Пошук

07.03.2020 18:59   Паводле: Bialoruski ruch chrzescijanski XX wieku : slown. biogr.-bibliogr. / Jerzy Garbinski, Jerzy Turonek / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by

Партал Catholic.by распачынае цыкл публікацый, прысвечаных святарам, якія адыгралі значную ролю ў справе евангелізацыі і гісторыі Касцёла на нашых землях. Сёння знаёмімся з выдатным рэлігійным дзеячам ХХ стагоддзя айцом Фабіянам Абрантовічам, марыянінам.

Фабіян Абрантовіч нарадзіўся 14 верасня 1884 года ў Вераскоўшчыне каля Навагрудка. Паходзіў з беларускай мяшчанскай сям’і. Быў сынам Яна і Юліі з Кашыцаў. Скончыў школу ў Навагрудку (1900). Увосень 1902 г. паступіў у духоўную семінарыю ў Пецярбургу. З 1906 па 1910 гг. працягваў вучобу ў духоўнай акадэміі, дзе абараніў магістарскую працу па тэалогіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 9 лістапада 1908 г.

Працаваў катэхетам у Пецярбургу (Імператарскае вучылішча правазнаўства, Імператарскае камерцыйнае вучылішча, Кадэцкі корпус імператара Аляксандра ІІ, Марыінскі і Паўлаўскі інстытуты). З 9 лістапада 1910 г. выкладаў рэлігію ў прыватнай гімназіі пры касцёле св. Кацярыны ў Пецярбургу.

Адзін з яго вучняў праз некалькі гадоў напісаў:

«Яго ўрокі рэлігіі, нядзельныя казанні, рэкалекцыі для вучняў адзначаліся заўсёды самай глыбокай думкай, арыгінальным падыходам, незвычайнасцю і, што найважнейшае, глыбокім перакананнем, якое сведчыла пра яго палкую рэлігійную натуру і гарачую Божую думку. Як гэтыя ўрокі, так і казанні, і прамовы вылучаліся глыбінёй думкі даследчыка і, хоць для іх была характэрная стрыманасць, адзначаліся філасофскім тонам. <…>

Ксёндз Фабіян Абрантовіч уяўляў сабой, як і іншыя выбітныя святары, тып заходняга (кажучы ў самым агульным сэнсе) чалавека і святара. Ён гаварыў прыгожай мовай, ніколі не закранаў нацыянальных тэмаў, годна сведчыў пра сваю прыналежнасць да хрысціянскай цывілізацыі».

У 1912–1914 гг. святар знаходзіўся ў Бельгіі. Ён вывучаў філасофію ў каталіцкім універсітэце ў Лёвэне, пасля заканчэння вучобы абараніў доктарскую працу на тэму інстытуцыяналізму Мікалая Лоскага і тамізму. Вярнуўся ў Пецярбург (які неўзаюаве стаў называцца Петраградам) і 1 верасня 1914 г. быў прызначаны выкладчыкам у духоўную семінарыю. Вёў заняткі па філасофіі, сацыялогіі і спеве. Адначасова спаўняў абавязкі катэхета ў жаночай гімназіі пры Імператарскім жаночым інстытуце і ў 12-й Петраградскай гімназіі.

Партрэт а. Фабіяна Абрантовіча. Мастак Анатоль Крывенка.
У час вучобы ў Пецярбургу ўдзельнічаў у беларускім хрысціянскім і нацыянальным руху. Разам з ксяндзом Люцыянам Хвецькам заснаваў беларускую рэлігійную арганізацыю «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць». Быў таксама адным з арганізатараў і ўдзельнікаў І з’езду беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (24–25 мая 1917 г.), дзе выступіў з рэфератам «Справы асветы». Быў і адным з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху.

У красавіку 1918 г. пераехаў у Мінск, дзе па даручэнні біскупа Зыгмунта Лазінскага арганізаваў духоўную семінарыю і стаў рэктарам. Прамаўляў казанні на беларускай мове ў капліцы Дабрачыннасці (1918–1920). Увесну 1919 г. арганізаваў і праводзіў філасофскія канферэнцыі для мінскай інтэлігенцыі, якія наведваў між іншым знакаміты беларускі паэт Янка Купала. Як філосаф і публіцыст супрацоўнічаў з беларускай і польскай рэлігійнай і свецкай прэсай («Касцёльныя ведамасці», 1913–1914; «Крыніца», 1917–1920; «Хрысціянская думка», 1928–1929; «Віленскі агляд», 1925–1926).

У верасні 1919 г. быў абраны ў Раду Часовага нацыянальнага камітэту. Як член дэлегацыі беларускіх дзеячоў за незалежнасць прыняў удзел у сустрэчы з Юзафам Пілсудскім 19 верасня 1919 г. у Мінску. Працягваў выкладчыцкую дзейнасць у гімназіі і ніжэйшай духоўнай семінарыі ў Навагрудку (1920–1924), а пасля ўтварэння ў 1925 г. Пінскай дыяцэзіі — у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску (1924–1926).

Біскуп Францішак Бучыс з беларускімі святарамі марыянамі Фабіянам Абрантовічам і Андрэем Цікотам. Рым, 1920-я гг. / carkva-gazeta.by
У 1926 г. уступіў у ордэн марыянаў. Першыя манаскія абяцанні прынёс 3 жніўня 1927 г. у марыянскім кляштары ў Друі над Дзвіной. Праз год, 5 мая 1928 г., Святы Пасад прызначыў яго ардынарыем для расіян-католікаў усходняга абраду ў Манджурыі і Кітаі. З лістапада 1928 г. знаходзіўся ў Харбіне, дзе заснаваў Марыянскую ўсходнюю місію і прычыніўся да заснавання Ліцэя св. Мікалая. Там таксама з 1931 г. рэдагаваў і выдаваў на рускай мове філасофска-апалагетычны часопіс «Каталіцкі веснік».

На пачатку сваёй дзейнасці ў Харбіне быў абвінавачаны мясцовай польскай калоніяй і нацыянальнай паліцыяй у краіне між іншым у «русіфікацыі менш свядомых польскіх элементаў», «уцягванні ў манархісцка-расійскія дзеянні польскай калоніі», «фальшывае прадстаўленне ў кітайскім бачанні палякаў як пэўнага гатунку расіян» («Ілюстраваны штодзённы часопіс» № 202, Кракаў 1930). Нагодай была славянская літургія і два казанні на рускай мове, прамоўленыя а. Абрантовічам у мясцовым касцёле св. Станіслава.

У публічнай заяве на старонках выдання «Каталіцкі агляд» (№ 116, Варшава 1930), паказваючы абсурднасць гэтых абвінавачванняў, а. Абрантовіч напісаў:

«Каталіцкі Касцёл не з’яўляецца выключна ані лацінскім, ані грэчаскім, ані славянскім (польскім, рускім), ані якімсьці іншым, а каталіцкім, значыць паўсюдным. Гэта азначае для ўсіх часоў, месцаў, людзей, абрадаў, моваў. Калі б Касцёл такім не быў па волі Хрыста, свайго Заснавальніка, ён не быў бы каталіцкім <…>

Што сапраўды каталіцкае, тое Божае, і нікому не можа пашкодзіць.

Таму меркаванне, што развіццё славянскага абраду ў Харбіне можа негатыўна паўплываць на мясцовую польскую калонію, цалкам памылковае. Так мяркуючы, мы маглі б дайсці да вайны ўсіх супраць усіх. Няхай палякі застаюцца палякамі, любяць свой лацінскі абрад, але таксама няхай не прычыняюцца ніякім чынам да таго, каб тыя, хто не нарадзіўся ў гэтым абрадзе, абавязкова яго прымалі. Мы яшчэ раз павінны зразумець, што каталіцкасць грунтуецца не на абрадзе, не на назве, а на адзінстве веры і кіраўніка.

Што з таго, што праваслаўныя называюцца праваслаўнымі, калі на самай справе яны не такія. У лацінскай святой Імшы католікі лацінскага абраду называюцца праваслаўнымі. Як і што з таго, што католік называецца католікам, калі ён ім не з’яўляецца. Да падзелу кожны праваслаўны быў католікам, а кожны католік — праваслаўным, і да гэтага мы павінны імкнуцца цяпер.

Усё наша няшчасце заключаецца не ў тым, што католікі — занадта католікі, а праваслаўныя — занадта праваслаўныя, а менавіта ў тым, што мы, католікі, з’яўляемся занадта мала католікамі, а яны, праваслаўныя, — занадта мала праваслаўнымі. Інакш кажучы, могуць быць і ёсць праваслаўе неправаслаўнае і каталіцтва некаталіцкае».

Айцец архімандрыт Фабіян Абрантовіч з духавенствам Харбінскага каталіцкага экзархату / sergiusvg.livejournal.com

У 1934 г. айцец Абрантовіч здзейсніў падарожжа ў Рым, дзе зрабіў справаздачу аб дзейнасці Усходняй місіі ў Кітаі. У час знаходжання ў Ватыкане ён атрымаў згоду Пія ХІ на «адкрыццё ў Харбіне марыянскага законнага дома ўсходняга абраду». Летам 1939 г. ён зноў быў у Рыме, беручы ўдзел у генеральным капітуле ордэна марыянаў. У жніўні пабываў у Варшаве, Коўне, Вільні, Друі і Навагрудку.

Пасля распачацця ІІ Сусветнай вайны меў намер накіравацца на Захад. Але на пачатку кастрычніка выехаў у Львоў, дзе наведаў грэка-каталіцкага арцыбіскупа Андрэя Шаптыцкага, арцыбіскупа Юзафа Сліпога і біскупа Міколу Чарнецкага.

Падчас спробы нелегальна перайсці дэмаркацыйную нямецка-савецкую лінію ў вёсцы Ухава 22 кастрычніка 1939 г. быў затрыманы нямецкімі памежнікамі і высланы на савецкі бок, дзе яго арыштавалі за «нелегальны пераход мяжы паміж СССР і Германіяй».

Спачатку Фабіян Абрантовіч знаходзіўся ў вязніцы НКУС у Львове. У час следства зносіў катаванні, яго прыносілі ў камеру збітага, скатаванага.

Фота з вязніцы НКУС / memo.ru

У студзені 1941 г. яго перавезлі ў Маскву і абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасці і шпіёнстве на карысць Ватыкана. 23 верасня 1942 г. быў асуджаны на 10 гадоў лагераў. Павінен быў быць высланы ў адзін з лагераў прымусовай працы ў Карагандзе. Пасля прысуду, аднак, працягваў заставацца ў вязніцы.

Памёр ад катаванняў 2 студзеня 1946 г. у вязніцы на Бутырках у Маскве. Рэабілітаваны 24 снежня 1992 г. Вярхоўным судом Расійскай Федэрацыі.

Фабіян Абрантовіч з’яўляецца аўтарам кніг: «Ньюман і мадэрнізм» (Пецярбург 1909); «Kасцёл і навука» (Пецярбург 1912); «Чалавек. Філасофска-грамадскі нарыс» (Вільня 1929).

Абноўлена 09.03.2020 00:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа