Пошук

02.10.2019 14:32   Паводле: pch24.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: sib-catholic.ru

Хто яны — гэтыя таямнічыя істоты, якіх Касцёл ушаноўвае 2 кастрычніка і якіх мы называем нашымі Анёламі Ахоўнікамі? Мы прыводзім дзесяць фактаў пра іх, якія павінен ведаць кожны католік.

Той, хто ставіць пад сумнеў само існаванне Анёлаў, пярэчыць словам Хрыста з Евангелля паводле святога Мацвея. Вось што пра Анёлаў Ахоўнікаў гаворыць сам Езус:

«Глядзіце, не пагарджайце ніводным з тых малых, бо кажу вам, што Анёлы іхнія ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ў нябёсах»

(Мц 18, 10).

1. Кожны чалавек мае Анёла Ахоўніка

Ілюстрацыйная выява: pinterest.com

Свайго Анёла — нябеснага пасланца, духоўнага апекуна і ахоўніка — мае кожны чалавек незалежна ад таго, з’яўляецца ён хрысціянінам ці не. Пра гэта сведчыць Святое Пісанне і пацвярджае вучэнне святога Тамаша Аквінскага, святога Базыля Вялікага, святога Гераніма і іншых багасловаў.

Нават некаторыя людзі, якія не з’яўляюцца хрысціянамі, сцвярджаюць, што ў сваім жыцці атрымалі цудоўную дапамогу ад свайго Анёла Ахоўніка.

2. Анёлы не маюць цела

Ілюстрацыйная выява: pinterest.com

Анёлы — гэта істоты выключна духоўныя, таму яны не маюць цела. Аднак у выпадку патрэбы Анёлы могуць прымаць выгляд чалавека. Хоць гэта здараецца вельмі рэдка, пра такія выпадкі апавядае Святое Пісанне.

Менавіта з-за адсутнасці ў Анёлаў цела іх зносіны з людзьмі адбываюцца на духоўным узроўні, праз абмен думкамі.

3. Анёл Ахоўнік суправаджае чалавека на працягу ўсяго жыцця

Ілюстрацыйная выява: ru.depositphotos.com

Згодна з веравучэннем Каталіцкага Касцёла, пададзеным у Катэхізісе, кожнага чалавека з самага пачатку яго жыцця і ажно да смерці суправаджаюць сваёю апекаю і заступніцтвам Анёлы. Побач з кожным вернікам у якасці апекуна і ахоўніка знаходзіцца Анёл, які вядзе яго да жыцця вечнага (пар. ККК 336).

У сувязі з гэтым некаторыя багасловы, у тым ліку святы Ансэльм, лічаць, што Анёл пачынае ахоўваць чалавека з моманту з’яднання душы і цела ўжо ва ўлонні маці.

Калі гэта праўда (канчатковага дагматычнага вызначэння на гэтую тэму ў Касцёле няма), можна меркаваць, што цяжарныя жанчыны маюць пры сабе двух Анёлаў Ахоўнікаў — свайго ўласнага, а таксама свайго дзіцяці.

4. У Анёла Ахоўніка ёсць імя, якое ведае толькі Бог

«Драбіна Якуба». Ілюстрацыйная выява: sib-catholic.ru

«Практыку надаваць Божым Анёлам імёны не належыць падтрымліваць за выключэннем выпадкаў Габрыэля, Рафала і Міхала, чые імёны ўзгадваюцца ў Святым Пісанні», — сказана ў Дырэкторыі пра народную пабожнасць і літургію ад 2001 года (п. 217).

Біблійнае абгрунтаванне такога падыходу паходзіць ад таго, што веданне імя дае пэўную ўладу над іншай асобай. Калі я ведаю чыёсьці імя, то магу яго паклікаць, калі мне гэта патрэбна.

Разам з тым чалавек не мае ніякай улады над сваім Анёлам Ахоўнікам, які нясе адказнасць толькі перад адзіным Валадаром — Панам Богам.

Мы можам прасіць дапамогі і падтрымкі свайго нябеснага апекуна, аднак ён не з’яўляецца чароўным выканаўцам пажаданняў і не прызначаны да ўсіх нашых паслуг.

Касцёл асцерагае нас ад таго, каб даваць імя нашым Анёлам Ахоўнікам, бо такім чынам нават у малітве можа з’явіцца штосьці, што не паходзіць ад Бога. Гэта можа быць уплыў злога духа або нашых уласных думак і пачуццяў.

Імёны толькі трох Анёлаў, прыведзеныя вышэй, узгадвае Святое Пісанне. Таму ніякая імя, якое мы прыдумаем самі, не можа лічыцца натхнёным Богам.

5. Анёлы няспынна падтрымліваюць зносіны з Богам

Ілюстрацыйная выява: belnovosti.ru

Нават калі Анёлы апякуюцца людзьмі, яны не перастаюць ушаноўваць Бога, які аб’яўляе ім усё тое, што жадае, каб яны ведалі.

Паколькі анёлы як духоўныя істоты не абмежаваныя прастораю і часам, яны ў любы момант могуць «займацца» рознымі справамі.

Гэта азначае, што яны знаходзяцца побач з намі, не пакідаючы пры гэтым неба і не перастаючы падтрымліваць пастаянныя адносіны з Богам.

6. Няма двух аднолькавых Анёлаў

Ілюстрацыйная выява: wallls.ru

Кожны Анёл — унікальны і так моцна адрозніваецца ад астатніх духоўных істотаў, што можа лічыцца асобным відам.

У сувязі з гэтым ён мае свае ўласныя, вельмі адрозныя ад іншых асабовыя якасці.

7. Анёлы ніколі не сумуюць

Ілюстрацыйная выява: pinterest.com

Зноў жа з-за таго, што Анёлы існуюць па-за нашай часа-прасторай, яны не маюць храналагічнага адчування часу.

Гэта азначае, што яны ніколі не чакаюць і таму не могуць засумаваць, таму што з’яўляюцца часткаю нематэрыяльнага свету.

8. Анёлы прыгажэйшыя, чым мы іх сабе ўяўляем

Ілюстрацыйная выява: ru.depositphotos.com

Анёлы — духоўныя істоты і таму яны больш за людзей падобныя да Бога, які з’яўляецца Духам.

Паколькі Бог — гэта дасканалая Прыгажосць, Анёлы прыгажэйшыя за людзей.

Шмат мастакоў на працягу стагоддзяў спрабавалі перадаць у сваіх творах хараство Анёлаў, аднак ім не ўдалося нават наблізіцца да арыгіналу. Ніхто на свеце ніколі не зможа апісаць і нават уявіць сабе сапраўдную прыгажосць нябесных духаў.

9. Людзі не становяцца Анёламі пасля смерці

Ілюстрацыйная выява: ru.depositphotos.com

Насуперак некаторым памылковым уяўленням, чалавек пасля смерці не можа ператварыцца ў Анёла. Нават забітае ў працэсе аборту ва ўлонні маці дзіця назаўсёды застаецца чалавекам. У момант смерці адбываецца аддзяленне душы ад цела, аднак у канцы часоў яны зноў злучацца.

Паводле вучэння Касцёла, людзі не ператвараюцца ў Анёлаў на час ад моманту смерці да ўваскрашэння целаў.

Усе Анёлы Ахоўнікі і іншыя нябесныя духі былі створаныя на пачатку часу ў адным Божым акце стварэння.

«Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з улоння, Я асвяціў цябе, устанавіў цябе прарокам для народаў» (Ер 1, 5). Гэтыя словы прарока Ераміі сведчаць пра тое, што Бог ад пачатку вызначыў асобныя заданні Анёлам і людзям.

10. Заданне Анёлаў Ахоўнікаў — дапамагаць людзям

Ілюстрацыйная выява: sib-catholic.ru

Катэхізіс апісвае Анёла Ахоўніка як «правадыра», які мае ад Бога заданне нас аберагаць і весці да вечнага жыцця. Яго роля заключаецца ў тым, каб дапамагчы чалавеку дасягнуць Неба.

Таму немагчыма ўявіць сабе паўнавартаснага духоўнага жыцця без малітвы да свайго Анёла Ахоўніка з просьбаю аб дапамозе і падтрымцы на шляху да збаўлення.

У дзень літургічнага ўспаміну Анёлаў Ахоўнікаў варта прыгадаць гэтую простую і такую эфектыўную малітву, а таксама навучыць ёй дзяцей, калі яны яшчэ яе не ведаюць.

Малітва да Анёла Ахоўніка

Анёле Божы, дружа мой,
Ты заўсёды будзь са мной.
Рана, ўвечар і ўначы
Будзь ласкаў мне памагчы
Змагаць духа злога,
Верна служыць Богу.
Душу, цела сцеражы,
Да жыцця вечнага давядзі.
Амэн.

Анёлы. Фрагмент абраза «Сікстынская Мадонна» Рафаэля / it.aleteia.org

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця