямі, цела ж напаўняе дзіўнае, незразумелае і невыказнае трымценне. Амаль тое ж самае адчуваю, калі Твой крыж святы прыціскаю да грудзей і сэрца.
© Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Мінск, 2012–2019