Пошук

24.07.2020 10:12   Караль Вільчынскі / Deon.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Кляштар св. Марона ў Ліване, дзе жыў св. Шарбэль. Фота: damaskroselebaneseguesthouse.com

24 ліпеня ў Касцёле адзначаецца ўспамін святога Шарбэля — ліванскага манаха-пустэльніка, праз заступніцтва якога адразу пасля яго смерці пачалі адбывацца цуды.

Сведкі кажуць, што менавіта з прычыны гэтай невытлумачальнай з’явы было вырашана эксгумаваць цела спачылага манаха. Што ж настолькі незвычайнае пачало адбывацца адразу пасля яго смерці?

Шарбэль Маклуф нарадзіўся ў 1828 годзе і пражыў 70 гадоў, адышоўшы ў вечнасць напрыканцы ХІХ стагоддзя.

Навочныя сведкі сцвярджаюць, што пасля смерці цела пустэльніка не паддалося раскладу.

На наступны дзень прыкладна апоўначы брат Эліяс Мехрыні, сабрат Шарбэля, маліўся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам пры целе памерлага, якое знаходзілася ў капліцы. Падчас малітвы ён убачыў святло, якое сыходзіла з табэрнакулюма, ахінула цела памерлага, а потым зноў вярнулася да свайго вытоку.

Брат Эліяс ніяк не чакаў, што гэты знак зноў паўторыцца ўжо праз дзень пасля пахавання. Вакол месца пахавання ў ноч пасля пахавальных абрадаў з’явілася вялізнае таямнічае свячэнне, якое ўздымалася і ападала над магілай Шарбэля. Яго бачылі не толькі манахі, але і людзі, якія жылі непадалёк ад кляштара св. Марона.

Кляштар св. Марона ў Ліване. Фота: media-cdn

Гэтая з’ява адбывалася на працягу 45-і дзён. У сведчанні Мілады, удавы Тануса Шады, напісана: «Менавіта з гэтай прычыны была праведзена эксгумацыя цела. Святло з’яўлялася ўвесь час. Я сама бачыла яго тройчы.

Манахі, якім мы пра гэта казалі, не верылі нам. Тады айцец Антоній Мішмішані, абат кляштара, прыйшоў у наш дом і сам убачыў святло».

Жорж Эмануэль, яшчэ адзін жыхар ваколіц Анаі, пацвярджае, што некалькі разоў бачыў вакол могілак «незвычайнае ззянне». «Яго бачылі таксама вяскоўцы, чые дамы знаходзяцца непадалёк ад кляштара», — паведаміў мужчына.

Ужо тады мясцовыя жыхары пачалі казаць пра Шарбэля Маклуфа як пра святога. Невытлумачальная з’ява незвычайнага ззяння прыцягнула ўвагу ўладаў мясцовага Касцёла, якія вырашылі эксгумаваць парэшткі спачылага манаха. Пасля эксгумацыі яны ўбачылі, што цела не паддаецца раскладу. Тады ў Анаю пачалі прыбываць тысячы пілігрымаў.

Рэліквіі св. Шарбэля ў Анаі (Ліван). Фота: Pinterest.com

Яшчэ адной незвычайнай з’явай было тое, што з цела Шарбэля выходзіла алеістая субстанцыя, якая перастала з’яўляцца толькі пасля таго, калі Папа Павел VI беатыфікаваў ліванскага манаха ў 1965 годзе.

На жаль, не захавалася ніякіх фотаздымкаў незвычайнага ззяння, якое з’яўлялася над магілай святога.

Да нашага часу зарэгістравана ўжо больш за 20 тыс. аздараўленняў праз яго заступніцтва, але насамрэч ва ўсім свеце іх адбываецца значна больш.

Штогод да рэліквій святога Шарбэля, якія знаходзяцца ў кляштары ў Анаі, прыбывае больш за чатыры мільёны пілігрымаў.

У Беларусі частка рэліквій святога Шарбэля захоўваецца на алтары касцёла святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) у рэлікварыі ў форме кедра — сімвала Лівана.

Фота: Chyrvony.by

Абноўлена 24.07.2020 11:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця