Пошук

06.09.2019 15:12   Паводле: А. Войцех Жмудзінскі SI / Deon.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: depositphotos.com

Калі робіцца нейкае зло, якога мы не можам спыніць, мы пратэстуем, заклікаем людзей і Бога, а ў хвіліны бяссілля сціскаем кулакі і з надзеяй чакаем, што «загалосяць камяні», або пачынаем крычаць і не кантралюем сваіх словаў. Можа, лепш было б прамаўчаць?..

Духоўнымі парадамі на гэтую тэму дзеліцца айцец Войцех Жмудзінскі, езуіт, які шмат гадоў працаваў у сферы адукацыі.

Маўчанне бывае добрым і дрэнным. Часам гэта праява высакародных паводзінаў, а часам — баязлівасці. Маўчанне бывае красамоўным і апраўданым, а бывае проста імкненнем «схаваць галаву ў пясок» або выразам скрытай агрэсіі.

Як лічыць бібліст кс. Станіслаў Янкоўскі, салезіянін, у кожным дыялогу «маўчанне выконвае тры асноўныя функцыі ў межах чалавечай мовы: стварае прастору для слова суразмоўцы, дае магчымасць пачуць яго слова і, нарэшце, дапамагае падумаць над пачутым словам».

Сапраўды, маўчанне мае каштоўнасць, калі стварае прастору для дыялогу і дае магчымасць пачуць і ўспрыняць выказанае. Аднак не заўсёды ўдаецца стрымліваць эмоцыі.

Цэнзура і самацэнзура

Маўчанне можа быць наступствам навязанай нам кімсьці цэнзуры або самацэнзуры, якую мы самі на сябе накладаем, баючыся адмоўных наступстваў, выкліканых нашымі словамі.

Цэнзура з’яўляецца неад’емнай уласцівасцю таталітарных сістэм. У такім выпадку маўчанне заўсёды дрэннае, паколькі яно вымушанае.

Ілюстрацыйнае фота: komiinform.ru

А самацэнзура, наадварот, можа быць прыкладам добрага маўчання, калі чалавек устрымліваецца ад выказванняў з-за таго, што гэта можа кагосьці абразіць або пакрыўдзіць.

У такім выпадку маўчанне — золата, як кажа псальміст: «Буду зважаць на шляхі мае, каб не зграшыць языком; утаймую вусны мае, пакуль я ў прысутнасці бязбожных» (пар. Пс 38 (39), 2), бо бязбожнага і грэшнага чалавека таксама трэба паважаць.

Калі многія фальшыва абвінавачвалі Езуса, першасвятар запытаўся ў Яго, што Ён можа сказаць у сваю абарону. З Евангелля паводле Марка мы ведаем, што Езус у адказ толькі маўчаў (гл. Мк 14, 60–61), таму што Ягоныя словы маглі б стаць прычынай вялікіх праблем для абвінаваўцаў, бо за фальшывае сведчанне супраць кагосьці несумленнага абвінаваўцу чакала такое самае пакаранне, як і абвінавачанага.

Хрыстус перад Пілатам. Мастак Дучо дзі Буонінсэнья. Выява: pinterest.com

Аднак калі маўчанне становіцца вынікам самацэнзуры, выкліканай страхам адмоўных наступстваў для сябе, то ў такім маўчанні няма нічога высакароднага.

Чалавек выбірае лепш змаўчаць, чым штосьці страціць: становішча, сяброў, кар’ерны рост, ці проста баіцца, што да яго не прыслухаюцца. Такое маўчанне раней ці пазней прывядзе чалавека да самотнасці. У яго жыцці настане час, калі ён апынецца ў сітуацыі хворага ля купальні Бэтэзда.

«Езус, убачыўшы яго ляжачым і пазнаўшы, што ён хварэе ўжо доўгі час, сказаў яму: „Хочаш стаць здаровым?“ Хворы адказаў Яму: „Пане, я не маю чалавека, які апусціў бы мяне ў купальню“…» (Ян 5, 6–7а).

Ад чалавека, які замоўчвае ўсе нязручныя моманты, адварочваецца нават сабака, якому становіцца сорамна за баязлівасць свайго гаспадара.

Добрае маўчанне — гэта своеасаблівае самавырачэнне, каб хтосьці іншы мог выказацца без абмежаванняў; каб адчуваў, што знаходзіцца ў бяспецы, і ведаў, што яму з майго боку нічога не пагражае, нават калі я маю іншае меркаванне. Я не буду крычаць, кпіць з яго, не стану яму помсціць і чытаць натацыі. А калі ён пажадае, я яму ахвотна выкажу, што сам думаю на гэты конт. Калі толькі ён пажадае і сам пра гэта спытаецца.

Ілюстрацыйнае фота: depositphotos.com

Не крытыкуй чалавека, якога не любіш

А што ж наконт таго, каб вучыць тых, хто не ведае або памыляецца? Ці нам таксама трэба маўчаць, калі хтосьці сваімі словамі раніць або нядобра паступае?

Найлепшы спосаб зрабіць заўвагу меў пэўны езуіт, рэктар калегіюма ў Рыме. На сустрэчы са студэнтамі ён сказаў: «Я дзякую ўсім, хто пунктуальна прыходзіць на сустрэчы; дзякую тым, хто пакідае пасля сябе парадак у аўдыторыях; дзякую таксама тым, хто карыстаецца ёршыкам у прыбіральні…» і т.п. Пасля ж ён дадаў: «Я таксама дзякую тым, хто так не робіць, але цяпер мае намер звярнуць на гэта больш увагі».

У ягоных словах не было ніякага сарказму, а толькі адчувалася праява добразычлівага клопату пра агульнае дабро ў супольным жыцці.

У аўдыторыі ўсе змоўклі. Гэта было вельмі добрае маўчанне: асабістае разважанне з невялікім пачуццём сораму і заклапочанасцю, а таксама з вялікім здзіўленнем педагагічнымі здольнасцямі айца рэктара. Яму ўжо больш ніколі не давялося да гэтага вяртацца.

Ілюстрацыйнае фота: depositphotos.com

У дванаццатым раздзеле Другой кнігі Самуэля (Другая кніга Валадарстваў у славянскай Бібліі) знаходзіцца цудоўная інструкцыя адносна таго, як трэба настаўляць грэшнікаў. Прарок Натан, якога моцна паважаў кароль Давід, распавядае яму пра ганебны ўчынак нейкага чалавека. Калі кароль, глыбока ўзрушаны відавочнай несправядлівасцю, абураецца паводзінамі такога чалавека, чуе ў адказ словы прарока: «Ты той чалавек!» (пар. 2 Сам 12, 1–7).

Давід, поўны жалю, у посце і малітве лежачы на зямлі, моліцца словамі пакутнага псальму:

«Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй <…> Бо я ведаю беззаконні мае, і грэх мой заўжды перада мною (Пс 51 (50), 3a. 5).

Прарок Натан быў сябрам Давіда і любіў яго. Крытыкаваць чалавека, якога лічыш ворагам і не любіш, будзе не па-біблейску і не дасць добрага выніку.

Разважаючы над Святым Пісаннем, я задаю сабе адно пытанне: ці я павінен маўчаць, бачачы зло і несправядлівасць, калі ў мяне не атрымліваецца любіць грэшніка і размаўляць з ім так, як прарок Натан або мой былы рэктар калегіюма ў Рыме?

Для мяне гэта не рытарычнае пытанне, і я разлічваю на тое, што для чытачоў яно таксама не будзе такім. Гаварыць ці маўчаць?

Ілюстрацыйная выява: mordovmedia.ru

Абноўлена 06.09.2019 15:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа