Набліжаецца 100-годдзе з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ, і біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу нагадвае пра тое, што казаў маладым хрысціянам гэты вялікі сябра моладзі.
Словы святога Яна Паўла ІІ
Выплыць на глыбіню азначае адкінуць усе негатыўныя прапановы і аддаць усе свае творчыя здольнасці і ўвесь свой энтузіязм на служэнне Хрысту.
Я слухаў аповеды пра ініцыятывы, дзякуючы якім вы збіраецеся разам з усёй дыяцэзіяльнай супольнасцю распачаць складанае, але плённае імкненне да дабра. Я заклікаю вас падтрымліваць сувязь адзін з адным і карыстацца дапамогай дыяцэзіяльнага душпастырства моладзі ў гэтай працы. Я таксама прашу касцёльныя рухі і новыя супольнасці інтэграваць свой досвед у жыццё мясцовага Касцёла і парафіі, робячы свой унёсак у поспех місіянерскай працы, якая заўсёды павінна развівацца і ажыццяўляцца разам.
З дапамогаю дарослых і святароў з вашых супольнасцяў арганізуйце фармацыйныя сустрэчы, прысвечаныя найважнейшым актуальным праблемам.
Падзяляючы жыццё вашых аднагодкаў у месцах вучобы, адпачынку, спорту і культуры, старайцеся несці ім пасланне Евангелля, якое дае свабоду.
Аднаўляйце дзейнасць араторыеў, прыстасоўваючыся да патрабаванняў новага часу, каб яны былі мастамі паміж Касцёлам і вуліцай і прысвяцілі асаблівую ўвагу тым, хто аказаўся на ўзбоччы грамадства і перажывае цяжкія хвіліны, або трапіў у цянёты паталогіі і злачыннасці. У душпастырстве ў навучальных установах і ўніверсітэтах старайцеся ствараць групы навучэнцаў і студэнтаў, а таксама культурныя гурткі, якія стануць арыенцірам для вашых сяброў. Не забывайцеся таксама пра тых, хто перажывае хвіліны цярпення і хваробы: такія сітуацыі асабліва дапамагаюць адшукаць Бога жыцця.
Асноваю для ўсяго гэтага няхай будзе штодзённая і сапраўдная сувязь з Боскім Настаўнікам, гэта значыць малітва, слуханне Божага слова і разважанне над ім, святая Імша, эўхарыстычная адарацыя і сакрамэнт споведзі.
Са звароту Папы Яна Паўла ІІ да рымскай моладзі на плошчы Святога Пятра, 5 красавіка 2001 г.