Пошук

02.06.2020 19:05   Паводле: Miesiecznikegzorcysta.pl / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by

Hello Kitty — персанаж японскай поп-культуры, котка з чырвоным банцікам, якая ўжо не адно дзесяцігоддзе рэгулярна з'яўляецца ў выглядзе цацак і малюнкаў на самых розных таварах для дзяцей ва ўсім свеце. Ці гэта сапраўды «дэманічны персанаж», як гэта некаторыя сцвярджаюць, ці нясе ён нейкую духоўную пагрозу для дзяцей, дзень абароны якіх мы ўчора адзначалі?

Гэтаму пытанню, якое да гэтага часу ў многіх выклікае занепакоенасць, прысвечаны кампетэнтны матэрыял айца Віта Хландоўскага OFM, змешчаны на сайце штомесячнага часопіса польскіх экзарцыстаў Miesiecznikegzorcysta.pl.

Ілюстрацыйная выява: Pinterest.com

***

Некалькі месяцаў я атрымліваю лісты на электронную пошту з перасцярогамі аб пагрозе, крыніцай якой нібыта з’яўляецца гэты персанаж. Аднак аргументы ў пацвярджэнне гэтага ненадзейныя.

Часцей за ўсё гаворыцца найперш пра тое, што хтосьці (здаецца, з Іспаніі) сцвердзіў, што котка-персанаж была створана бацькам, які быў у роспачы, бо яго дзіця памірала ад раку. Тады, у стане роспачы, ён быццам бы падпісаў дамову з д’яблам, абяцаючы, што ўзамен за жыццё дзіцяці створыць сімвал, які будзе ўшаноўвацца ва ўсім свеце на хвалу д’ябла.

Нават павярхоўная праверка інфармацыі паказвае, што гэтая гісторыя высмактана з пальца.

Гэты персанаж стварыла 28-гадовая японская дызайнер Юко Сіміцу ў 1974 г. Акрамя коткі Hello Kitty, яна стварыла яшчэ шмат іншых папулярных герояў, якія выступаюць у казках і рэкламе.

Яшчэ адзін аргумент, які сведчыць пра нібыта дэманічную абалонку Hello Kitty і часта паўтараецца, — само імя персанажа, якое прадстаўляецца ў форме hell-o-kitty. Праўда, што hell па-англійску азначае «пекла», але сувязь гэтага найпапулярнейшага прывітання hello з пеклам проста смешная. Ідучы далей у такім напрамку разважанняў, трэба было б наогул перастаць вітацца такім чынам, а ва ўсіх фільмах і кнігах, дзе з’яўляецца гэтае слова, бачыць д’ябальскія ўплывы.

Падобны абсурдны «доказ» — звязваць ружовы колер гэтага персанажу з абуджэннем у дзецях сексуальнасці або з «улюбёным» колерам New Age! Калі б так было, хрысціянскія дзеці павінны былі б пазбягаць усіх ружовых цацак. Такі ж «узровень» маюць разважанні на тэму банціка Hello Kitty (нібыта «ключа Ніла»).

Таксама сцвярджаецца, што вядомая блюзнерскімі і вельмі правакацыйнымі выступленнямі Лэдзі Гага неаднаразова выкарыстоўвала падчас сваіх канцэртаў персанаж Hello Kitty.

Гэта праўда, але не сведчыць пра дэманічнасць самой Hello Kitty. Гэтая эпатажная спявачка выкарыстоўвае самыя розныя знакі, змешваючы тыповым для New Age чынам рэлігійныя і дэманічныя элементы з сімваламі сучаснай поп-культуры. Акрамя Hello Kitty, яна выкарыстоўвае, напрыклад, знак крыжа, постаць Маці Божай ці манаскае адзенне. Ці гэта азначае, што ёсць штосьці злое ў самім крыжы, Марыі ці манастве? Як такая прафанацыя сімвалу крыжа ніякім чынам не аслабляе значэння і святасці гэтага знаку для нас, вернікаў, так і выкарыстанне персанажу Hello Kitty Лэдзі Гагай не прыводзіць да таго, што ён становіцца духоўнай пагрозай.

Частае выкарыстанне сімвалу Hello Kitty вынікае з таго, што ён стаў знакам, паўсюдна распазнавальным у масавай культуры і таму камерцыйна прыцягальным. Праўда, яго можна сустрэць і на прадметах, якія не павінны быць у руках дзяцей (напрыклад, зброя) ці якім наогул лепш не быць ні ў чыіх руках (напрыклад, секс-цацкі ці прадметы з вампірскімі і дэманічнымі матывамі). Але гэта не азначае, што сам персанаж Hello Kitty нясе духоўную пагрозу.

Пераважная большасць прадметаў з гэтым сімвалам — звычайныя цацкі і прадметы дзіцячага адзення, якія не ўяўляюць такой пагрозы.

Здаецца, што, хоць пытанне духоўнай пагрозы вельмі важнае, перабольшванне ў гэтым нездаровае і шкоднае. Вышукванне дэманічнага ўплыву там, дзе яго фактычна няма, робіць усю дыскусію пра пагрозы смешнай і можа прывесці да таго, што вернік будзе кіравацца ірацыянальным страхам. Тыповым прыкладам менавіта і з’яўляецца пытанне Hello Kitty. Стыль аргументацыі супраць гэтага персанажу базуецца на страху, а не на фактах, таму ненадзейны, а месцамі абсурдны.

«Бог даў нам не духа боязі, але сілы, любові і разважнасці» (2 Цім 1, 7), таму як вернікі мы не павінны кіравацца страхам. Езус уваскрос і з’яўляецца Панам усяго стварэння. Як збаўленыя Ім і абмытыя Яго каштоўнай Крывёю, мы можам жыць у свабодзе як сыны і дочкі Нябеснага Айца. Таму кіравацца страхам перад дэманічным дзеяннем было б недахопам веры з нашага боку. Трэба сцерагчыся ўплыву злога і мець канкрэтныя веды, каб пазбягаць яго няпраўды і пастак. Але як хрысціяне мы не павінны таксама паддавацца страху ў гэтай сферы. Страх — дрэнны дарадца.

На жаль, я шмат разоў сустракаўся з сітуацыяй, калі з-за пашырэння навін пра такія «пагрозы», як Hello Kitty, людзі пераставалі наогул успрымаць рэальную духоўную небяспеку.

Бачачы такія смешныя аргументы на тэму нібыта дэманічнага ўплыву, яны сцвярджалі, што, напэўна, уся справа дзеяння д’ябла ў свеце перабольшана.

Я ўжо бачыў канферэнцыі, дзе пратэстанцкія пастары называлі сур’ёзнай духоўнай пагрозай такія казкі, як «Кароль Леў» ці «Русалачка». Такім чынам зніжаецца адчувальнасць да сапраўдных духоўных пагрозаў. Таму заахвочваю заўсёды добра правяраць інфармацыю пра ўсялякія «новыя» пагрозы і ацэньваць яе розумам, асветленым верай.

Абноўлена 03.06.2020 00:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.