Пошук

25.08.2020 14:08   Паводле: Сredo.pro / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Бланка Кастыльская і святы Людвік ІХ. Мініяцюра ХІІІ ст. / Wikimedia.org

Апошні з вялікіх каралёў Сярэднявечча Людвік ІХ (1214–1270), успамін якога Касцёл адзначае 25 жніўня, займае ў гісторыі сваё месца сярод такіх святых дзяржаўных мужоў, як святы Вацлаў Мучанік, святы Эдуард Вызнаўца, святы Генрых ІІ, святы Олаф, святы Эрык…

Святасць караля Францыі Людвіка ІХ была настолькі агульнапрызнанаю, што Папа Баніфацый VIII абвясціў яго святым ужо праз 27 гадоў пасля смерці манарха. Гэта быў кароль, які аб’яднаў і ўмацаваў Францыю, выгнаўшы англічанаў з поўначы краіны і ўзняўшы гаспадарку. Ён рэфармаваў адміністрацыю і судовую сістэму, быў вядомым абаронцам пакрыўджаных, нягледзячы на іх заможнасць і сацыяльны статус: да караля заўсёды можна было звярнуцца па справядлівы разгляд справы.

Згодна з пастановамі Латэранскага Сабору (1215 г.) забараніў дуэлі, змагаўся з хабарніцтвам і прастытуцыяй. Людвік ІХ падтрымліваў дабрачынныя ўстановы і манаскія ордэны, за што злыя языкі называлі яго «каралём манахаў». Манарх не цураўся асабіста даглядаць за хворымі і ўласнаручна раздаваць міласціну. Ён пабудаваў шпіталь для сляпых хворых і сам яго ўтрымліваў.

У сваім прыватным жыцці кароль адрозніваўся сціпласцю, учынкамі пакаяння, належаў да Трэцяга Ордэна святога Францішка.

Сур’ёзна захварэўшы, кароль даў абяцанне «ўзяць крыж» — распачаць Крыжовы паход у імя Хрыста і хрысціянаў. Ачуняўшы, Людвік ІХ распачаў выкананне абяцання.

Падрыхтоўка працягвалася чатыры гады, пасля чаго кароль з войскам вырушыў у Крыжовы паход, хоць ні Сёмы, ані Восьмы з іх не былі паспяховымі. Аднак Людвік ІХ сапраўды жадаў вызвалення Святой Зямлі і пасля паразаў з дапамогаю дамоваў і выкупаў імкнуўся даць палёгку хрысціянам пад ісламскім панаваннем. Збіраючы сілы для Крыжовых паходаў, кароль ездзіў па Францыі з рэліквіяй Цярнёвага вянца, каб заклікаць суайчыннікаў да вызвалення Гробу Пана.

Падчас панавання Людвіка ІХ адбываўся росквіт гатычнай архітэктуры і ўніверсітэтаў.

З яго непасрэдным удзелам быў пабудаваны славуты парыжскі касцёл Сэн-Шапэль. Частымі гасцямі пры каралеўскім стале былі святы Тамаш Аквінскі і іншыя браты дамінікане, а ксёндз Рабэр дэ Сарбон, заснавальнік славутага парыжскага ўніверсітэта, быў яго духоўным айцом і сябрам.

Вырушыўшы ў Восьмы Крыжовы паход, Людвік ІХ захварэў на тыфус, як толькі прыбыў у Туніс. Свае апошнія дні ён правёў у перамовах з грэцкімі пасламі, якіх пераконваў у неабходнасці памірыць Усходнюю Царкву з Заходнім Касцёлам.

Ажаніўшыся ў 19-гадовым узросце, Генрых ІХ стаў бацькам адзінаццаці дзяцей і быў добрым і верным мужам.

Сваіх дзяцей ён выхоўваў у такім самым духу, у якім яго выхоўвала маці, Бланка Кастыльская, якая казала: «Сыне, мне лягчэй было б бачыць цябе пры смерці, чым у граху».

У свой апошні Крыжовы паход кароль вырушыў разам са сваімі сынамі. Яго рэлігійнасць не была адасобленай ад сям’і і не перашкаджала яму ў выкананні абавязкаў яго становішча.

Свайму сыну ён пакінуў такі духоўны запавет: «Беражы сябе ад усяго, чым можаш абразіць Бога, гэта значыць ад смяротнага граху. Лепш дазволь прычыніць сабе любое мучэнне, чым дазволіць сабе зграшыць».

Людвік ІХ таксама настаўляў:

«Каб не выклікаць сварак, ніколі нікому не пярэчце, хіба што іншы чалавек трапляе ў грэх або ў іншую небяспеку. Калі ж патрэбна выступіць супраць, рабіце гэта тактоўна, а не з раздражненнем».

«У добрай долі ўзносьце падзяку Богу з пакораю і бойцеся, каб праз пыху вы не ўжылі Божай міласці для зла, зграшыўшы такім чынам супраць Яго», — казаў святы французскі кароль, успамін якога Касцёл адзначае 25 жніўня.

Абноўлена 25.08.2020 14:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця