Пошук

17.09.2020 11:07   Паводле: jesuits.org / Пераклад і адаптацыя: Тэрэса Клімовіч / jezuity.by / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Хоць Каталіцкі Касцёл не мае сваёй адмысловай палітычнай праграмы, паколькі з’яўляецца зачаткам Божага Валадарства на зямлі, аднак існуюць пэўныя прынцыпы, якімі хрысціянін павінен кіравацца ў сваім грамадскім жыцці, у тым ліку беручы актыўны ўдзел у палітыцы.

Заклік Папы Францішка практыкаваць нашу веру ў грамадскім жыцці глыбока рэзаніруе з ігнацыянскімі каштоўнасцямі: мы імкнемся быць «жанчынамі і мужчынамі для іншых», асабліва для тых, хто знаходзіцца на ўзбоччы грамадства. 36-я Генеральная кангрэгацыя Таварыства Езуса, якая прайшла ў 2016 годзе, заклікала езуітаў і свецкіх супрацоўнікаў працаваць разам на карысць прымірэння і садзейнічання справядлівасці, бо «мы чуем, як Хрыстус зноў кліча нас да служэння справядлівасці і супакою». Нас натхняюць пакаленні езуітаў, пачынаючы ад святога Ігнацыя і яго першых паплечнікаў, якія імкнуліся жыць як «сузіральнікі ў дзеянні», абапіраючыся на сваю веру, каб актыўна ўдзельнічаць у жыцці гэтага свету, а не пакідаць яго.

Удзел у грамадскім жыцці, натхнёны гэтымі каштоўнасцямі і нашай верай у Бога, які асабліва клапоціцца пра найбольш патрабуючых, дае магчымасць зрабіць пазітыўны ўнёсак у палітыку.

Нашы разважанні аб палітычнай актыўнасці фармуюцца глабальнымі апостальскімі прыярытэтамі (ГАП) — чатырма арыенцірамі для служэння езуітаў. Плён шматгадовага працэсу распазнавання ва ўсім Таварыстве Езуса, пацверджаны Папам Францішкам і абнародаваны Генеральным настаяцелем а. Артуро Соса SI, апостальскія прыярытэты — гэта добрая аснова для разважання і практыкавання нашай веры ў публічнай прасторы.

Вось чатыры глабальныя апостальскія прыярытэты:

  1. Суправаджэнне ў духоўным распазнаванні і духоўных практыкаваннях.
  2. Быць побач з адкінутымі, беднымі, безабароннымі, пакінутымі, якіх грамадства лічыць нявартымі, — у служэнні прымірэнню і справядлівасці.
  3. Клопат аб нашым агульным доме.
  4. Быць спадарожнікамі моладзі на шляху ў будучыню, поўную надзеі.

Пералічаныя ГАП даюць зразумець, што яны могуць шмат прапанаваць грамадскаму жыццю, і мы будзем звяртацца да іх, каб разважаць аб удзеле ў палітычным працэсе ў ігнацыянскім духу. Няхай яны заахвоцяць да размовы і аднаўлення адданасці да грамадзянскай актыўнасці ў ігнацыянскай сям’і, пачынаючы ад школ, каледжаў і ўніверсітэтаў, заканчваючы парафіямі, сацыяльнымі цэнтрамі і правінцыйнымі ўстановамі, езуіцкімі супольнасцямі і ўсімі іншымі відамі служэння, якія бяруць натхненне ў езуіцкай традыцыі.

Пытанне для разважання: што для мяне значыць быць пакліканым публічна перажываць сваю веру?

Мы стараемся знайсці Бога ва ўсім, у тым ліку ў палітыцы

«Вы ўзносіце хвалу Богу перад ежаю. Добра», — піша Гілберт Кіт Чэстэртан у сваім разважанні, сугучным выказванню св. Ігнацыя Лаёлы, што Бог жыве ва ўсім. — «Аднак я благаслаўляю Бога перад канцэртам і операй, благаслаўляю перад спектаклем і пантамімай і перш, чым адкрыю кнігу; благаслаўляю Яго перад тым, як зрабіць эскіз, перад маляваннем, плаваннем, фехтаваннем, боксам, шпацырам, гульнёй, танцамі і благаслаўляю перад тым, як апусціць пяро ў атрамант». Мы можам дадаць у гэты спіс сваё палітычнае жыццё, упэўненыя ў няспынным Божым дзеянні ў свеце, нават калі мы не заўсёды памятаем пра гэта альбо калі прысутнасць Бога не адразу відавочная.

Калі нашая грамадзянская актыўнасць застаецца адкрытай для пошуку Бога ў палітычнай мешаніне, то яна будзе адрознівацца ад таго цёмнага духу, які мы часта знаходзім у навінах і сацыяльных сетках. Магчыма, мы змаглі б атрымаць такія ж плёны, якія прыносіць штодзённы рахунак сумлення: паглыбленне ўдзячнасці, больш глыбокае ўсведамленне Бога ў нечаканых месцах, пакора ў прызнанні ўласных недахопаў у спалучэнні з даверам да спагаднай Божай міласэрнасці, якая дапамагае нам узрастаць. Гэта ўсё дары Духа Святога, якія прынеслі б вялікую карысць палітычнаму жыццю.

Адданасць пошуку Бога ва ўсім — вось што ў першую чаргу прыводзіць нас у палітычнае жыццё.

Асновай нашага грамадзянскага ўдзелу з’яўляецца прызнанне годнасці ўсіх людзей, бо кожны створаны на вобраз Божы і носіць аблічча Хрыста: з моманту зачацця ажно да натуральнай смерці і на ўсіх этапах паміж імі.

Для разважання і абмеркавання:
Здаецца, што палітыка з’яўляецца складаным месцам для пошуку Бога. Якія малітвы і духоўныя практыкі могуць дапамагчы мне ўбачыць Бога, які дзейнічае ў гэтай сферы?

Мы слухаем адкінутых і чытаем знакі часу

Гэтае «падвойнае слуханне» фарміруе нас, нашыя палітычныя прыярытэты і дзеянні.

Жаданне працаваць на карысць сацыяльнай справядлівасці праз палітычную дзейнасць нараджаецца са шчыльных адносін з беднымі і ўразлівымі людзьмі.

Сяброўства змяняе нас, і мы не можам проста дапамагаць, але прагнем працаваць разам, каб змяніць сацыяльныя структуры, якія прыгнятаюць нашых сяброў.

У кнізе Зыходу Бог чуе крыкі ізраэльцянаў у няволі і дзеля іх умешваецца ў гісторыю. Асаблівая любоў Бога да прыгнечаных заўсёды мае быць у нашым сэрцы і розуме, фарміруючы нашы палітычныя прыярытэты. Мы ацэньваем эканоміку не па тым, як яна абслугоўвае тых, хто наверсе, але людзей бедных у матэрыяльным плане.

У сваёй кнізе «Спадарожнікі Хрыста: ігнацыянская духоўнасць для паўсядзённага жыцця» Маргарэт Сілф піша аб шырокім і ўважлівым слуханні навакольнага свету праз «чытанне знакаў часу».

«Чытанне знакаў часу, — піша Сілф, — мае на ўвазе ўваходжанне ў судакрананне з нябачнымі плынямі, схаванымі пад непасрэднай паверхняй грамадства, і распазнаванне на тым глыбінным узроўні, што вядзе нас да больш поўнай чалавечнасці, а што яе памяншае.

Кожны з нас — патэнцыйны містык і прарок.

Містык адчувае, што на самай справе адбываецца пад паверхняй рэчаў, заўважае боскае сярод звычайнага і бачыць іншых людзей вачыма Бога. Прарок з’яднаны з бачаннем містыка, кідае выклік усяму, што пагражае знявечыць рух чалавецтва да жыцця ва ўсёй паўнаце, і падтрымлівае ўсё, што аднаўляе і ўмацоўвае гэты рух.

Вобраз містыка і прарока ўнутры нас пераклікаецца з рашэннем езуітаў быць «сузіральнікамі ў дзеянні». Мы бачым твар Хрыста ў тых, хто пакутуе на ўзбоччы, і звяртаем пільную ўвагу на грамадскія сілы, якія фарміруюць нашы супольнасці. З гэтага падвойнага слухання мы разумеем нашы палітычныя прыярытэты. А распазнаванне вядзе нас да прароцкай дзейнасці.

Для разважання і абмеркавання:
Якія грамадскія сілы сёння найбольш пагражаюць чалавечаму жыццю і годнасці? Як я магу паўплываць на іх — у сваім жыцці і ў жыцці супольнасці праз супрацоўніцтва з іншымі?

Абноўлена 21.09.2020 08:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.