Пошук

11.06.2020 07:07   Паводле: Кс. Зянон Монька / Niedziela.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Святая Юліяна Карніёнская / i.postimg.cc

У чацвер пасля нядзелі Найсвяцейшай Тройцы ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая традыцыйна называецца Божым Целам.

Варта адзначыць, што найбольш старажытная назва гэтай урачыстасці гучала на лаціне festum Eucharistiæ — «свята Эўхарыстыі».

Божае Цела — гэта выдатная магчымасць для таго, каб асаблівым чынам разважаць над таямніцай Эўхарыстыі і выявіць веру ў сапраўдную, рэальную і сутнасную прысутнасць жывога Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара.

Другі Ватыканскі Сабор у Канстытуцыі пра святую літургію кажа пра яго як пра «сакрамэнт міласэрнасці, знак еднасці, повязь любові, пасхальную гасціну, „на якой спажываецца Хрыстус, на якой душа напаўняецца ласкай і нам даецца задатак будучай славы“» (SC 47).

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Свята Божага Цела з’явілася ў ХІІІ ст. пад уплывам новых плыняў эўхарыстычнай пабожнасці, якія засяроджваліся не на прыманні святой Камуніі, а на ўшанаванні рэальнай прысутнасці Хрыста ў постацях хлеба і віна.

Гэта была рэакцыя на ерэтычныя погляды Берэнгара Турскага, французскага тэолага ХІ ст., ад якіх ён і сам пазней адрокся. Быў час, калі ён лічыў, што пераўтварэнне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста немагчымае, паколькі праслаўленае Цела Хрыста знаходзіцца на нябёсах, а таму не можа адначасова быць таксама і на зямлі, прычым у многіх месцах. Святую Камунію ён разумеў як духоўнае прыманне Хрыста.

Устанаўленню свята Божага Цела паспрыяла законніца, святая Юліяна, аўгустыніянка з абацтва Мон Карніён у Бельгіі.

У 1208 г. яна мела містычнае бачанне: ёй з’явілася поўня з цёмнай плямай. Хрыстус аб’явіў Юліяне, што гэтая цёмная пляма азначае адсутнасць у літургічным календары Касцёла свята ў гонар Эўхарыстыі.

Бачанне святой Юліяне. Мастак Філіп дэ Шампэнь / Wikimedia.org

У 1240 годзе біскуп Льежа Рабэр дэ Турот, на тэрыторыі якога знаходзілася абацтва, выдаў дэкрэт, якім у сваёй дыяцэзіі ўстанавіў такое свята ў другую нядзелю пасля Спаслання Духа Святога.

Пазней яно пачало адзначацца ў чацвер пасля актавы Спаслання Духа Святога.

У 1264 годзе Папа Урбан IV сваёю булаю Transiturus de hoc mundo («Адыходзячы з гэтага свету») устанавіў свята Божага Цела з мэтаю ўшанавання Хрыста, прысутнага ў Эўхарыстыі. Паколькі неўзабаве пасля падпісання дакументу Урбан IV адышоў з гэтага свету, пра дакумент забыліся больш як на паўстагоддзя. Урачыстасць Божага Цела пачалі адзначаць у чацвер пасля нядзелі Найсвяцейшай Тройцы па распараджэнні Папы Яна ХХІІ у 1317 г.

Эўхарыстычная працэсія з чатырма традыцыйнымі алтарамі з’явілася пазней за само свята. Першыя звесткі пра яе паходзяць з Германіі, з Кёльна, і адносяцца да ХIV ст.

Фота Кацярыны Гардзеевай / TUT.BY

Дзеля чаго адбываюцца працэсіі Божага Цела? У працэсіях, падчас якіх святар выносіць Найсвяцейшую Эўхарыстыю з касцёла, што суправаджаецца ўрачыстымі абрадамі і спевамі, хрысціяне даюць публічнае сведчанне сваёй веры і пабожнасці ў адносінах да Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Таму ўжо шмат стагоддзяў католікі ў свята Божага Цела ідуць па вуліцах гарадоў і вёсак, якія ў гэты дзень становяцца адною вялікаю святыняю Бога Жывога.

Гэтая праява супольнага выразу веры ў Бога, прысутнага ў Гостыі, уражвае велічнасцю і хараством: прыгожа аздобленыя алтары, харугвы, абразы, дзеці ў прыгожых строях, якія нядаўна прынялі Першую Камунію. Святар нясе ў манстранцыі Цела Хрыста, перад якім дзяўчынкі сыплюць кветкі і пялёсткі. Людзі ідуць у працэсіі за Хрыстом, сваім адзіным Правадыром, які паказвае шлях з часовага да вечнага жыцця.

Урачыстае святкаванне Божага Цела яшчэ раз нагадвае праўду пра тое, што найпрыгажэйшая і найбольш годная манстранцыя для Хрыста — гэта жывое сэрца чалавека, а найпрыгажэйшая працэсія — гэта набліжэнне да Яго, кульмінацыяй якога становіцца сустрэча са Збаўцам у святой Камуніі.

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Абноўлена 11.06.2020 22:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа