Пошук

19.06.2020 08:44   Паводле: А. Яцэк Пазнаньскі SІ / Jezuici.pl / Пераклад і адаптацыя: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by
Выява: Wikimedia Commons

24 чэрвеня Касцёл адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якое польскі езуіт айцец Яцэк Пазнаньскі следам за Айцамі Касцёла параўноўвае з адкрытай на крыжы Кнігай.

Якімі б рознымі ні былі кнігі, з якіх складаецца Святое Пісанне, аднак яно ўтварае адзінае цэлае з прычыны адзінства Божай задумы, а Езус Хрыстус з’яўляецца яе цэнтрам і сэрцам, адкрытым пасля спаўнення Яго Пасхі. (пар. ККК 112)

Езус Хрыстус — цэнтр Бібліі, а цэнтр Асобы Езуса — Яго Сэрца. На гэта звяртае ўвагу ўжо Ян Евангеліст, калі паказвае вяршыню Пасхі Езуса ў моманце прабіцця Яго боку.

Матыў Хрыстовага Сэрца, які на працягу гісторыі Касцёла асэнсоўваўся і развіваўся з дапамогай розных форм выражэння, дапамагаў Касцёлу ўвесь час нанава засяроджвацца на самым істотным пасланні Бібліі: Бог ёсць Любоў.

Выключнасць таямніцы Сэрца Езуса паходзіць з глыбокай укаранёнасці ў біблійным тэксце. Таму Сэрца Езуса займае цэнтральнае месца на вялізных абшарах сімволікі Святога Пісання. Таямніца Сэрца Езуса можа сама па сабе стаць тым пунктам, у якім сыходзяцца ўсе часцінкі Аб’яўлення. Таму і кантэмпляцыя таямніцы Сэрца Езуса — сімвалічнага прадстаўлення любові Бога, — вучыць нас інтэрпрэтаваць Святое Пісанне ў тым духу у якім яно было напісана (пар. Dei Verbum 12).

Сэрца Езуса і Біблія

Выява: Uscatholic.org

Айцы Касцёла ўжо даўно адкрылі шчыльную сувязь Сэрца Езуса з Бібліяй. Арыген, магчыма, першы сфармуляваў важную заўвагу: трэба інтэрпрэтаваць Сэрца Бога як магутнасць Яго розуму і ўладу кіравання Сусветам, а Яго Слова — як пасланца з весткай аб тым, што знаходзіцца ў Яго Сэрцы.

Дзякуючы Арыгену Сэрца і Біблія пачалі суадносіцца адно з адным: слова Бібліі — гэта не што іншае, як аповед аб тым, што крыецца ў Сэрцы Бога.

Гэтую думку развівае святы Аўгустын у сваіх шматлікіх нататках і каментарыях да Псальма 22 (21), праз які ад пачатку хрысціянства традыцыя Касцёла сузірала церпячага Хрыста. Разважанне над вершам з гэтага псальма «Зрабілася сэрца маё быццам воск, расплаўляючыся ў сярэдзіне ўлоння майго (пар. Пс 22 (21), 15)» прывяло Аўгустына да нечаканай высновы: Cor ipsius, Scriptura ipsius — Яго Сэрца ёсць Яго Пісаннем, г.зн. біблійная мудрасць змешчана ў Сэрцы Езуса.

Аўгустын выкарыстоўвае вобраз воску, які плавіцца, і кажа, што ў агні Хрыстовай мукі быў пэўным чынам растоплены воск загадкавасці Бібліі і адкрыліся яе таямніцы.

Таямніца Божага плана

Выява: Livingfaith.in

Аб сімвалічнай тоеснасці Бібліі і Сэрца Езуса Аўгустын кажа ў кантэксце мукі і смерці Езуса, а значыць Пасхальнай таямніцы. Сапраўды, поўны сэнс Божага Аб’яўлення мы можам усвядоміць толькі ў яе святле. Аўгустын добра ведаў гэта, таму разважаючы над Пасхай Пана, засяродзіўся на адной значнай гістарычнай падзеі — прабіцці боку Езуса — і адчуў схаваны ў ёй велізарны патэнцыял сімвалаў. Калі жаўнер прабіў бок Езуса, адкрылася нутро Божых планаў, якія былі ў Сэрцы Месіі.

Адкрываючы бок Езуса, рымлянін сімвалічным чынам адкрыў чалавецтву доступ да таямніц адвечна схаванага Божага плана: плана, утоенага ў Сэрцы Бога.

Сэрца Езуса — гэта таямніца Божых задумаў. Падобным чынам Святое Пісанне ўяўляе сабой другое такое месца.

Божыя планы аб’яўлены чалавеку менавіта праз муку Езуса. Гэтую думку пазней падхопіць святы Тамаш Аквінскі, кажучы, што выраз «Сэрца Езуса» можа тут азначаць Святое Пісанне, якое аб’яўляе Сэрца Хрыста. Гэтае Сэрца да часу Мукі было зачыненым, Пісанне заставалася незразумелым.

Выява: Вlogspot.com

Але Пісанне было адкрыта пасля Мукі, бо тыя, якія разважалі яго пранікліва, адкрылі, як трэба інтэрпрэтаваць прароцтвы. Прабітае Сэрца Езуса — адкрытая кніга, праз якую мы вучымся разумець універсальны план Божай любові да ўсяго чалавецтва.

Такім чынам, услухоўваючыся ў Айцоў Касцёла, знаходзім прабітае Сэрца Езуса — сімвал міласэрнай любові, і адначасова — кнігу Бібліі, адкрытую ўдарам дзіды.

Так кніга Бібліі адчыняецца перад намі, калі мы з адданасцю малітоўна разважаем над ёй. Адсюль чытанне Бібліі можа стаць разважаннем утоенага ў Сэрцы Езуса Божага плану не толькі адносна ўсяго чалавецтва, але таксама адносна кожнага канкрэтнага чалавека.

Паводле святога Аўгустына, хрысіцянін прыходзіць да дасканаласці, калі Яго сэрца — а значыць, Яго Святое Пісанне, у якім месціцца Яго план, — унутры іх [хрысціян], у іх разважаннях, расплаўляецца, нібы воск, г.зн. дзякуючы іх руплівасці разумеецца, абмяркоўваецца і тлумачыцца (Ліст 140, 36).

Малітоўная медытацыя Сэрца Езуса

Выява: Wikimedia Commons

Пашана, якой мы атуляем Сэрца Езуса, пэўным чынам «патрабуе» чытання Бібліі, адкрывання таго, што ёсць зместам і сілай пульсацыі Сэрца Езуса. Езус-Чалавек безумоўна ведаў напамяць доўгія фрагменты юдэйскай Бібліі (калі не ўсю), як кожны пабожны юдэй. Але Ён не толькі памятаў тэкст. Ён быў прасякнуты яе зместам: Божымі намерамі, Божымі планамі — таксама наконт Ягонага ўласнага жыцця як чалавека. Гэтыя планы Ён змясціў у глыбіні свайго чалавечага Сэрца, зрабіў іх сваімі, стаўся ім паслухмяны.

Медытуючы Сэрца Езуса, медытуем Езуса, які ўзрошчвае ў Сэрцы Божае слова і Божыя задумы, якія ёсць у Бібліі.

Біблія мае сэрца, ззяючы цэнтр, з якога Дух дае тым, хто чытае Пісанне з руплівасцю і малітвай, жывое разуменне веры. І гэтым сэрцам з’яўляецца Сэрца Езуса. Такі шлях вядзе да сузірання ўнутранай таямніцы, схаванай за абліччам Хрыста, да жыцця, якое пульсуе ў Яго Сэрцы.

Disce cor Dei in verbis Dei — Пазнай сэрца Бога ў Божых словах — скажа напрыканцы VI ст. Грыгорый Вялікі, заклікаючы да штодзённага разважання над Божым словам. Малітоўная медытацыя Бібліі ў святле Сэрца Езуса ў сучасным свеце, сасмяглым без любові, можа стаць кнігай жыцця для трэцяга тысячагоддзя.

Абноўлена 24.06.2022 00:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця