Пошук

30.08.2019 16:52   Паводле: Шыман Хіжыцкі OSB / deon.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: flickr.com

«Гэта дзіўна: можа, мы лічылі, што найбольш дэманічнымі з’яўляюцца нянавісць або распуста, але не гнеў. Эвагрый кажа, што чалавек, які паддаецца дэману гневу, становіцца падобным да таго, хто жадае бачыць, але сам выкалвае сабе вочы жалезным шылам», — піша польскі манах Шыман Хіжыцкі OSB.

Першыя тры дэманы — абжорства, нячыстасць і прагавітасць — паказваюць свет і іншых людзей, а таксама рэчы матэрыяльныя і часам нават духоўныя як тое, што павінна наталіць нашую прагу тут і цяпер, а гэта значыць, зводзяць усё стварэнне, а здараецца, нават і Бога, да чыста спажывецкіх патрэбаў.

Чалавек, які глядзіць на рэчаіснасць праз прызму гэтых трох злых думак, эгаістычна падыходзіць да свету: я маю на гэта права!

У прынцыпе, такое бачанне не пазбаўлена аптымізму, паколькі чалавеку здаецца, што магчыма наталіць гэтыя нездаровыя прагненні. Аднак у пэўны момант чалавек, апанаваны дэманам прагавітасці, пераконваецца ў тым, што ўсё, чаго яму так хочацца, недасяжнае.

Сем смяротных грахоў: гнеў. Мастак Геранім Босх / wikipedia.org

Па-першае, ён не можа гэтага атрымаць, а па-другое, праглынуўшы адну рэч, ён адразу ж пачынае жадаць наступнай.  Дрэнныя думкі становяцца падобнымі да ракавай пухліны, якая ў ім разрастаецца і даводзіць яго, як кажа Эвагрый, ажно да межаў непрытомнасці, да поўнай немагчымасці валодаць сабою.

Менавіта ў гэты момант дэман прагавітасці аддае нас у лапы дэмана гневу.

У чалавеку пачынае расці непрыязнасць да іншых людзей за тое, што яны не жадаюць яму падпарадкоўвацца; злосць на ўвесь свет, у якім жыве, за тое, што гэты свет не такі, якім, паводле яго, павінен быць; расце злосць на Бога за тое, што Ён не дае таго, чаго чалавеку хочацца; з’яўляецца злосць на самога сябе за тое, што не атрымліваецца жыць у сваё задавальненне.

Ілюстрацыйнае фота: flickr.com

Эвагрый Пантыйскі піша, што сярод усіх злых думак менавіта думка гневу найбольш робіць чалавека падобным да дэмана.

Гэта дзіўна: можа, мы лічылі, што найбольш дэманічнымі з’яўляюцца нянавісць або распуста, але не гнеў. Эвагрый кажа, што чалавек, які паддаецца дэману гневу, становіцца падобным да таго, хто жадае бачыць, але сам выколвае сабе вочы жалезным шылам.

Гэтая злая думка асляпляе, не дае аб’ектыўна ацэньваць рэчаіснасць і штурхае чалавека на самыя неразумныя паводзіны, якія павінны дапамагчы здабыць тое, чаго чалавек больш за ўсё жадае, або знішчыць тое, чаго не атрымліваецца здабыць.

Ілюстрацыйнае фота: flickr.com

Паводле «філосафа пустыні», як называюць Эвагрыя, людзі, якія дзейнічаюць пад уплывам гневу, нагадваюць п’яных ад віна, але ад віна дэманаў.

Гэта такое ап’яненне, якое вядзе да непрытомнасці, да знішчэння, і нарэшце, да падзення ў самую апраметную пекла.

Цяпер важна ўнесці важнае ўдакладненне. У шырокім разуменні гнеў перадусім асацыюецца са «злаваннем на кагосьці», або з раздражненнем. Аднак гэта больш глыбокая праблема.

Гнеў — гэта не проста эмацыйны стан: калі хтосьці злуецца на дзіця за тое, што яно дрэнна сябе паводзіць, гэта не з’яўляецца гневам, пра які кажа Эвагрый.

Ілюстрацыйная выява: sbpmg.org.br

Паддацца думцы гневу — гэта значыць свядома ўзрошчваць у сабе жаданне помсты за нанесеную нам крыўду, нежаданне мірыцца з тым, хто нас пакрыўдзіў, няспынна прыгадваць спазнанае ад іншых людзей зло. З гневам спалучана пагарда да іншых і нежаданне штосьці рабіць для іншага чалавека.

Абноўлена 31.08.2019 13:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.