Набліжаецца 100-годдзе з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ, і біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу нагадвае пра тое, што казаў маладым хрысціянам гэты вялікі сябра моладзі.
Словы святога Яна Паўла ІІ
Дарагія юнакі і дзяўчаты!
<…>
Шлях веры праходзіць праз усё тое, што мы перажываем. Бог дзейнічае ў канкрэтных і асабістых падзеях жыцця кожнага з нас. Праз іх, часам сапраўды таямнічым чынам, Ён паказвае нам Слова, якое «сталася целам», якое пасялілася сярод нас.
Не дазваляйце, каб час, які вам дае Пан Бог, праходзіў так, як быццам усё здараецца выпадкова. Святы Ян сказаў нам, што ўсё сталася ў Хрысце. Таму верце ў Яго моцна. Ён кіруе гісторыяй паасобных людзей і ўсяго чалавецтва.
Несумненна, Хрыстус паважае нашу свабоду, але ва ўсіх радасных і пакутлівых жыццёвых падзеях Ён ніколі не перастае прасіць нас верыць у Яго, у Яго Слова, у рэальнасць Касцёла, у вечнае жыццё!
Таму ніколі не думайце, што вы ў Яго вачах невядомыя людзі, як быццам нумары ананімнага натоўпу. Кожны з вас каштоўны для Хрыста, вядомы Яму асабіста, любімы, нават калі гэтага не ўсведамляе.
З прамовы Папы Яна Паўла II з нагоды 15-а Сусветнага дня моладзі.