Пошук

01.10.2019 17:25   Тэкст: Шымон Жысько / deon.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Фота: Мазаікі з базылікі Маці Божай Ружанцовай у Люрдзе / pelerinages-du-poitou.e-monsite.com / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: catholicexchange.com

Кастрычнік — месяц, асаблівым чынам прысвечаны ў Касцёле малітве Ружанца. Тым, каму цяжка даецца гэтая малітва, дапамогуць парады каталіцккага журналіста і блогера Шымона Жысько.

Ружанец — гэта адна з тых малітваў, якія прыносяць мне найбольшы плён, але пры гэтым даюцца найцяжэй. Мне цяжка ўхапіць сутнасць Ружанца. Каб над ім разважаць і яго перажываць, трэба скінуць хуткасць.

Калі маё жыццё бяжыць хутка, я сам сябе прыспешваю і заўсёды адстаю, кленчу і… нічога не адбываецца.

Я пачынаю штосьці мармытаць сабе пад нос, потым пераходжу да малітвы ў думках, губляю словы, засяроджваюся на форме, адчуваю разгубленасць і ў рэшце рэшт заканчваю без разважання. Гэта знеахвочвае.

Часам бывае немагчыма супакоіцца, калі ўсярэдзіне віруе столькі эмоцый і перажыванняў цэлага дня. Аднак я не адступаю, і нават калі бывае цяжка, шукаю дарогу, па якой сёння пайду.

Ілюстрацыйная выява: shutterstock.com

Я заўважыў, што ў мяне няма адной дарогі малітвы на ўсе выпадкі жыцця. Касцёл прапануе нам шмат малітоўных формаў, можна таксама маліцца сваімі словамі, таму выбар заўсёды ёсць. Я не лічу, што гэта штосьці дрэннае. Пра любоў можна казаць па-рознаму.

Адна з дарог, калі я адначасова адчуваю знеахвочанасць і патрэбу ў малітве, заключаецца ў выбары таямніц, якія кранаюць за душу.

Кожны чалавек па-свойму ўспрымае і адчувае прысутнасць Бога. Калі ў мяне няма сілы, я стараюся прыслухоўвацца да свайго сэрца.

Я маю пяць улюбёных таямніц. Яны заўсёды становяцца для мяне адкрыццём і кранаюць асабіста. Яны таксама нязменна дапамагаюць усвядоміць, што цяпер адбываецца ў маёй душы.

Малітва ў Аліўным садзе

Гэта таямніца самотнасці і адчування пакінутасці. Гэта вялікая таямніца даверу, калі я губляю яго ў адносінах да людзей і знаходжу ў адносінах да Бога. Гэта гісторыя, якая вучыць, што я ніколі не бываю адзін.

Я заўсёды знаходжуся ў прысутнасці Айца і ў дадатак да гэтага адчуваю, што ў змрочныя моманты дзесьці ў сваім доме таксама не спіць Марыя.

Яна глядзіць на поўню і чувае разам са мною. Любячая Маці, якая заўсёды сэрцам адчувае боль свайго дзіцяці.

Гэта да таго ж таямніца згоды прыняць самога сябе і сваё пакліканне. У поўных страху словах найвыразней чуваць: «Будзь воля Твая».

Адведзіны святой Альжбеты

Гэта гісторыя вялікай радасці і незвычайнай сустрэчы. Гэта падзея, у якой зліваюцца ў адзін хваласпеў песня Марыя «Велічае душа Мая Пана» і песня святара Захарыі «Благаслаўлёны Пан Бог Ізраэля». Гэтыя два вялікія гімны абвяшчаюць збаўленне і хвалу Бога.

Розныя пакліканні, розныя дарогі, але адзін кірунак.

Бог да канца змагаецца за нас, за нашае пакліканне. Тое, што ў вачах людзей здаецца неразумным, з’яўляецца мудрасцю ў вачах Бога.

Ахвяраванне ў святыні

У гэтай таямніцы гучыць яшчэ адзін голас у спеве хвалы Богу. Гэта голас цяжкай для прыняцця праўды, голас праведніка, голас даверу.

Гэта асабістая сустрэча са святым Сымонам — чалавекам, які адкінуў страх і разважлівасць для таго, каб пазнаць больш.

Ён не памёр, таму што даверыў сваё жыццё Святому Духу. Ён жыў пазнаннем Бога, зрабіў гэта мэтаю свайго жыцця і знайшоў у гэтым сваё пакліканне. Ён не лічыў гады, якія міналі, не выпрабоўваў Бога. Ён сам аддаўся на выпрабаванне і атрымаў ласку пазнаць Месію ў маленькім Дзіцяці, як у крышынцы Хлеба.

Благаслаўлёны той, хто не бачыў цудаў, але паверыў. Святы Сымон — духоўны апякун тых, хто сумняецца ў рэальнай прысутнасці Езуса ў Эўхарыстыі. Ён заступнік тых, хто не баіцца жыць натхненнямі Духа Святога.

Устанаўленне Эўхарыстыі

Апошняя Вячэра. Мазаіка а. Марка Рупніка SI. Фота: veritasbooksonline.com

Найбольшая Таямніца Касцёла, найпрыгажэйшая, самая натхняльная. Гэта спаўненне кожнага слова, здзяйсненне ўсіх благаслаўленняў, выкананне ўсіх абяцанняў. Увасабленне Божай Любові і Мудрасці ў самым простым і безабаронным знаку, які толькі можна сабе ўявіць.

Звычайны хлеб становіцца хлебам жывым. Гэта — пачатак Касцёла і ўсіх сакрамэнтаў.

Новы Запавет з новым выбраным народам. Замяшаная на вадзе, выпечаная ў вагні Веліч Бога і Чалавека.

Гэта таямніца чыстай любові, вернасці і прысутнасці ажно да сканчэння свету, навекі. Калі б я мог хоць на момант стаць такім, як Ён у гэтым Хлебе!

Спасланне Духа Святога

Даўца жыцця, суцяшэння і ўсіх дароў аб’яўляецца ў Касцёле.

Для кожнага сакрамэнту неабходныя матэрыя і форма. Перад Ім мы — матэрыя; тое, што Ён асвячае. Чалавек у прысутнасці Бога сам становіцца сакрамэнтам.

З гэтага моманту мы атрымліваем не толькі пакліканне, але і здольнасць яго рэалізаваць.

Я ўжо ніколі не стану перад Богам са словамі: «Такі ўжо гэты свет, я нічога не магу зрабіць». Мы атрымліваем заданне, а да яго — сілы і магчымасць яго выканаць. Ён прысутнічае ва ўсім. Ён — моц свайго народа, яго песня.

Вяселле ў Кане. Мазаіка а. Марка Рупніка SI. Фота: pinterest.es

Калі чалавек любіць, то кожны яго ўчынак становіцца сакрамэнтам.

Мы любім дзякуючы Яму і ўсе з’яўляемся носьбітамі Любові.

Гэта — таямніцы, таму што мы самі ад іх хаваемся. Калі мне цяжка, я станаўлюся падобным да прысаромленага Адама, які не можа размаўляць з Богам. Тады я хапаюся за ружанец і з апошніх сіл прысвячаю некалькі хвілін пасля таго, як прачнуся, падчас працы, адпачынку, у адзіноце Езусу праз рукі Марыі. Я выходжу са сваёй таямніцы, каб атрымаць таямніцу.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця