2 кастрычніка Касцёл адзначае ўспамін святых Анёлаў Ахоўнікаў. Хрысціянская традыцыя вучыць, што кожны з нас мае свайго нябеснага «апекуна», але што гэта значыць?
Анёлы — гэта створаныя Богам духоўныя істоты, надзеленыя воляй і розумам. Яны выконваюць ролю духоўных правадыроў, якіх Бог пасылае, каб ахоўваць людзей.
Анёлы нам дапамагаюць у штодзённых справах, і хоць мы вельмі мала ведаем пра нашых нябесных сяброў, яны няспынна абараняюць нас ад нечаканых непрыемнасцяў. Дапамагаюць і адыходзяць у цень.
Што пра анёлаў кажа Святое Пісанне?
Біблія кажа, што анёлы ўвесь час сузіраюць Божае аблічча, узносяць да Яго трону няспынныя малітвы, злучаюць неба і зямлю. У Старым Запавеце яны паказаныя як пасланцы Бога і пасярэднікі Яго збаўчых планаў. Менавіта яны ўтвараюць «нябесны двор» і называюцца, між іншым, Сынамі Бога, Святымі, Вяльможамі.
Сярод анёлаў адрозніваецца Анёл Ягвэ, праз якога дзейнічае Бог.
У кнігах Старога Запавету ўзгадваюцца яшчэ і Херубімы, якіх Бог паставіў сцерагчы ўваход у Рай. Прарок Ісая таксама меў бачанне Серафімаў, якія атачаюць Божы трон.
У Новым Запавеце анёлы фігуруюць галоўным чынам як слугі Добрай Навіны і знак Божай прысутнасці. Іх духоўная натура і існаванне былі пацверджаны на IV Латэранскім, ІІ Ліёнскім і І Ватыканскім Саборах.
Лічба анёлаў вельмі вялікая: «Тысячы тысяч служылі Яму, і дзесяць тысяч дзясяткаў тысяч стаялі перад Ім» (пар. Дан 7, 10).
Арханёлы Міхал, Габрыэль і Рафал
Традыцыйна анёлы падзяляюцца на тры хоры. Гэты падзел увёў Дыянісій Арэапагіт. Адзін з хораў утвараюць Арханёлы, трох з якіх мы ведаем па імені: Міхал, Габрыэль і Рафал. Іх свята адзначаецца ў Касцёле 29 верасня.
- Міхал — «Хто ж як Бог»
Культ святога Міхала Арханёла вядомы з ІІ стагоддзя. На падставе кнігі Апакаліпсісу і юдэйскай традыцыі яго ўшаноўваюць як пераможцу злога духа.
- Габрыэль — «Муж, або Змагар Божы»
У Кнізе Прарока Даніэля ён тлумачыць бачанне Барана і Казла, якое азначае захоп Грэцыяй тэрыторый Мідыі і Персіі. Ён таксама тлумачыць прароку Даніэлю прадказанне Ераміі. У Новым Запавеце Арханёл Габрыэль абвяшчае Марыі Добрую Навіну, што яна зачне і народзіць Божага Сына.
- Рафал — «Бог аздараўляе»
Пра гэтага Арханёла ідзе гаворка ў Кнізе Тобія, якога Рафал ратуе ад небяспекі, а таксама тлумачыць, як вылечыць вочы ягонага бацькі.
Анёлы Ахоўнікі
Іх успамін адзначаецца 2 кастрычніка. Хрысціянская традыцыя вучыць, што кожны з нас мае свайго нябеснага «апекуна». Яго апека распачынаецца з пачаткам жыцця і працягваецца ажно да смерці.
Культ Анёлаў Ахоўнікаў, які распаўсюдзіўся з XVI стагоддзя, бярэ пачатак з Францыі і Іспаніі.
Анёл Ахоўнік — гэта своеасаблівы нябесны «целаахоўнік», які нас аберагае і нагадвае пра Божы Провід, што чувае над кожным чалавекам.
Многія святыя падкрэслівалі важную ролю Анёлаў Ахоўнікаў у іхнім жыцці: св. Францішак Сальскі, св. айцец Піо з П’етрэльчыны, св. Брыгіта, св. Фаўстына. Іх існаванне не падлягае сумнівам. Яны могуць з’яўляцца ў нашым жыцці ў выглядзе звычайных людзей, каб нас ахоўваць: «Вось Я пашлю анёла свайго, які будзе ісці перад табою і ахоўваць цябе ў шляху, і прывядзе да месца, падрыхтаванага Мною» (Зых 23, 20).
Бог пасылае анёлаў, каб дапамагаць людзям і весці іх у добрым кірунку. Аднак іх прысутнасць не вызваляе чалавека ад працы над сабой і неабходнасці карыстацца розумам, які дае чалавеку Бог (гл. 1 Кар 10, 12).
Нябесныя сябры спадарожнічаюць нам і дапамагаюць у дарозе, якая вядзе праз служэнне і паслухмянасць Богу.