Пошук

24.06.2020 09:56   Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла / Catholic.by
Езус і Ян Хрысціцель у маленстве. Мастак Барталамэ Эстэбан Мурыльё / Сommons.wikimedia.org

24 чэрвеня, калі Касцёл урачыста адзначае нараджэнне святога Яна Хрысціцеля, прапануем казанне святога Аўгустына, біскупа, з сённяшняй Гадзіны чытанняў, каб глыбей зразумець значэнне сённяшняй урачыстасці.

Голас таго, хто кліча на пустыні

Казанне св. Аўгустына, біскупа
(Sermo 293, 1-3: PL 38, 1327–1328)

Нараджэнне Яна Касцёл адзначае асобным святам. І не адзначаем мы дня народзінаў нікога іншага са святых, а толькі нараджэнне Яна і нараджэнне Хрыста. Гэта мае свой сэнс. Калі нават з прычыны ўзнёсласці таямніцы мы не можам яе цалкам растлумачыць, усё роўна прыгледзімся да яе больш пільна і старанна.

Ян нарадзіўся ад жанчыны няплоднай, якая была ўжо ў састарэлым узросце, а Хрыстус ад маладой дзяўчыны.

Прадказанне нараджэння Яна сустракаецца з бязвер’ем, і яго бацька становіцца нямым. Дзева ж верыць у нараджэнне Хрыста і з вераю прымае Яго ва ўлонне. Вось мы папярэдне сказалі, пра што будзем разважаць і што будзем высвятляць.

Мы сказалі папярэдне, бо нам самім не хапае часу, а таксама ўмення, каб цалкам зразумець гэтую таямніцу. Лепш навучыць вас той, хто прамаўляе да вас без нашага пасрэдніцтва; той, да каго скіраваны вашыя святыя думкі; той, каго вы прынялі ў сваё сэрца, чыёй святыняй вы сталі.

Нараджэнне св. Яна Хрысціцеля. Фрагмент алтара ў касцёле ў св. Мацвея ў Шцітары (Харватыя) / dreamstime.com

Ян нібы з’яўляецца мяжой абодвух Запаветаў — Старога і Новага. Пра тое, што сапраўды з’яўляецца ў нейкай ступені мяжой, сведчыць сам Пан, калі кажа: «Закон і Прарокі былі да Яна» (Лк 16, 16).

Ян уяўляе сабой Стары Запавет і прадказвае Новы. Увасабляе тое, што старое, таму нараджаецца ад людзей у старым узросце. Увасабляе таксама тое, што новае, таму ўстаноўлены быў прарокам ужо ва ўлонні маці. Бо перш, чым нарадзіўся, яшчэ ва ўлонні сваёй маці ўзрадаваўся прыйсцю святой Марыі. Ужо тады быў прызначаны для выканання місіі папярэдніка; вызначаны перш, чым нарадзіўся; паказаны як папярэднік Хрыста, перш чым Хрыстус убачыў яго.

Гэта Божыя справы, якія пераўзыходзяць магчымасці чалавечага розуму.

Урэшце нараджаецца Ян, атрымлівае імя, да бацькі вяртаецца мова. Гэтыя падзеі паказваюць рэчаіснасць.

Захарыя замаўкае і застаецца нямым аж да нараджэння Яна, папярэдніка Пана, і толькі пасля нараджэння да яго вяртаецца мова. Што ж азначае маўчанне Захарыі, калі не таямніцу прароцтваў, якія перад прыйсцем Хрыста былі быццам бы закрытыя і замкнёныя?

Яны адкрываюцца разам з прыйсцем Хрыста; становяцца яўнымі, калі прыходзіць абяцаны. Вяртанне мовы да Захарыі падчас нараджэння Яна адпавядае разарванню заслоны ў святыні падчас смерці Езуса. Калі б Ян прадказваў самога сябе, Захарыя застаўся б нямым. Вяртаецца мова, бо нараджаецца голас. Калі Ян прадказваў Хрыста, спыталіся ў яго: «Хто ты?» (Ян 1, 19), а ён адказаў: «Я голас таго, хто кліча ў пустыні» (Ян 1, 23). Ян з’яўляецца голасам, а Пан – Словам: «На пачатку было Слова» (Ян 1, 1). Ян з’яўляецца голасам на кароткі час; Хрыстус — Словам ад пачатку і навекі.

Абноўлена 24.06.2020 09:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.