Пошук

04.06.2020 11:09   Паводле: Niedziela.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Выява з адкрытых рэсурсаў

Сёлета гэтае свята, якое адзначаецца пасля заканчэння Велікоднага перыяду і непасрэдна звязанае з Пасхальнай таямніцай Хрыста, прыпадае на 27 мая.

Папа Бэнэдыкт XVI прапанаваў, каб у літургічны каляндар было ўведзена новае свята на ўшанаванне Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара.

Гэта быў адказ Святога Айца на прапановы, з якімі выступіў шэраг епіскапатаў, а перадусім — манаскія інстытуты, у памяць пра Год святарства, які праходзіў у Касцёле з 19 чэрвеня 2009 года да 11 чэрвеня 2010 года.

У галоўнай літургічнай кнізе Касцёла — Рымскім Імшале — быў змешчаны фармуляр ватыўнай Імшы, якую святары часам цэлебруюць у першы чацвер месяца, молячыся аб пакліканнях і дзякуючы Езусу Хрысту за ўстанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі і святарства.

Днём новага свята быў вызначаны чацвер пасля нядзелі Спаслання Духа Святога — акурат за тыдзень да ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, шырока вядомай пад назваю Божага Цела. Аднак Папа Бэнэдыкт XVI не стаў уводзіць свята як абавязковае ва ўсім Касцёле, а даў магчымасць канферэнцыям біскупаў самастойна вызначыць, ці існуе ў іх краінах пастырская патрэба яго ўключэння ў мясцовы літургічны каляндар.

Назва «свята» паказвае на статус літургічнай цэлебрацыі. Найвышэйшы статус у літургічным календары маюць урачыстасці, а дзень, які адзначаецца як свята, мае ніжэйшы статус і не накладае на вернікаў абавязку ўдзелу ў святой Імшы і ўстрымання ад неабавязковай працы.

Новае свята дапоўніла цыкл літургічных святкаванняў, якія адзначаюцца пасля заканчэння Велікоднага перыяду.

Касцёл перажывае пасхальную радасць ад Уваскрасення Хрыста на працягу пяцідзесяці дзён. Таму ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, якая завяршае Велікодны перыяд, называецца таксама Пяцідзесятніцай або Сёмухай (сем тыдняў святкавання Пасхі).

Аднак Касцёл і ў іншыя літургічныя перыяды вяртаецца да Пасхальнай таямніцы Хрыста ў кожную нядзелю, якую называе днём Пана, або «малой Пасхай». У іншых урачыстасцях і святах мы духоўна перажываем розныя аспекты вялікай Божай справы збаўленння, каб глыбей спасцігаць таямніцы нашай веры і дзякаваць за іх Богу. Усе яны так ці інакш звязаныя з Пасхальнай таямніцай Хрыста, успамін якой адбываецца падчас святога Пасхальнага Трыдуума.

Ён распачынаецца ў Вялікі чацвер увечары, калі Касцёл ушаноўвае ўстанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі. Але адразу ж пасля гэтага мы ўспамінаем арышт Хрыста і Яго зняволенне ў цямніцы, распачынаючы перажываць муку і крыжовую смерць Збаўцы на Галгоце. Такім чынам, асобная ўрачыстасць на ўшанаванне Эўхарыстыі адзначаецца пазней, ужо пасля завяршэння святкавання Пасхальнай таямніцы, і ёй прысвечана асобная ўрачыстасць — Божага Цела.

У Вялікую пятніцу Касцёл успамінае, як Езус памірае на крыжы, як дзідаю жаўнер прабівае Яго Сэрца, з якога выцякаюць кроў і вада. Таксама і на ўшанаванне любові Бога, аб’яўленай у Яго прабітым Сэрцы, існуе асобная ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста. Яму прысвечаны і ўвесь месяц чэрвень.

Такім чынам, новае свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, дапаўняе цыкл гэтых літургічных святкаванняў у гонар Збаўцы, якія адбываюцца пасля заканчэння Велікоднага перыяду, і дае магчымасць больш поўна ўшанаваць непрамінальнае святарства Хрыста.

У Вячэрніку Езус Хрыстус устанавіў два сакрамэнты Касцёла — Эўхарыстыі і святарства. Ён аб’яўляе сябе як Найвышэйшы Святар Новага Запавету ва ўсёй Пасхальнай таямніцы, у якой прыносіць самога сябе ў ахвяру ўміласціўлення дзеля адкуплення чалавека. Езус як Святар прыносіць адзіную збаўчую Ахвяру за грахі ўсяго свету.

У Вялікі чацвер, калі Касцёл перажывае гэтую таямніцу, няма магчымасці паўней ушанаваць непрамінальнае святарства Хрыста, у якое ўпісана святарства людзей, якія прымаюць сакрамэнт пасвячэння для таго, каб праз іх Збаўца працягваў выконваць сваё Святарскае служэнне.

Магчымасць глыбей спасцігнуць і ўшанаваць гэтую таямніцу, дзякуючы за яе Богу, дае менавіта свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара.

Абноўлена 24.05.2021 10:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа